Намесьнік начальніка аддзелу мытных дасьледаваньняў Гомельскай мытні Мікалай Багамолаў позвай выклікаў 17 верасьня праваабаронцу Леаніда Судаленку, каб скласьці пратакол аб адміністрацыйным правапарушэньні.
«З позвы, атрыманай праз пошту, я даведаўся, што ў дачыненьні да мяне вядзецца адміністрацыйны працэс. З гэтага вынікае, што я маю права ня толькі на адваката, але й на журналіста, каб давесьці грамадзкасьці, як на дзяржаўнай мяжы мытнікі выконваюць „далікатныя даручэньні“, каб разьдзяваць грамадзянаў, як аказваюцца „заточанымі“ памежнікі на пашпарт чалавека, які невядома якім чынам трапіў у сакрэтныя „чорныя сьпісы“.
Канвэрт з позвай мне ўручылі пад подпіс на пачатку дзясятай гадзіны, а ў дзесяць я мусіў быць у Гомельскай мытні. І паколькі я ня меў магчымасьці падрыхтавацца, заключыць дамову з адвакатам, то вырашыў сёньня не ісьці ў мытню», — распавёў Леанід Судаленка.
Паводле праваабаронцы, сёлета ў дачыненьні да яго мытнікі двойчы ўжывалі выключную меру мытнага кантролю — паглыблены асабісты агляд, прымушалі здымаць штаны, забралі ноўтбук. Апошні раз гэта адбылося 25 жніўня, калі праваабаронца вяртаўся зь Вільні ў Менск.
На памежным пункце пропуску Гудагай пасьля праверкі дакумэнтаў ад Судаленкі запатрабавалі пакінуць цягнік у Маладэчне, каб правесьці паглыблены асабісты агляд. Але паколькі пра падставы такога дзеяньня ні мытнікі, ні памежнікі нічога не патлумачылі, то праваабаронца адмовіўся пакідаць вагон. У Маладэчне Судаленку сілай вынесьлі з вагона за рукі і за ногі.
Выглядае, што па даручэньні Менскай рэгіянальнай мытні ў Гомелі цяпер і хочуць хутка скласьці супраць праваабаронцы адміністрацыйны пратакол на падставе артыкула 23.4 КаАП — непадпарадкаваньне законнаму патрабаваньню службоўца. За гэта прадугледжаны штраф ад 360 тысяч да 9 мільёнаў рублёў альбо адміністрацыйны арышт да 15 сутак.
«Я не адмаўляюся ісьці ні ў мытню, ні ў суд, калі спатрэбіцца. Але я ня буду гэта рабіць бягом, не зважаючы, што мае правы парушаюцца. Спадзяюся, што ў судзе ў мяне будзе магчымасьць выклікаць і памежнікаў, каб яны патлумачылі, якім чынам маё прозьвішча трапіла ў „чорны сьпіс“. Я не займаюся палітыкай, камэрцыяй. Выглядае, што трасуць мяне за праваабарончую дзейнасьць. Тады патлумачце, чаму? Існаваньне „чорных сьпісаў“ на мяжы — гэта ж незаконна, бо не былі абнародаваны хоць нейкія заканадаўчыя акты на гэты конт Апрача таго, у позьве было пазначана, што выклікаюць мяне ў аддзел мытных дасьледаваньняў „у якасьці парушальніка“. Суду яшчэ не было, а мяне ўжо прызналі парушальнікам», — заўважае праваабаронца Судаленка.