Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У новым “Дзеяслове” — невядомы Анатоль Сыс


У суботу 31 кастрычніка на радзіме Анатоля Сыса ў вёсцы Гарошкаў, што на Гомешчыне ў часе паэтычнага фэсту на сьцяне роднай хаты Анатоля будзе ўрачыста адчыненая мэмарыяльная шыльда.

Днямі пабачыў сьвет 42 нумару незалежнага літаратурна-мастацкага часопісу “Дзеяслоў”. Тут — цэлая пляяда бліскучых літаратурных талентаў. У паэтычным разьдзеле чытачы не прамінуць новыя вершы Ніла Гілевіча, Аксаны Спрынчан, Васіля Жуковіча, празаічны парадуе аповесьцю “Сказ пра ката, каторы сьмяяўся” Віктара Казько, фрагмэнтамі раманаў Зьмітра Вішнёва “Замак пабудаваны з крапівы” і Ільлі Сіна “Тэатральныя дэманы”. А вось аматары дакумэнталістыкі адразу зьвернуць увагу на публікацыі, прысьвечаныя трагічнай постаці Анатоля Сыса.

Тое, што ў цэнтры ўвагі 42-га “Дзеяслова” апынуўся Анатоль Сыс, зразумела ўжо з вокладак. На іх — рэпрадукцыі карцін Алеся Квяткоўскага “Соты” і “Пан Лес”, прысьвечаных культаваму паэту пакаленьня “Тутэйшых”. А пад вокладкамі — публікацыі да ягонага 50-годзьдзя. Распавядае галоўны рэдактар часопіса Барыс Пятровіч:

“Мы друкуем яго лісты да сяброў, успаміны сяброў пра яго, а таксама невядомыя вершы, якія ён дасылаў некалі сваім сябрам у лістах. Гэтыя вершы дагэтуль не друкаваліся. Зразумела, сябры хацелі паказаць Анатоля такім, якім яны яго ведалі, якім яны яго памятаюць са студэнцкіх гомельскіх гадоў, таго Анатоля, якога можа быць мала хто ведаў ў Беларусі. Мы імкнуліся да таго, каб нашы чытачы даведаліся пра іншага Анатоля — пра маладога, натхнёнага, улюбёнага ў паэзію. Таму што ўспаміны пра менскага Анатоля засталіся зусім іншыя”.

Да 50-годзьдзя Анатоля Сыса рэдакцыя “Дзеяслова” таксама падрыхтавала і выдала дзьве кнігі. Барыс Пятровіч працягвае:

“Выйшла ў бібліятэчцы “Дзеяслова” кніга “Ягамосьць”. У ёй сабраныя творы беларускіх паэтаў, прысьвечаныя Анатолю Сысу. А таксама ягоныя сябры выдалі кніжку “Алаіза” — гэта зборнік выбраных твораў Анатоля”.

Абедзьве кнігі і новы нумар “Дзеяслова” будуць прэзэнтаваныя на вялікім паэтычным фэсьце, які сябры ладзяць 31 кастрычніка на радзіме паэта ў вёсцы Гарошкаў, што на Гомельшчыне. Спадар Пятровіч паведаміў, што ў часе гэтага фэсту на сьцяне роднай хаты Анатоля Сыса будзе ўрачыста адчыненая мэмарыяльная шыльда.

“Шыльду зрабіў і аформіў скульптар Павал Лук і зробленая яна на ахвяраваньні сяброў і прыхільнікаў творчасьці Анатоля”.

Дарэчы, дзякуючы прыватным ахвяраваньняў паўстаў і помнік у Гарошкаве на магіле Анатоля Сыса, з ускладаньня кветак да якога а 12-й гадзіне пачнецца заўтрашняя ўрачыстасьць.
XS
SM
MD
LG