Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Мы баімся ўласнага ценю”


Russia -- Stationary phone set . Moscow - 23mar2007

Russia -- Stationary phone set . Moscow - 23mar2007

Выбары дэпутатаў мясцовых саветаў, вынікі перапісу насельніцтва краіны, ацэнка дейнасьці уладаў Беларусі, а таксама іншыя тэмы — у сёньняшніх тэлефанаваньнях на “Свабоду”.

У Беларусі працягваецца падрыхтоўка да выбараў дэпутатаў мясцовых саветаў, якія павінны адбыцца 25 красавіка. Ад сёньня пачалося фармаваньне тэрытарыяльных выбарчых камісій. З гэтай нагоды тэлефанаваньне слухача:

Віктар Буто: “Падобна, што мясцовыя выбары зноў праваляць прадстаўнікі ўладаў і некаторыя з апазыцыі. У выбарчых камісіях будуць адсутнічаць прадстаўнікі ад апазыцыі і нават ня будзе ўкамплектаваная большасьць выбарчых участкаў”.

Выказваньне камэнтуе сябра Цэнтральнага камітэту партыі “Справядлівы сьвет” Сяргей Вазьняк:

“Што тычыцца “закрыць” участкі назіральнікамі, то так — гэта зрабіць будзе немагчыма. Гэта вялікі масіў, патрэбна шмат людзей. І тут слухач мае рацыю — гэта вялікая праблема для апазыцыі. Што тычыцца складу выбарчых камісіяў, што нібыта ў іх ня будуць уключаныя прадстаўнікі апазыцыйных палітычных партый, то я гэты прагноз не падзяляю. Будуць уключаныя: я вось і сам вылучаюся нашай партыяй у склад Менскай гарадзкой камісіі, сёньня ўвечары разглядаецца гэтае пытаньне. Іншая рэч, што дамінаваць у гэтых камісіях будуць людзі альбо ляяльныя да ўладаў, альбо пад кантролем уладаў”.

Старшынёй Івянецкай арганізацыі неафіцыйнага Саюзу палякаў Беларусі днямі абралі Тэрэсу Собаль. На сход гэтай арганізацыі ня быў дапушчаны кіраўнік ляяльнага ўладам Саюзу палякаў Беларусі Станіслаў Сямашка. Пра існаваньне двух Саюзаў палякаў наступнае выказваньне:

Ларыса: “Утварыліся два лягеры палякаў. Гэта вельмі дзіўна, што яны супрацьстаяць адзін аднаму. Гэта адбываецца ў такой невялікай краіне, як наша. Яны атрымліваюць “карту паляка” і маюць прывілеі на тэрыторыі Польшчы. Хай карыстаюцца імі. А тут яны такія ж грамадзяне, як і ўсе. І карыстаюцца ўсімі правамі нашай краіны. У гэтым пляне ніхто нікога не прыгнятае”.

На тэму апошняга перапісу насельніцтва Беларусі — наступнае тэлефанаваньне:

Спадарыня Натальля: “Бедны і няшчасны мы народ, забіты і цёмны. Баімся ўласнага ценю. Сёньня на працы я выпадкова сказала, што, паводле апошняга перапісу, насельніцтва Беларусі скарацілася на паўмільёна і складае зараз 9,5 мільёна чалавек. Мяне тут жа зьвінавацілі ў чытаньні апазыцыйных газэт і скажэньні нашай сьветлай рэчаіснасьці. Не ўяўляю: што павінна здарыцца ў гэтай краіне, каб хаця б у адукаваных грамадзянаў прачнуўся хоць нейкі розум?”

Працягваем праграму выказваньнямі на адрас цэнтральнай і мясцовых уладаў Беларусі:

Спадарыня: “Мне вельмі хочацца зьвярнуцца да нашага прэзыдэнта Лукашэнкі. Да чаго ж ён распусьціў сваіх чыноўнікаў?! Нахабна сядзяць, нічога ня робяць, а толькі чаі ганяюць. Паглядзіце на райвыканкам: уцякаюць раней з работы, пазьней прыходзяць на работу, немагчыма проста зайсьці. Раней можна было зайсьці і зьвярнуцца да чыноўніка, а зараз, пакуль чаю не пап’е пан, немагчыма зьвярнуцца. Таксама я зьвяртаюся да нашых мясцовых уладаў, якія заплюшчваюць на гэта вочы. Законаў нашых не чытаюць. У фэрмэрства гаспадарку хочуць браць, а яны зьдзекуюцца. Чаму ж такая несправядлівасьць у Беларусі? Дык калі ж будзе праўда?”

Спадар: “Я тут жыву недалёка ад вёскі Александрыя. У Старасельлі загінула ня менш за 2 тысячы парсючкоў, ведаеце. І ўсе пра гэта добра ведаюць, гэта ўсё хавалі. Думаеце, пакаралі каго? Ды не, асабліва нікога і не пакаралі”.

Трусава Тацяна Іванаўна, Жодзіна: “Адслужыўшы ўсю службу ў аддаленых раёнах БАМу, Забайкальля, я патрапіла ў Жодзіна. І знаходжуся ў кватэры на пятым паверсе, кутняя кватэра. У кватэры 13 градусаў, выцяжка працуе ўсярэдзіну, лядоўня. Была сёньня ў старшыні гарвыканкаму, і такая сытуацыя: сядзі, Тацяна Іванаўна, не выходзячы, а мы будзем праз кожныя паўгадзіны мераць тэмпэратуру. У мяне ўжо два дні запар спазмы сасудаў, прыступ астмы. Наагул фашысцкае дзеяньне гэтых вырадкаў, інакш не назавеш іх. Прымушаюць мяне сядзець у холадзе і мераць далей тэмпэратуру. А колькі ж яе можна мераць, трэба рабіць нейкія захады. І гэта перад выбарамі, гэта перад тым, як выбіраць нашага прэзыдэнта, гэта перад тым, як выбіраць мясцовыя органы. Гэта невыносна”.

У эфіры “Званкі на Свабоду”. Тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для смс-паведамленьняў: +375 29 391-22-24. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.
XS
SM
MD
LG