Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксандар Алесін расказваў калегам пра ўвагу да яго з боку КДБ


Аляксандар Алесін, архіўнае фота

Аляксандар Алесін, архіўнае фота

Афіцыйныя крыніцы па-ранейшаму не камэнтуюць інфармацыю пра затрыманьне ў Менску журналіста газэты «Белорусы и рынок», незалежнага вайсковага экспэрта Аляксандра Алесіна.

Прэсавы сакратар КДБ Артур Стрэх працягвае адмаўляцца даваць нейкія камэнтары адносна лёсу Аляксандра Алесіна:

«Не, ніякіх камэнтароў, па-ранейшаму».

Сын Алесіна Ягор і дачка Вольга пацьвердзілі ягонае затрыманьне, але адмовіліся гэта камэнтаваць. «Каб не было горш», — патлумачылі дзеці журналіста. Ня выключана, што ў бліжэйшы час сваякі пойдуць у КДБ, каб атрымаць больш зьвестак.

У рэдакцыі газэты «Белорусы и рынок», дзе працуе Аляксандар Алесін, кажуць, што сувязі зь ім няма зь сярэдзіны мінулага тыдня. Іншыя крыніцы кажуць, што затрыманьне адбылося ў мінулую сераду-чацьвер.

Тым часам праваабарончы цэнтар «Вясна» і Беларуская асацыяцыя журналістаў выступілі з сумеснай заявай, у якой заклікалі КДБ праінфармаваць грамадзкасьць аб прычыне і месцы ўтрыманьня пад вартай журналіста газэты «Белорусы и рынок», сябра ГА «БАЖ» Аляксандра Алесіна.

Чым вылучаецца Аляксандар Алесін як журналіст? Рэдактар сайту «Хартыя-97» Натальля Радзіна, якая цяпер жыве ў Польшчы, характарызуе яго як выдатнага і кампэтэнтнага камэнтатара ды чалавека, які ніколі не адмаўляе тым, хто просіць яго падзяліцца сваімі ведамі:

Натальля Радзіна

Натальля Радзіна

«Чалавек заўсёды абсалютна адкрыты, ніколі не адмаўляў і даваў камэнтары па вайсковых пытаньнях. Супрацоўнікі сайту „Хартыя-97“ неаднаразова зьвярталіся да Аляксандра Алесіна па камэнтар на тэму вайсковага супрацоўніцтва Беларусі і Расеі, якое рэальна нясе пагрозу Ўкраіне», — адзначае Натальля Радзіна.

Паводле Натальлі Радзінай, Алесін быў затрыманы ў цэнтры гораду падчас абеду ў адной з кавярняў. Паводле зьвестак зь іншай, беларускай крыніцы, да Алесіна прыйшлі на кватэру і выставілі яму два абвінавачаньні, сярод якіх адно — у здрадзе радзіме. Зьвесткі пра затрыманьне Аляксандра пацьвердзілі і некаторыя палітыкі, якія прасілі не называць іхныя імёны. Журналістка Натальля Радзіна абураная тым, што гэтая інфармацыя амаль тыдзень не даходзіла да грамадзтва:

«Канечне, зьдзіўляе, што столькі дзён яны (рэд. — гаворка ідзе пра палітыкаў і праваабаронцаў) не паведамлялі пра арышт аднаго зь вядучых экспэртаў краіны. Гэтае замоўчваньне ў дадзеным выпадку было на руку КДБ, які робіць такія захады, каб ізаляваць чалавека ў першыя дні сьледзтва, аказаць на яго ціск і выбіць паказаньні».

Аляксандар Алесін

Нарадзіўся ў 1951 годзе. У 1973 скончыў гістарычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту і некаторы час працаваў намесьнікам дырэктара школы.

З 1974 па 1976 год — спачатку ў Менску (пры Белдзяржунівэрсытэце), а потым у Маскве (у Інстытуце павышэньня кваліфікацыі кіраўнічых работнікаў электратэхнічнай прамысловасьці) прайшоў падрыхтоўку па спэцыяльнасьцях «Эканоміка-матэматычныя мэтады арганізацыі вытворчасьці» і «Аўтаматызаваныя сыстэмы кіраваньня».

Да 1991 у якасьці сыстэмнага аналітыка працаваў у прамысловасьці над распрацоўкай кампутарных сыстэм кіраваньня вытворчасьцю і збыту прадукцыі. З 1991 займаўся пытаньнямі кампутарызацыі біржавога гандлю, пасярэдніцкай дзейнасьці і апэрацыяў з каштоўнымі паперамі.

Першыя публікацыі ў газэце «Беларусы і рынак» — у 1992 годзе. З 1994 — на сталай працы ў рэдакцыі гэтай газэты, спачатку аглядальнікам, а затым начальнікам аддзелу. Асноўныя тэмы публікацый: аналіз каньюнктуры таварных рынкаў (уключна з узбраеньнямі), сытуацыя на прамысловых прадпрыемствах (у тым ліку ваенных), ваенна-тэхнічнае супрацоўніцтва Беларусі з замежнымі краінамі, аналіз ваенна-палітычнай сытуацыі.

Гісторыі пра затрыманьні грамадзянаў Беларусі, якія нібыта шпіёнілі на карысьць замежных выведак, — гэта збольшага гісторыі пра людзей, у дачыненьні да якіх падазрэньні ў шпіянажы не пацьвердзіліся. Апошні беларускі шпіён, працаўнік «Нафтану» і грамадзкі актывіст Андрэй Гайдукоў адбыў у калёніі больш за год за нібыта намер супрацоўнічаць з замежнымі спэцслужбамі. Суд над Гайдуковым быў закрыты, падрабязнасьці ў справе засталіся невядомымі. Сёлета ў траўні, калі Гайдукоў выйшаў на волю, ён заявіў журналістам, што ня быў шпіёнам, а стаў ахвярай правакацыі. У гэтыя дні Гайдукоў адбывае адміністрацыйны арышт за раздачу ўлётак у Полацку.

Яшчэ адной гучнай «шпіёнскай» гісторыяй стаў арышт у 2013 годзе ксяндза Лазара, які кіраваў каталіцкім прыходам у Барысаве. Айца Лазара КДБ таксама падазраваў у шпіянажы. Яго пратрымалі ў вязьніцы КДБ паўгода і вызвалілі, гэтак і не даказаўшы яго віну.

А першыя журналісты-«шпіёны» ў Беларусі зьявіліся яшчэ ў 1994 годзе. Тады ў працы на карысьць турэцкай дзяржавы былі абвінавачаныя супрацоўнікі амбасады Турэччыны і два беларускія журналісты Юрый Бехцераў і Аляксандр Люшкевіч, якія працавалі на дзяржаўныя СМІ — агенцтва «Белінфарм» і газэту «Рэспубліка». Нібыта яны паведамлялі турэцкім дыпляматам зьвесткі эканамічнага і палітычнага характару. Адметна, што пасьля скандалу журналістаў не пакаралі турэмным зьняволеньнем і нават ня звольнілі з працы.

Паводле журналістаў зь іншых недзяржаўных мэдыяў, Аляксандар Алесін неаднойчы распавядаў пра настойлівую ўвагу да яго з боку КДБ.

Віталь Цыганкоў з «Радыё Свабода» згадаў: «Яшчэ летась Аляксандар мне казаў, што зь ім неаднойчы размаўлялі супрацоўнікі КДБ. Там, казаў Алесін, вельмі нэрвова ставіліся да ягоных артыкулаў пра стан беларускага войска, і яму даводзілася тлумачыць, адкуль менавіта, зь якіх крыніц ён браў тую ці іншую інфармацыю. Аляксандар падкрэсьліваў у нашых размовах, што вельмі пільна ставіцца да гэтых пытаньняў і заўсёды бярэ інфармацыю толькі з адкрытых крыніц, на якія можа спаслацца».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG