Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праваабаронца Судаленка: «Супраць мяне праводзілася спэцапэрацыя па дыскрэдытацыі»


Леанід Судаленка

Леанід Судаленка

Гомельская абласная ўправа Сьледчага камітэту вярнула мясцоваму праваабаронцу Леаніду Судаленку ўсе кампутары, якія забралі ў красавіку падчас ператрусу — у зьвязку з крымінальнай справай пра распаўсюд парнаграфічных матэрыялаў. Правабаронца перакананы, што супраць яго ладзілася спэцапэрацыя па дыскрэдытацыі.

— Леанід, наколькі вядома, кампутары падчас ператрусу ў Вас дома і ў офісе міліцыя забірала, каб праверыць, ці распаўсюджвалася з Вашай электроннай скрыні нейкая непатрэбшчына. І да якой высновы прыйшло сьледзтва?

— Напярэдадні сьледчы, падпалкоўнік юстыцыі Юры Зенчанка сам выклікаў мяне й калег з грамадзка-палітычнага цэнтру, дзе я маю працоўнае месца, каб вярнуць усе шэсьць кампутараў, забраных у красавіку падчас ператрусу ў мяне дома, а таксама ў офісе на вуліцы Палескай. Сьледчы паведаміў, што экспэртыза кампутараў праведзеная, яна скончылася. Ніводзін з шасьці кампутараў ня мае дачыненьня да злачынства. Парнаграфіі ў іх не знайшлі, ніякія парнаграфічныя матэрыялы зь іх нікуды не накіроўваліся, то бок яны не зьяўляюцца рэчавымі доказамі ў крымінальнай справе.

— Нагадайце, а чаго міліцыя рабіла ператрус у вас дома і на працоўным месцы?

— Мінула акурат тры месяцы з моманту распачатай у Гомелі крымінальнай справы па факце распаўсюду парнаграфіі з маёй узламанай электроннай скрыні і з IP-адрасу рэгіянальнага аддзяленьня РГА «Прававая ініцыятыва» — арганізацыі, якую я ачольваю. Сьледчы камітэт цягам трох месяцаў выклікаў на допыты ў якасьці сьведак мяне і ўсіх супрацоўнікаў офісу. Я сам перадаў сьледчаму матэрыялы перапіскі з тэхнічнай службай паштовага сэрвісу, бо яшчэ ў студзені маю паштовую скрыню на mail.ru узламалі. Мне ўдалося аднавіць яе, але праз тыдзень яе зноў узламалі, і я страціў да яе ўсялякі інтарэс, перастаў кантраляваць. Проста перайшоў на больш надзейны паштовы сэрвэр.

Але, як бачу, зламысьнікі дзейнічалі мэтанакіравана, бо 6 сакавіка з маёй узламанай скрыні, якую на той час я ўжо не кантраляваў, зроблена была рассылка парнаграфічных матэрыялаў — у падатковую інспэкцыю Савецкага раёну Гомеля і ва ўправу Сьледчага камітэту. Нібыта напярэдадні сьвята 8 сакавіка я парнаграфічным ролікам віншаваў жанчын гэтых дзьвюх дзяржаўных установаў. Мяркую, што адрасы абраныя невыпадкова. У Савецкім раёне я жыву, значыць, каб у мяне дома правесьці ператрус. А ўправа Сьледчага камітэту абраная дзеля таго, каб адразу крымінальную справу завялі.

— Але ж справу завялі ня супраць Вас асабіста?

Усе стрэлкі пераведзеныя былі на мяне, у мой бок. І абвінавачваньне, калі б не ўдалося адкараскацца, было б даволі сур’ёзнае.

— Не, ня супраць мяне асабіста, як памылкова пісалі некаторыя СМІ, а па факце распаўсюду парнаграфіі праз інтэрнэт. Проста ўсе стрэлкі пераведзеныя былі на мяне, у мой бок. І абвінавачваньне, калі б не ўдалося адкараскацца, было б даволі сур’ёзнае: частка 2 артыкулу 343 Крымінальнага кодэксу — распаўсюд парнаграфіі з выкарыстаньнем глябальнай кампутарнай сеткі інтэрнэт. Санкцыі паводле артыкулу — ня ўмоўны тэрмін пакараньня, а рэальнае пазбаўленьне волі — ад 2 да 4 гадоў.

— Крымінальную справу прыпынілі ці наагул закрылі?

— Сьледчы патлумачыў, што цяпер я ніякім бокам да яе дачыненьня ня маю, таму мне й не абавязкова ўсё ведаць. На маю думку, яе прыпынілі да атрыманьня запыту ад тэхнічнай службы расейскага сэрвэру mail.ru, а пасьля ціха сьпішуць у архіў — як «глушца».

— А ці ёсьць прэтэнзіі да стану кампутараў, якія былі забраныя на экспэртызу, а цяпер вернутыя назад? Можа, яны сапсаваныя, «раззброеныя» — без працэсара, напрыклад, ці бяз дыска?

— Усе кампутары вярнулі спраўнымі, у тым ліку й мае два асабістыя — ноўтбук і сыстэмны блёк стацыянарнага кампутара. Яны прыдатныя для працы. Але мы будзем іх правяраць, усё-такі тры месяцы былі ў чужых руках — ці мала чаго маглі туды напіхаць? Магчыма, і ня ўсе будзем выкарыстоўваць.

— Як лічыце, вось гэтая спроба падвесьці пад крымінальны артыкул учынялася з мэтай дыскрэдытаваць вас як грамадзкага актывіста, праваабаронцу?

Я ўпэўнены, што прыкладна год таму супраць мяне была распачатая так званая спэцапэрацыя.

— Я ўпэўнены, што прыкладна год таму супраць мяне была распачатая так званая спэцапэрацыя. І адбылося гэта неўзабаве пасьля таго, як я стаў займацца справай Аляксандара Грунова, гамельчука, якога асудзілі да сьмяротнага пакараньня, а пасьля расстралялі. Я аказваў яму дапамогу, зарэгістраваў ад яго імя скаргу ў Камітэце ААН па правах чалавека. Калі яго расстралялі, Камітэт ААН двойчы дасылаў беларускаму ўраду паведамленьні, што ўсё адно будзе разглядаць скаргу. А да гэтага накіроўваў патрабаваньне не выконваць прысуд, пакуль скарга ня будзе разгледжана па сутнасьці. Дапамагаў і маці Грунова зьвяртацца ў розныя інстанцыі, каб рассакрэцілі хоць бы месца пахаваньня расстралянага сына.

Ад таго часу і пачаліся ў мяне непрыемнасьці, якіх раней не было. Заўважу: я не вяду гаспадарчай дзейнасьці, не займаюся бізнэсам, ня маю нейкіх даўгоў па пазыках. У мяне няма ворагаў. І тут яны нечакана зьявіліся. Адзін гомельскі сайт сумнеўнага паходжаньня, які піша ўсякую ўсячыну пра мясцовых палітыкаў ды актывістаў, цягам году прысьвяціў асабіста мне 11 артыкулаў. Потым скаціўся да банальнага запалохваньня забойствам мяне й маіх дзяцей. Я з гэтай прычыны зьвяртаўся ў праваахоўныя органы, каб знайшлі тых, хто гэта робіць. Прасіў адшукаць рэдакцыю сайту ці адміністратара і прыцягнуць да адказнасьці за такія запалохваньні. І тут яшчэ больш усё закруцілася, завярцелася.

Быў я акурат у Швэцыі па запрашэньні тамтэйшых праваабаронцаў, калі дадому прыйшла міліцыя рабіць ператрус. Жонка і сын у адчаі, паведамляюць, што прыйшлі супрацоўнікі міліцыі, якія займаюцца наркакантролем. У мяне мурашкі па скуры: сын у войска зьбіраецца, а тут нейкія наркотыкі, парнаграфія. Я разумею, што нічым такім ні я, ні мае дзеці не займаюцца, але створаная сытуацыя мяне вельмі напружвала. Цяпер я ўсьведамляю, што гэта быў працяг спэцапэрацыі, распачатай раней супраць мяне асабіста.

— Як думаеце, каму спатрэбілася супраць праваабронцы распачынаць нейкія дзеяньні, а тым больш — цэлую спэцапэрацыю?

— Я ўпэўнены, што гэта робяць беларускія спэцслужбы. Цяжка толькі сказаць, у якім кабінэце яны знаходзяцца. Зараз гэтых спэцслужбаў вельмі багата, і не абавязкова гэта мог быць КДБ. Яны дзейнічаюць цішком, выкарыстоўваючы міліцыю, інтэрнэт-рэсурсы. І ўсё ім ані ў знак. Які ж узровень тут задзейнічаны, калі міліцыя з аддзелам раскрыцьця злачынстваў у сфэры высокіх тэхналёгіяў ня можа даведацца, хто праз сайт узводзіць паклёп і запалохвае?

Я аналізаваў тое, што пра мяне пісалі. Толькі сяду на ровар, прыеду на працу — яны пішуць пра ровар. Купіў учора ў краме «Гіпа» віскі, сёньня пішуць пра віскі. Паехаў у вёску — пішуць, што я ў вёсцы. Паехаў за мяжу — пішуць, што за мяжою. Відавочна: альбо праслухоўвалі мой мабільны тэлефон, альбо нават сачылі. Усё гэта й дае падставы меркаваць, што супраць мяне вялася нейкая спэцапэрацыя.

І гарадзкая, і абласная пракуратура адмовіліся шукаць тых, хто ствараў вакол мяне атмасфэру страху.

Ці такі факт. У пяць гадзінаў раніцы 28 лютага, пасьля таго, як у Маскве быў забіты апазыцыйны палітык Барыс Нямцоў, на маю электронную пошту прыходзіць паведамленьне нібыта са скрыні майго пяцігадовага сына Мікіты з актыўнай спасылкай відэа на ютубе — зь месца забойства. І пытаньне: «Як табе відэа?» Я расцаніў гэта як чарговае запалохваньне мяне і маёй сям’і, зьвярнуўся ў пракуратуру. На жаль, і гарадзкая, і абласная пракуратура адмовіліся шукаць тых, хто ствараў вакол мяне атмасфэру страху.

Можна дадаць, што на мяжы, калі я ехаў машынай, мяне надзвычай пільна даглядалі, як якога гангстэра, экстрэміста ці кіраўніка мафіі. Не хапала толькі кайданкоў на руках. Забралі раздрукоўку з праваабарончага форуму і ноўтбук, каб зрабіць экспэртызу, як было заяўлена, на прадмет знаходжаньня ў ім нейкіх экстрэмісцкіх матэрыялаў. Ну й зусім нядаўна падатковая інспэкцыя запатрабавала ад мяне дэклярацыю пра даходы й маёмасьць за мінулыя тры гады, хаця ніякіх буйных пакупак за гэты час я не рабіў. Думаю, што гэта ўсё зьвёны аднаго ланцуга.

— Вы — праваабаронца. А ці заступіўся нехта за Вас у такой складанай сытуацыі?

У маю падтрымку выступілі многія беларускія праваабаронцы — каля трох дзясяткаў, у тым ліку й Алесь Бяляцкі.

— У маю падтрымку выступілі многія беларускія праваабаронцы — каля трох дзясяткаў, у тым ліку й Алесь Бяляцкі. Дзякуй усім! Замежныя партнэрскія арганізацыі таксама падтрымлівалі мяне — накіроўвалі лісты генэральнаму пракурору, у розныя ўрадавыя структуры, каб спынілі ўціск, пакінулі ў спакоі. Разумею, займаючыся праваабарончай дзейнасьцю, трэба быць надзвычай пільным. Думаю, што ня ўсім падабаецца тое, чым я займаюся, і асабліва мае стасункі з Камітэтам ААН правах чалавека. Дастаткова сказаць, што са 180 індывідуальных скаргаў, якія паступілі зь Беларусі ў Камітэт ААН, у мяне на камунікацыі з гэтай аўтарытэтнай міжнароднай структурай звыш паўсотні паведамленьняў беларускіх грамадзянаў, інтарэсы якіх я прадстаўляю.

На жаль, сытуацыя з правамі чалавека ў Беларусі не мяняецца істотна ў лепшы бок. На падыходзе чарговыя прэзыдэнцкія выбары, а былы кандыдат на прэзыдэнта Мікола Статкевіч усё яшчэ за кратамі. І ня толькі ён адзін, а й іншыя палітвязьні. Уладныя чыноўнікі гэтага нібы і не заўважаюць — заўважаюць хутчэй за ўсё праваабаронцаў, якія нагадваюць, што правы людзей у Беларусі парушаюцца.

Леанід Судаленка нарадзіўся ў 1966 годзе ў Брагінскім раёне. Паводле адукацыі — юрыст-правазнаўца. Бацька чатырох сыноў. Працаваў юрысконсультам у ААТ «Локан», ачольваў юрыдычную службу абласной управы «Белтрансгаз». Цяпер — рэгіянальны прававы інспэктар Беларускага незалежнага прафсаюзу РЭП, кіраўнік цэнтру «Стратэгічнай цяжбы». Зьяўляецца сябрам Аб’яднанай грамадзянскай партыі і ГА «БАЖ».

Двойчы вылучаўся кандыдатам ў дэпутаты парлямэнту па Хойніцкай выбарчай акрузе. Першы раз Цэнтравыбаркам з надуманых прычынаў не зарэгістраваў яго кандыдатам, затое Камітэт ААН, разгледзеўшы скаргу, прызнаў, што ягоныя канстытуцыйныя правы былі парушаныя. Другі раз сам зьняўся з выбараў супольна зь іншымі кандыдатамі ад АГП — на знак пратэсту, што выбары ў Беларусі не дэмакратычныя.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG