Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Хаця я лукашыст, аднак я ўсё больш і больш станаўлюся на бок апазыцыі”


Russia -- Stationary phone set . Moscow - 23mar2007
Russia -- Stationary phone set . Moscow - 23mar2007

Слухачоў «Свабоды» хвалюе тэма выбараў у мясцовыя Саветы, яны абмяркоўваюць папраўкі ў Выбарчы кодэкс, цікавяцца праграмамі патэнцыйных кандыдатаў, адгукаюцца на ўчынак Сяргея Каваленкі, які вывесіў нацыянальны сьцяг у цэнтры Віцебску, абураюцца ўмовамі ўтрыманьня ў Віцебскім сьледчым ізалятары.

Пачнем праграму з тэлефанаваньняў на тэму выбараў:

«Ярмошына і Лазавік безупынна пераконваюць нас, беларусаў, што выбарчае заканадаўства дэмакратызавана ў найлепшым выглядзе. Датэрміновае пяцідзённае галасаваньне пакінута. Пацьверджаньнем «справядлівых» выбараў зьяўляецца тое, што такія аўтарытэтныя, паважаныя людзі, як Зінаіда Бандарэнка, Вольга Абрамава, Людміла Гразнова не былі абраны. Які цынізм прапагандуеце, спадары «рукамі-вадзіцелі?»

Спадар: «Я хацеў бы хоць раз пабачыць па тэлевізіі, чым займаюцца на паседжаньнях нашы дэпутаты, бо ёсьць магчымасьць ня толькі цэнтральную палату паказаць, але і па рэгіёнах. Бо абяцаюць яны добра, пакуль іх ня выбралі, а потым забываюцца на справаздачу. Ну, і празь нейкі час яны забываюць, што яны абраньнікі народа. Тое самае атрымліваецца зараз: усе ірвуцца да ўлады, і апазыцыя, і пазыцыя, а якая ў апазыцыі праграма — нам невядома. Хацелася б даведацца, якая ў іх праграма і што яны абяцаюць народу. А купляць ката ў мяшку даволі небясьпечна».

Званок слухача камэнтуе старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька:

Анатоль Лябедзька
«Насамрэч гэта не праблема адной асобы альбо аднаго рэгіёна — як атрымаць інфармацыю, якая дазволіць выбаршчыку зрабіць сьвядомы выбар. Менавіта таму мы настойваем у першую чаргу на правядзеньні свабодных выбараў. Свабодныя выбары азначаюць, што ёсьць доступ да патэнцыйных кандыдатаў у дэпутаты і іх праграмаў. Свабодныя выбары — гэта залежыць не ад апазыцыі ў любой краіне, у тым ліку і ў Беларусі. Гэта залежыць ад улады, якая пагаджаецца ці не пагаджаецца на пэўныя правілы гульні. У нас улада не пагаджаецца. У нас не выбіраюць дэпутатаў праз свабодныя выбары, а прызначаюць. І таму прызначаныя туляцца да ног тых, хто іх прызначыў, а не да тых, кім зьяўляецца патэнцыйны выбаршчык. Таму давайце разам змагацца за свабодныя выбары, а вы пачуеце пра ўсе праграмы, адказы на ўсе пытаньні».

Працягваем праграму «Званкі на Свабоду». А зараз прапануем вам паслухаць тэлефанаваньне слухача, які сам сябе называе «лукашыстам»:


Спадар Ігар Пасноў: «Вітаю вас! У нас вось на Віцебшчыне нядаўна павесілі беларускі сьцяг проста на елку. Я нізка кланяюся перад гэтымі героямі, што б ні казалі нашы апанэнты. Хаця я лукашыст, аднак, назіраючы ўчынкі нашага губэрнатара, які паводзіць сябе не як гаспадар, а як акупант, я ўсё больш і больш станаўлюся на бок апазыцыі».

І яшчэ адно тэлефанаваньне — водгук на перадачу з удзелам Сяргея Каваленкі, які распавядаў пра ўмовы ўтрыманьня ў Віцебскім СІЗА:

Спадар Зіноўеў: «Я згодны са спадаром Каваленкам, што ўмовы адседкі ў Віцебску адмыслова жывёльныя робяць. І ў Лёзна таксама. На просьбу „выведзіце ў туалет“ я атрымаў адказ: „Там вядро ў камэры“. А ў туалет выводзяць толькі раніцай. І беларускі рэжым гэта адмыслова робіць, каб ніякі Мірон не зьявіўся».

Пра ўмовы ўтрыманьня ў Віцебскім ізалятары часовага ўтрыманьня распавядае актывіст КХП-БНФ Ян Таўпыга, які накіраваў не адну скаргу начальніку СІЗА і ў пракуратуру:

«Менавіта нас, палітычных, кідаюць звычайна ў камэры, дзе наагул нялюдзкія ўмовы. Ні вакна няма, ні вэнтыляцыі, санвузел наагул не працуе, памяшканьне наагул не праветрываецца. Больш таго, нас не выводзілі на прагулку. Запатрабавалі мы, каб нас азнаёмілі з правіламі ўтрыманьня. Мы даведаліся потым ужо, калі пачалі пісаць скаргі, што два разы на дзень нас павінны выводзіць на сьвежае паветра, павінен быць душ раз на тыдзень, два разы — прыборы для галеньня. Калі пачалі пагражаць, што будзем скардзіцца ў розныя міжнародныя інстанцыі, тады ўжо нейкі пачаўся рух. Шмат скаргаў, зваротаў было на нялюдзкія ўмовы ўтрыманьня ў Віцебскім ізалятары часовага ўтрыманьня».

Але нічога не мяняецца, як сьведчыць тэлефанаваньне нашага слухача спадара Зіноўева.

І завершым праграму тэлефанаваньнем сталага слухача «Свабоды» з Барысава:


Спадар Курневіч, Барысаў: «Навошта стаўленікаў народа выбіраць, калі можна народам пугай кіраваць? Ярмошына, як тая машына, паслухмяная прэзыдэнту, і покуль яшчэ ім ня зношаная. Куды ён руль паверне, туды машына і папрэ. Выбаркамы пяюць трэлі, як яны дэпутатаў выбіраюць. А ўлада робіць сваю справу, і дэпутатаў прызначаюць, як было ў сталінскія часы, калі правіла краінай нагайка, вузда і стрэмя».

Тэлефон «Свабоды» ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для смс-паведамленьняў: +375 29 391-22-24. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG