Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Беларускія палякі паказваюць, як трэба змагацца за свае нацыянальныя правы”


Russia -- Stationary phone set . Moscow - 23mar2007
Russia -- Stationary phone set . Moscow - 23mar2007

Перасьлед актывістаў неафіцыйнага Саюзу палякаў у Беларусі, юбілей Рыгора Барадуліна, а таксама іншыя тэмы — у сёньняшніх тэлефанаваньнях на “Свабоду”.

Лідэр не прызнаванага беларускімі ўладамі Саюзу палякаў Анжаліка Борыс і лідэр руху “За свабоду” Аляксандар Мілінкевіч правядуць шэраг сустрэчаў у Эўрапарлямэнце і ў Эўракамісіі ў Брусэлі. Падчас іх будзе абмяркоўвацца сытуацыя ў Беларусі, у тым ліку канфлікт вакол польскай меншасьці. Камэнтары слухачоў:

Юстыновіч, Менск: “Мушу выказаць свае разважаньні наконт апошніх падзеяў вакол Саюзу палякаў на чале з Анжалікай Борыс. Я думаю, што Бог невыпадкова дапусьціў чарговы перасьлед уладамі гэтай незалежнай арганізацыі беларускіх палякаў, якія сьведчылі раней і сёньня сьведчаць сьвету і перадусім нам, беларусам, тытульнай нацыі краіны, як трэба годна і прынцыпова змагацца за свае нацыянальныя правы”.

Спадар: “Шчыра дзякуем за абарону нацыянальных меншасьцяў у Рэспубліцы Беларусь Ісусу Хрысту, прэзыдэнту Польшчы Леху Качыньскаму, прэм’еру і ўладам Польшчы, Францыі, Брусэлю, Эўропе. Няхай Бог будзе нам Збаўцам”.

Спадар: “Качыньскі і Анжаліка Борыс слушна робяць: яны вольны саюз беларусаў і палякаў бароняць. Беларуская ўлада павінна дапамагаць, пашыраць саюз беларусаў і палякаў. Але ад яе дапамогі ніякай, ці кот наплакаў”.

Спадарыня: “Польская тэма вельмі зацягнулася і зацягнула ўсіх вельмі далёка. Дзьве групы, відаць, атрымліваюць неаднолькавую падтрымку з Польшчы. У краіне ж яны знаходзяцца ў аднолькавых умовах, яны грамадзяне РБ і карыстаюцца ўсім тым, што маем і мы, беларусы. А афіцыйны Менск проста назірае за тым, як яны сябе паводзяць, чым скончыцца справа”.

Выказваньне камэнтуе кіраўнік праваабарончага цэнтру “Вясна” Алесь Бяляцкі:

Алесь Бяляцкі
“Дазвольце не пагадзіцца з вамі, шаноўная спадарыня, што дзяржава аднолькава адносіцца да польскай меншасьці — хаця б таму, што адзін з Саюзаў палякаў зарэгістраваны, а іншы — не. Дзяржава намагаецца кантраляваць грамадзкія арганізацыі, а калі гэтага не атрымоўваецца, то дзяржава выціскае такую незалежную арганізацыю з грамадзкага жыцьця. Канечне, мы канстатуем, што антынацыянальная палітыка ўладаў тычыцца ня толькі польскай меншасьці ў Беларусі, а найперш саміх беларусаў”.

24 лютага спаўняецца 75 год народнаму паэту Беларусі Рыгору Барадуліну. Тэлефанаваньне слухача “Свабоды”:

Мікола Шаравар, Салігорск: “Паважаныя суайчыньнікі, 24 лютага спаўняецца 75 гадоў з дня народзінаў народнага паэта Беларусі Рыгора Іванавіча Барадуліна, які нарадзіўся ў вёсцы Верасоўка (цяпер вёска Гарадок) на Ўшаччыне. Менавіта ад назвы гэтай вёскі паходзіць і назва рэдакцыйна-выдавецкай установы “Верасьнянка”, якую заснавала Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны. Таксама нараджэньне моладзевага часопіса “Верасень”, якому паэт нагадаў чароўнага жыцьця, а маладым — “піць зь неба поўнай квартай”. Гэтай падзеі я прысьвяціў трыптых санэтаў “Сьвет асьветніцтва”, першы зь якіх, “Дух Верасоўкі”, прысьвечаны Рыгору Іванавічу. Зычым Рыгору Іванавічу добрага здароўя”.

Працягваем праграму яшчэ адным тэлефанаваньнем:

Спадарыня Валянціна, Бабруйск: “Я з вамі хачу падзяліцца вось такой інфармацыяй. У нашым Бабруйску інтэнсіўнымі тэмпамі пачалося будаўніцтва агромністага супэрмаркета “Залатая карона” — плошча толькі гандлёвае залі больш за 4600 мэтраў квадратных. Калі невялікая прыбудова да радзільні ў нашым горадзе гадамі будуецца, то “Залатая карона” за год будзе ўзьведзеная. А каб пакупнікі былі ў ёй, пачалі побач будаваць дамы. Кажуць, што гэты гігант будоўлі будуецца для сям’і прэзыдэнта”.

Нагадаю, што тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для смс-паведамленьняў: +375 29 391-22-24. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG