Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сваякі Алесіна не выключаюць, што ён будзе праходзіць па справе аб шпіянажы як сьведка


Аляксандар Алесін
Аляксандар Алесін

Затрыманы журналіст Аляксандар Алесін можа праходзіць па справе аб шпіянажы як сьведка. Пра гэта карэспандэнту Свабоды паведамілі дарослыя дзеці Аляксандра Алесіна, якія спаслаліся на званок з КДБ, які адбыўся ў другой палове дня 8 сьнежня.

«Нам пазванілі і сказалі, што абвінавачаньне бацьку пакуль ня выставілі. Сказалі, што сьледчыя больш цікавяцца ня бацькам, а тым чалавекам, зь якім ён быў у кавярні. Што да таго чалавека ёсьць падазрэньні ў шпіянажы, а ўжо бацька быў зь ім, і ягоны статус цяпер вызначаецца. Мы спадзяемся, што да выстаўленьня яму абвінавачаньняў ня дойдзе».

Аляксандар Алесін быў затрыманы 26 ці 27 лістапада — КДБ дакладнага дня не паведамляе. Ці абараняе хто з адвакатаў інтарэсы журналіста? Паводле зьвестак сваякоў Алесіна, спачатку яму быў дадзены гэтак званы «дзяжурны» адвакат, якога сваякі зьбіраліся замяніць, але пакуль гэтага не адбылося.

«У нас ёсьць пляны наконт адваката, нам прапанавалі чалавека, але зноў нагадаю, што была размова з супрацоўнікамі КДБ, і тыя сказалі, каб мы пачакалі да панядзелка. Таму мы і вырашылі, што калі б было ўсё гэтак сур’ёзна, дык трэба было б весьці да яго незалежнага адваката. Магчыма, усё ж і ня будзе ніякага абвінавачаньня, і яго выпусьцяць. Таму мы вельмі разьлічваем на другую палову дня».

У КДБ сытуацыю з Аляксандрам Алесіным па-ранейшаму не камэнтуюць.

Зьвесткі пра затрыманьне Аляксандра Алесіна паводле падазрэньняў у здрадзе Радзіме і шпіянажы зьявіліся ў канцы мінулага тыдня. Гэтыя зьвесткі пакуль пацьвердзілі толькі сваякі журналіста і праваабаронцы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG