пятніца, 10 лютага 2012, Менск 19:15

Праграмы / Госьць на Свабодзе

Б.Пятровіч: “Дзеясловіца” заканчваецца бясслаўна

З новага году літаратурна-мастацкі часопіс “Дзеяслоў” зьмяняе правапіс — пераходзіць з тарашкевіцы на наркамаўку. Чаму? Адказы ў гутарцы з галоўным рэдактарам часопісу Барысам Пятровічам, які быў госьцем ранішняга эфіру “Свабоды”.

ПАМЕР ШРЫФТУ - +
Пятровіч: Нам вельмі цяжка далося гэтае рашэньне і вельмі няпроста, але мы вымушаны былі пайсьці на гэта, каб пазьбегнуць праблемаў у бліжэйшай пэрспэктыве. Як вы ведаеце, 1 верасьня пачынае дзейнічаць адмысловы закон. І мы пайшлі на гэты крок – і, бачыць Бог, мы трымаліся да апошняга – і, фактычна, апошнімі з зарэгістраваных афіцыйных выданьняў пераходзім на “афіцыйны” ці “школьны” правапіс.

Мы робім гэта вымусова, як бачыце, але і раней да нас зьвярталася шмат настаўнікаў, выкладчыкаў, студэнты, школьнікі, каб мы гэта зрабілі. Яны тлумачылі гэта тым, што ім вельмі цяжка працаваць з тэкстамі – у нас друкуецца вельмі шмат аўтараў, якія ўваходзяць у школьную праграму і ў пазакляснае чытаньне.

Цяжка нам будзе гэта зрабіць і самім, бо можа быць напачатку будуць і памылкі, бо калі я нават сам бачу слова “сьвята” зь мяккім знакам, то гэты мяккі знак мне ня рэжа вока і здаецца мне абсалютна натуральным, я яго не заўважаю пры чытаньні. Тое ж самае будзе, думаю, і для нашых карэктараў.

Шкада, што нашае пачынаньне, нашая прапанова паяднаўчага, альтэрнатыўнага правапісу, які атрымаў назву “дзеясловіца”, заканчваецца так бясслаўна. Яна засталася фактычна незаўважанай – ні з боку прыхільнікаў тарашкевіцы, ні з боку заканадаўцаў наркамаўкі. Ну, што ж зробіш...

Соўсь: Слухачы “Свабоды” памятаюць, дый Вы таксама, што калі “Наша Ніва” пераходзіла на наркамаўку, было шмат спрэчак, папрокаў, было вельмі шырокае абмеркаваньне. Як на Вашу думку – “Наша Ніва” страціла ці набыла, зьмяніўшы правапіс? Ці, па вялікім рахунку, ня ў правапісе справа, а ў сутнасьці выданьня?

Пятровіч: Не, ну, вядома, ня ў правапісе справа, але кепска тое, што даводзіцца рабіць гэта вымусова – і “Нашай Ніве”, і нам. Калі б гэта было натуральна, то хутчэй быў бы адваротны працэс, мне здаецца. Хутчэй усё больш і больш выданьняў выходзіла б на нерэпрэсаванай беларускай мове – зь мяккім знакам і з поўнымі канчаткамі, хоць бы на тым варыянце, які прапанаваў якраз “Дзеяслоў”.

Таму што вяртаньне мяккага знаку насьпела, і гэта мы бачым па тым, што нават калі і чуем беларускую мову па радыё ці па тэлебачаньні, то ўсё больш людзей вымаўляе словы “сьнег”, да прыкладу, ня мякка, як гэта патрабуецца, а на расейскі манер, цьвёрда: “снег, снег...” Шкада, што правільнае вымаўленьне не замацавана ў нас у правапісе, бо многія карыстаюцца негалосным правілам беларускай мовы – “як чуецца, так і пішацца” – і гавораць якраз на расейскі манер.

Гэта зьвязана з тым, што мова, можа быць, апошнім часам перадаецца не ад бацькоў дзецям, а вучыцца па падручніках.

Соўсь: Як Вы мяркуеце, цяпер, калі зьмяншаецца колькасьць выданьняў, якія выкарыстоўваюць у правапісе мяккі знак – якія ёсьць шляхі для захаваньня гэтай артаэпічнай нормы?

Пятровіч: Найлепшай прапагандай было якраз выкарыстаньне мяккага знаку недзяржаўнымі выданьнямі. Але паколькі дзяржава гэтак сур'ёзна ўзялася за тое, каб унармаваць правапіс... Дарэчы, гэтая спроба ня першая, я памятаю, як яшчэ ў 2003 годзе ў Саюзе пісьменьнікаў зьявілася кніжачка, на якой стаяў штамп “Зацьверджана прэзыдэнтам Рэспублікі Беларусь”, і там якраз былі гэтыя прапановы з правапісам, але тады нам давялося адбіцца, дзякуючы пазыцыі якраз Саюзу беларускіх пісьменьнікаў – на Радзе мы прынялі спэцыяльную заяву, але бачыце, пэўныя колы ўсё роўна вярнуліся да гэтага і правялі сваё рашэньне.

Шлях? Ня ведаю... Ну, ёсьць зараз інтэрнэт, дзе большасьць людзей карыстаецца якраз альбо тарашкевіцай, альбо правапісам з захаваньнем мяккага знаку і іншых асаблівасьцяў беларускай гутарковай мовы. Я думаю, усё роўна тарашкевіца ці дзеясловіца будуць жыць, існаваць незалежна ад нейкіх забаронаў.

Соўсь: Скажыце, а ці можа пераход на наркамаўку дапамагчы вам вярнуцца ў дзяржаўную сыстэму падпіскі і распаўсюду?

Пятровіч: Праблематычна. Таму што мне здаецца, ня гэта было галоўнае. Усё ткі часопіс мае падпіску – і, дарэчы, зараз ідзе падпісная кампанія, яна заканчваецца, і нашыя прыхільнікі, чытачы маглі б падыйсьці ў паштовае аддзяленьне і выпісаць часопіс.

Як бачыце, для некаторых дзяржаўных структур ня важна – ёсьць мяккі знак, няма мяккага знаку ў тэкстах. Тое, што нас не прымаюць на распаўсюд у “Белпошце”, “Белсаюздруку”, я думаю, зьвязана зусім зь іншымі прычынамі, і правапіс тут ні пры чым.

Соўсь: У “Слове да чытачоў” рэдакцыя “Дзеяслова” падкрэсьлівае: “Шаноўныя чытачы, гісторыя вучыць нас: сапраўдная літаратура заўсёды была па-за палітыкай, сапраўдная літаратура заўсёды была ў апазыцыі да любой улады, сапраўдная літаратура ніколі не слугавала тым, хто пры ўладзе... А чаго чакаць чытачам “Дзеяслова” ў Новым годзе?

Пятровіч: Тое, што мы будзем цьвёрда прытрымлівацца сваіх прынцыпаў – гэта абсалютна дакладна. І хоць мы ня так даўно пачалі выходзіць, у нас ужо склаліся пэўныя традыцыі. Кожны часопіс з даўніх часоў слаўны чым? Вядома ж, сваімі аўтарамі. У нас ёсьць кола аўтараў, і ў наступным годзе ў нас ёсьць чым парадаваць і зацікавіць чытачоў. У нашых плянах – надрукаваць новыя раманы Леаніда Дайнэкі, Юрыя Станкевіча, Кастуся Тарасава, надрукаваць драматычную паэму “Армагедон” Уладзімера Някляева, вершы Рыгора Барадуліна і Ніла Гілевіча, Леаніда Дранько-Майсюка, Андрэя Хадановіча, маладзейшых аўтараў, такіх, як Сяргей Прылуцкі, Дар'я Ліс. Будуць, вядома, і апавяданьні, эсэ, інтэрвію, пераклады, крытыка. Будуць артыкулы пра Васіля Быкава, Валянціна Тараса, Анатоля Сыса, дзёньнікі, перапіска пісьменьнікаў, успаміны – словам, усё тое, што робіць нашу сучасную літаратуру адметнай і нязьменна і бязьмежна цікавай для чытачоў.


СЛУХАЦЬ:
Гэтая дыскусія закрытая.
Сартаваць камэнтары
Камэнтары
     
Імя:: Чытач Горад:: Дыялапск
22.12.2009 11:09
Чым меней тэксту, тым меней чытачоў, шаноўная "Свабода".

Імя:: фронтавец
22.12.2009 13:32
Гэта ВАША літаратура па-за палітыкай. А Быкаў, Барадулін, Арлоў былі ў Сойме БНФ.

Імя:: а шкада...
22.12.2009 14:01
Спеклися.

Імя:: 11 Горад:: сяло
22.12.2009 15:14
“Наша Ніва” страціла ці набыла, зьмяніўшы правапіс?

Ясна, што набыла. Наклад быў 2000, стаў 6200. Так што таму, хто абяцаў "з'есці свой блог", калі гэта адбудзецца (помніцца, былі такія абяцанні), можна ўжо пачынаць
Адказаць

Імя:: Ян Максімюк
22.12.2009 15:54
Мне хацелася б удакладніць дзьве рэчы, пакуль есьці свой блог...

Першая: у гэтым павышэньні тыражу НН з 1000 да 6000 тысяч (з чым рэдакцыю я шчыра віншую!) доля "наркамізацыі" газэты зусім няясная. Яна можа быць і 100 адсоткаў, і круглы нуль. Растлумачце мне і ўсім навокал пераканаўча, што НН сталі больш чытаць з-за таго, што ў ёй стала менш мяккіх знакаў, а не з-за таго, што вярнулася афіцыйная падпіска і палепшылася эфэктыўнасьць распаўсюду.

Другая: растлумачце мне, колькі ў вас там насамрэч беларускага народу і зь якога колькаснага парогу выданьне стае народным? Вось на Беласточчыне тыднёвік Ніва мае рэгулярны тыраж 1250 асобнікаў, а беларускага народу там 46 000. Тыраж 1250 у Беластоку лічыцца "перадсьмяротным", а не народным. Але калі б прыкінуць гэтую самую прапорцыю для НН у Беларусі, дык трэба было б, каб ейны тыраж вырас да 217 000 (дзьвесьце сямнаццаць тысяч), каб ейная "народнасьць" прапарцыйна зраўнялася з "перадсьмяротным" тыражом Нівы. (У гэтым падліку я аптымістычна прыкінуў, што беларусаў у Беларусі 8 мільёнаў; расейцаў і іншых не лічыў)

Дык вось, я чалавек цярплівы і буду цярпліва чакаць, пакуль НН вырасьце да 217 тысяч. Тады ўжо, зусім перакананы ў сваёй антынароднай няслушнасьці, я зьем свой блог, а калегі зробяць з гэтага майго сухога ленчу відэа і паставяць на наш сайт :)
Адказаць

Імя:: 11
22.12.2009 16:28
Спадар Максімюк, цытата з Вас:
Максімюк: Алена, ён зробіць мяне шчасьлівым, калі ён за год-два пабольшыць наклад сваёй газэты. Тады я тую віртуальную паперу, на якой напісаў свой крытычны блог, пры сьведках зьем, не запіваючы нават півам (http://www.svaboda.org/content/transcript/1360046.html)
Год прайшоў, наклад павялічыўся. Тут Вы не ўдакладняеце, што наклад павінен вырасці да 217 тысячаў...
А расце наклад таму, што рэдакцыя адчувае пульс жыцця -- у тым ліку і ў пытаннях правапісу.
Як стараецца адчуваць пульс жыцця і рэдакцыя Дзеяслова.
Адказаць

Імя:: Ян Максімюк
22.12.2009 18:02
Безумоўна, я тады не гаварыў пра ніякія 217 тысяч. Але прыгадайце, з чаго ўзялася тая дыскусія на нашым сайце пра правапіс у НН. Спадар Дынько цьвердзіў, што народу мяшае тарашкевіца, а таму НН яе зьмяняе. У гэтым менавіта кантэксьце я і сказаў, што зьем свой блог, калі тыраж пабольшыцца з-за правапісу. З транскрыпту гутаркі на Белсаце гэта, можа, і не вынікае, але пачытайце блог і дыскусію пад ім, і вы ўсё зразумееце.

Мяркуючы па вашай пераборлівай памяці і нецярплівасьці паглядзець мой сухі ленч, вы малады чалавек. Я пайду вам насустрач — ня будзем чакаць да 217 тысяч, хопіць 100 тысяч накладу НН, каб я правёў у Празе публічнае харакіры віртуальнай паперай Свабоды. Дамовіліся? :))
Адказаць

Імя:: спадару 11
22.12.2009 20:13
Рэдакцыя "Дзеяслова" адчувае пульс жыцьця? Дык спадар Пятровіч сам кажа, што іх папросту вымусілі.
Адказаць

Імя:: падпішчык
22.12.2009 15:57
За часам Гермянчука "Свабода" друкавалася ў 100 000 асобнікаў, і на тарашкевіцы. Мо справа ў рэдактары?
Адказаць

Імя:: мімаходзь Горад:: ***
22.12.2009 19:03
Наколькі памятаецца, Гермянчук перавёў "Свабоду" на афіцыйна прыняты правапіс. Пасля гэтага тыражы пачалі імгненна расці. Хаця ж, вядома, рост тыражоў абумоўліваўся ня толькі правапісам...
Адказаць

Імя:: аўтар ТОЙ Свабоды
23.12.2009 12:03
Памяляецеся. Самыя наклады былі якраз на тарашкевіцы. І якраз, калі на патрабаваньне заснавальніка, газэты перавялі на напалову расейскую - наклад рэзка ўпаў.

Імя:: Алег Горад:: Менск
22.12.2009 19:36
Безумоўна,навіна непрыемная.Апошні фарпост не здамо,а проста ракіруемся)
Зычу ўсім чытачам і супрацоўнікам "Дзеяслова" сьветлых Калядаў і вясёлага Новага Году.
А наконт "Нашай Нівы"адзначу тое,што пасьля пераходу на "наркамаўку" (і пераходу САЙТА) "жаўтыня" гэтае гэзэты стала відавочна.

Імя:: Ваня
22.12.2009 20:44
100-тысячны тыраж Свабоды — прыгожая легенда. На самой справе, максімумам было 42 000 у часы, калі іншых незалежных газет і Інтэрнэту проста не было. А 100 000 пісалі ў рэкламных мэтах, а не рэальны наклад. Дый палітычная сітуацыя была трошачкі інакшай. Ведаю тое, бо меў некаторыя адносіны да таго выдання.

Некарэктна параўноўваць тыраж Нівы і Нашай Нівы. Ніва на Беласточчыне адна, а ў Беларусі беларускамоўных газет - штук 50. Таму не спяшы ты нас хараніць...

Наклад Нашай Нівы такі сапраўды вырас, і тут трэба зняць шапку перад яе выдаўцамі. Хлопцы шукаюць і шукаюць новых падыходаў. Калі ўлічыць, што ў іх і сайт ёсць, выходзіць даволі аптымістычная для беларускай культуры лічба.

А сп. Максімюку кавалак газеты трэба з'есці, каб быць больш адказным у словах.
Адказаць

Імя:: Ян Максімюк
22.12.2009 22:26
Ды карэктна, Ваня, карэктна. Таму што «Ніва» на Беласточчыне — не адзінае выданьне, якое беластоцкія беларусы лічаць сваім. Адкуль вы гэта, Ваня, узялі? Акрамя «Нівы» ёсьць польска-беларускі «Часопіс», ёсьць «Białoruskie Zeszyty Historyczne», “Тэрмапілы” і “Annus Albarutenicus”, ёсьць «Przegląd Prawosławny», ёсьць яшчэ нейкія праваслаўныя пэрыёдыкі для моладзі ў Гайнаўцы і Бельску, назвы якіх мне не запомніліся, да таго амаль кожная беларуская гміна на Беласточчыне мае свой мясцовы бюлетэнь ці газэтку, якая піша пра мясцовыя справы па-польску, але піша ж пра беларусаў, а таму лічыцца імі сваім выданьнем (а „Wiadomości Gródeckie” пішуць па-польску і па-беларуску). Я ня ведаю, ці назьбіраецца гэтага ўсяго 50 штук, але 25 — напэўна. А майце ж на ўвазе, што перапісаных беларусаў на Беласточчыне — толькі 46 000. Ну а ўжо ў дадатак да ўсяго да гэтага — ім прапануюць у кіёсках сотні агульнапольскіх пэрыёдыкаў, якія яны пры жаданьні могуць чытаць, бо ж па-польску ім чытаць у дзесяць разоў лягчэй, чым па-беларуску. Але я іх, зразумела, не бяру тут пад увагу, бо яны “не свае”.

Імя:: Якуб Лапатка
23.12.2009 00:51
Зь'ем-ня зь'ем, адна газеціна -- дзясятак. Якое гэтае гастранамічна-арыфметычнае аьмеркаваньне Масімюковага меню мае дачыненьне да канкрэтнай тэмы аб пераходзе "Дзеяслова" на лукашэвіцу? У двдзеным выпадку ўсе спрэчкі наконт тарашкевіцы-клясыкі-наркамаўкі-лацініцы зь'яўляюцца вынішчальнымі для мовы. Вучням дурацца галовы, атрымліваецца каша і ўвыніку усе беларускамоўныя праблемы пасылаюцца па вядомаму адрасу.
А другая важная акалічнась -- гэта тое, што здаваць экзамены па мове трэба будзе па новых правілах. А там ты будзь хоць дзясяцікроць аматар клясыкі або яшчэ чаго, але твае самыя разумныя, гэтак жа як і бязглуздыя, довады брацца пад увагу ня будуць. Вось і атрымліваецца, што жадаючы ўратаваць мову, мы яе гробім сваімі спрэчкамі, амбіцыямі ды фанатызмам.

Імя:: Алесь Астроўскі Горад:: Гародня
24.12.2009 21:32
Барыс Пятровіч: "Шкада, што нашае пачынаньне, нашая прапанова паяднаўчага, альтэрнатыўнага правапісу, які атрымаў назву “дзеясловіца”, заканчваецца так бясслаўна".
Спадар Барыс, ня трэба так песімістычна. ЯШЧЭ ДАЛЁКА НЯ ВЕЧАР...

Імя:: Змітро
25.12.2009 15:21
Таму што вяртаньне мяккага знаку насьпела, і гэта мы бачым па тым, што нават калі і чуем беларускую мову па радыё ці па тэлебачаньні, то ўсё больш людзей вымаўляе словы “сьнег”, да прыкладу, ня мякка, як гэта патрабуецца, а на расейскі манер, цьвёрда: “снег, снег...”

Гэта ж непраўда!
У расейскай літаратурнай мове такое ж змягчэнне, як і ў беларускай.
Літаратурнае вымаўленне у расейскай мове [сьнь]
"мягкое произношение согласных под влиянием последующих мягких согласных."
Орфоэпический словарь русского языка. Москава, 1988.
СНЕГ [сьнь] с.542, 672

А што пиша афицыйная расейская граматыка:
параграф 30.
Перед мягкими зубными [н'], [л'] согласные [с], [з] в положении внутри корня произносятся мягко (что соответствует старомосковским произносительным нормам): [с'н']ежок
Русская грамматіка Т. 1. Москва: Наука, 1982. -- С.28
У гэтым жа раздзеле і пра іншыя пазіцыйныя змены зычных.

Далей глядзім на змягчэнне ў расейскіх вясковых гаворках:

Усё нашмат разнастайней, сама меней 4 сістэмы кансантызма, вось прыклады:
Мананенкова А. Ф. Русская диалектология минск, 1992:

с. 205
Архангельска область:
с`л`ива'ют ф`с`о в одно' м`е'сто в бо'ц`ку jе'жел`и ну'жно же'н`ско п`и'во

c. 217
Воронежская область
по'с`л`и рабо'ты и'д`ьм у клуп

------
Словарь современного русского народного сговора (д. Деулино Рязанского района) Москва, 1969
с. 530
Снега -- И с`н`ага' ап`а'т` нъвал`и'ла. С`н`е'х-та како'й.