Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Два дні з валянтэрамі: вайна і мір


Гэта не журналісцкі матэрыял, таму што ў ім няма бесстароннасьці. У ім няма ні слова выдумкі. Але ў ім занадта шмат любові, гэтым ён і небесстароньні.

Гэты тэкст прысьвячаецца ўсім украінскім валянтэрам.

Дзень 1. Мір.

Калі б я была Хантэрам Томпсанам, дык пачала б са слоў «у мяне было». І далей ішоў бы самы недарэчны сьпіс для чалавека, які сабраўся на вайну.

Тры плюшавыя мядзьведзі, два кіляграмы «каровак», яшчэ тры кілё шакалядных цукерак, 20 падарункавых мяшкоў і навагоднія паштоўкі ад неабыякавых масквічоў — украінскім вайскоўцам і валянтэрам.

Ня тое каб гэта ўсё было неабходна, але калі зьбіраеш калекцыю, спыніцца ўжо цяжка. :)

Ўкраінскія сябры-валянтэры пагадзіліся ўзяць мяне ў паездку, рэдкая ўдача. Месца ў валянтэрскай машыне — на вагу золата, яна звычайна занятая грузамі. Таму «турыстаў» бяруць з сабой рэдка.

І ня толькі таму.

Валянтэры — крывяносная сыстэма гэтай вайны, яе маленькія безразважныя эрытрацыты. На машынах, якія развальваюцца ад старасьці, набытых дзе-небудзь у Польшчы за паўкошту, яны даедуць куды заўгодна. Яны едуць пад абстрэлы ў Пяскі і Шчасьце, крадуцца палямі і прасёлкамі, па тэрыторыях сэпаратыстаў, каб прывезьці ў якую-небудзь «с..у» цёплыя рэчы, ежу, мэдыкамэнты і дзіцячыя малюнкі. Самае неабходнае на фронце.

На «тым баку» валянтэраў ненавідзяць, значна больш, чым звычайных салдат, і амаль гэтак жа, як Правы сэктар. Трапіш у палон — не разьлічвай, што цябе абмяняюць.

Нонкамбатант? Ня чулі. Сардэчна запрашаем у яму, сынок.

Тыя, хто ня хоча здавацца ў палон, хаваюць у схованку гранату.

***

Мы моўчкі згаджаемся, што, мабыць, лепш узарвацца. За вокнамі лье дождж, мы зьбіраліся выехаць з Харкава а 9-й раніцы, але атрымліваецца, выедзем толькі пасьля 12-й. «Карціна алеем. Інтэлігенцыя едзе на вайну», — сьмяецца Жэнька. Мы сядзім на падлозе і фасуем цукеркі і паштоўкі па навагодніх пакеціках зь Дзядамі Марозамі. Док расьпіхвае па кішэнях рацыі і іншыя карысныя рэчы, назіраючы за сьвяточнай вакханаліяй.

Фасаваньне цукерак
Фасаваньне цукерак

Паштоўкі-цукеркі сабрала наша група масквічоў, якія дапамагаюць украінскім валянтэрам. Сяброўскае прывітаньне, пасольства добрай волі ў нашы недарэчныя часы. Сяброўка Волька засадзіла падпісваць паштоўкі сваю дачку — падлетка-анімэшніцу. «У межах палітінфармацыі», — сурова сказала яна.

Спадзяюся, там няма чаго-небудзь пра Наруто. :)

***

Едзем учатырох. Дружа Максімовіч, з Правага сэктару, сядзе за стырно. Я, Док і Жэнька — пасажыры.

Дакладней, упяцёх, калі лічыць Шчасьліўчыка.

Шчасьліўчык — мікрааўтобус бальзакаўскага ўзросту, па-старэчы капрызьлівы і па-дзявоцку непрадказальны. Падобна на тое, што ў яго ўсялілася чыясьці несьмяротная і вельмі вынаходлівая душа. Ніколі ня ведаеш, што адмовіць гэтым разам. У яго ляцелі тармазы, ён намёртва глух на трасе, і спаўзаў у кювет. Увогуле, усё як у показцы: «Зьнік сабака: адно вока, кульгае на заднюю лапу, адно вуха пакусана, другога — няма зусім, на пысе тры шнары. Адклікаецца на мянушку Шчасьліўчык».

Док, Жэнька, Дружа Максімовіч і Шчасьліўчык. Трое ў лодцы, ня лічачы фатографа.

Трое і Шчасьліўчык
Трое і Шчасьліўчык

Наш маршрут разьлічаны на 2 дні, а там як пашанцуе. За дзень да нас на той жа трасе, па якой мы паедзем у Дэбальцава, машына валянтэраў трапіла пад абстрэл.

«Яны вырульвалі і перакуліліся на трасе. Але народ быў бадзёры, падрыхтаваны — выскачылі ўчатырох, наваліліся, наўпрост пад абстрэлам паставілі машыну на колы і паскакалі далей. Усе жывыя-здаровыя», — распавядае Дружа.

— Жыць захочаш — ня так раскірэчысься! — ухмыляецца Док.

— Неее, мы гружанага Шчасьліўчыка ўчатырох не падымем, — Жэнька рэаліст і ня верыць у цудадзейную сілу стрэсу.

Жэнька і дзіцё
Жэнька і дзіцё

Жэньцы за 30, у яе вышэйшая матэматычная адукацыя і скептычны погляд на сьвет.

Яна працуе ў IT, праграміст-тэставальнік. Валянтэрыць у вольны ад працы час, у выніку вольнага часу ў яе не застаецца наогул. Як і грошай. Сёньня з раніцы яна пакінула паўзаробку на рынку — закупляла ежу для вайскоўцаў.

У Жэнькі дома — муж і маленькае дзіця. «Маці-валянтэр — бяда ў сям’і, — сьмяецца Жэнька. — Яшчэ крыху, і мяне звольняць ня толькі з працы, але і з хаты. Так што давайце вось без прыгодаў. Зьезьдзім і вернемся».

І мы едзем.

***

На трасе сьцяной валіць дождж. Мы едзем праз Ізюм і Славянск у Дзімітраў.

Першая мэта — дзіцячая бальніца ў Дзімітраве. Мы вязем туды некалькі скрыняў з мэдыкамэнтамі. Дзімітраў побач з Чырвонаармейскам, гэта амаль «прыфрантавы» горад, і бальніца пэрыядычна прымае ня толькі параненых грамадзянскіх, але і байцоў.

Цямнее хутка. Дарогі застаўленыя блёкпостамі, мы спыняемся на кожным і скідаем якую-небудзь дробязь. Разьменная манэта прыфрантавой паласы — цыгарэты і батарэйкі, як раней былі соль і запалкі.

— Хлопцы, вам трэба чаго?

— Нннам бы чаго-небудзь сухога з адзеньня — клацае зубамі зь цемры салдат з нашыўкамі «Беркута». Зь яго ліе ручаём. Былы праціўнік, можа, і ён стаяў на Майдане за шэрагам шчытоў, а Дружа глядзеў на яго, узважваючы ў далоні бутэльку з Молатавым.

— Зараз знойдзем, — Док і Дружа выходзяць пад дождж і рыюцца ў грузах. Док узяў з сабой некалькі скрыняў з «грамадзянскімі» цёплымі рэчамі. Яны ня ўсім патрэбныя, армія ўжо больш-менш апранутая. Але вось спатрэбіліся.

Хлопец зь «Беркута» з жартамі заляцаецца да мяне і правярае, ці ёсьць у мяне заручальны пярсьцёнак. Ёсьць. У суцяшэньне я выдаю яму навагодні падарунак ад масквічоў, з цукеркамі і паштоўкай.

«Дажыліся, — кідае празь плячо Дружа, разварочваецца на выезд зь блёкпоста. — Правасек прывёз мянтам падарункі ад маскалёў».

І сьмяецца.

***

У Дзімітраў прыяжджаем уначы. Дзіцячае аддзяленьне мясцовай бальніцы забітае бацькамі зь дзеткамі. Мы сядзім на лесьвіцы і чакаем загадчыцу, яна пад’едзе прыняць лекі праз 40 хвілінаў.

Док вяшчае нешта аб недасканаласьці Сусьвету. Жэнька разважае, як бы гэта незаўважна пракрасьціся ў сарцір дзіцячага аддзяленьня і не атрымаць па шыі ад дзяжурнай мэдсястры.

Док у Дзімітраўскай бальніцы
Док у Дзімітраўскай бальніцы

Жэнька ў бальніцы
Жэнька ў бальніцы

Док і Дружа
Док і Дружа

Загадчыца прыехала. Разгружаем скрыні зь лекамі.

«Пасьля таго, як Джорджа павесяць на шыбеніцы, горшым упакоўшчыкам у сьвеце стане Гарыс, — з асалодай цытуе Док, корпаючыся ў скрынях пад залевай. — Дружа, гэта я пра цябе!»

У аддзяленьні плачуць дзеці, бацькі паўз нас цягнуць малых у кансультацыю і назад, азіраючыся на шаўрон Правага сэктара ў Дружа Максімовіча на плячы.

«А сэпарскіх немаўлятаў памяняем на лекі і зьямо», — шэпча мне на вуха Док. Бязь сьцёбу з «маскоўскага журналіста» ён не вытрымлівае і гадзіны.

Дружа здае лекі
Дружа здае лекі

Дружа зьвярае скрыні зь ведамасьцю і апавядае загадчыцы пра моцны прэпарат для пацярпелых зь вялікай плошчай апёкаў.

«Гэта асабіста ад нас на ўсялякі выпадак, для байцоў. І вось яшчэ: тут у асноўным экстраныя абязбольвальныя. Мы будзем падвозіць лекі рэгулярна, бясплатна. Галоўнае — добра стаўцеся да нашых хлопцаў».

Загадчыца глядзіць на яго ва ўпор стомленымі вачыма.

— Мне можна выдаткоўваць гэтыя лекі на мірных жыхароў? Напрыклад, калі дзяцей з апёкамі прывязуць?

Дружа быццам спрабуе праглынуць штосьці, што захрасае ў яго ў горле.

— Што мы, ня людзі, ці што? Вядома, лекуйце. Толькі хлопцам што-небудзь пакіньце.

(Бальніцы ў прыфрантавых гарадах — асобны галаўны боль. У іх не хапае ўсяго. У многіх частка пэрсаналу падтрымлівала і падтрымлівае прарасейскія сілы. Улетку, калі лінія фронту рухалася туды-сюды, былі выпадкі — «здавалі» параненых украінскіх вайскоўцаў. «Прывозіш ім лекі, а яны на цябе ваўком глядзяць, так і прапальваюць вачыма, — распавядае Дружа. — Да хлопцаў дрэнна ставіліся, не лячылі. Але гэта ня тут. Тут быццам нармальныя»).

Дружа стаіць ля ганка, пад залевай і паліць. На ганку паліць нельга, там праходзяць бацькі зь дзецьмі.

Дзеці ў Дзімітраўскай бальніцы
Дзеці ў Дзімітраўскай бальніцы

***

Мы даяжджаем да наступнай кропкі, гэта Арцёмаўск. Час уладкоўвацца кудысьці пераночыць. Усе стаміліся, ехаць у «чырвоную зону» ў цемры — глупства і бессэнсоўна. Па дарозе Док тэлефануе знаёмым артылерыстам, на чый бліндаж мы разьлічвалі. Але іх падтапіла дажджом, і нам трэба шукаць дзе пераночыць недзе ў горадзе.

Кватэры і гатэлі забітыя пад завязку. Чырвоны Крыж, вайскоўцы, валянтэры і «пэнсійныя турысты» — людзі з тэрыторыі ДНР, якія прыяжджаюць у бліжэйшыя гарады, каб аформіцца як уцекачы і атрымліваць пэнсіі і дапамогі.

Нарэшце, мы знаходзім сабе адзіны нумар, патасны і аднамесцавы, куды ўвальваемся ўчатырох. Пасьля дня ў палях дзікавата сядзець пасярод эўрарамонту і піць гарбату ды каньяк. Заўтра раньні пад’ём, ужо гадзіна ночы, але не, нам яшчэ трэба пагаварыць.

***

— Адкуль такі пазыўны — Дружа Максімовіч?

Дружа, ужо нападпітку і сонны, ажыўляецца.

— Максімовіч, ён жа Кум — гэта вядомы лекар УПА, ён выратаваў сотні людзей. Ён быў габрэем, яго звалі Самуэль Нойман. У гады вайны паўстанцы УПА выратавалі яго, і ён застаўся зь імі да канца. Загінуў у 1946 годзе, у баі з НКВД, абараняючы шпіталь з параненымі паўстанцамі.

А Нойман узяў сваю мянушку ў гонар іншага лекара. Быў у 18-м стагодзьдзі такі знакаміты ўкраінскі мэдык Нестар Максімовіч Амбодзік-Максімовіч. Імя па бацьку і прозьвішча аднолькавыя. Праз гэта ён узяў сабе прыстаўку да прозьвішча — Амбодзік. Значыць — скажы двойчы. Ён вучыўся мэдыцыне ў Страсбуры, выкладаў у Пецярбургу, напісаў першы ў Расейскай імпэрыі падручнік па акушэрскай справе. Ён мой зямляк — нарадзіўся ў вёсцы Вепрык Палтаўскай вобласьці. Мае продкі таксама родам адтуль.

***

Дружа
Дружа

Дружа — высокі, вуглаваты, пануры і ў акулярах з магутнымі дыёптрыямі. Патомны лекар, кандыдат мэдыцынскіх навук, псыхіятар, спэцыяліст па нэўрозах.

Выкладаў ва ўкраінскіх ВНУ, здаецца, усе дысцыпліны, якія маюць хоць нейкае дачыненьне да яго спэцыяльнасьці, — ад гіпнозу да сацыяльнай псыхалёгіі.

«Ён на самай справе сонечны хлопчык, — шэпча мне Жэнька. — І толькі часам у яго ўключаецца рэжым „злы правасек“. Я думаю, гэта посттраўматычны сындром».

Док і Дружа былі мэдыкамі Майдану. Харкаўчанін Максімовіч езьдзіў да кіяўляніна Дока адмыцца ад сажы і паспаць.

Док апэрыраваў у шпіталі ў Доме Прафсаюзаў. Да гэтага часу ён заводзіцца, калі пры ім распавядаюць пра «згарэлых параненых падчас пажару на Прафсаюзах». Тады спэцназ распачаў спробу штурму, і ў Палацы пачаўся пажар.

«Не было там згарэлых параненых! Пі...ёж. Мы ўсіх эвакуявалі! — Злуецца Док, ад чаго яшчэ больш становіцца падобны да сівога мядзьведзя. — Ці не эвакуявалі толькі памерлых».

«А памятаеш, як мы праспалі страляніну 20 лютага, — адклікаецца Дружа. — З 18 па 20 лютага ўвесь час на нагах, штурм за штурмам. І толькі зваліліся паспаць — на табе!»

Дружа Максімовіч адзін зь першых яшчэ падчас штурму Палаца Прафсаюзаў пайшоў разгортваць мэдпункт наўпрост у саборы Міхайлаўскага манастыра. Многія спрачаліся: у саборы катэгарычна забаронена праліваць кроў, а хірург яе так ці інакш пралівае. І тады праваслаўны Максімовіч сказаў: «Заносьце параненых. Няхай грэх будзе на мне».

І 2 дні пасьля гэтага ўвесь Міхайлаўскі манастыр замольваў грахі лекара-псыхіятра, пазыўны Дружа Максімовіч.

***

«Памятаю, падчас Майдану ляжаў у нас на Прафсаюзах паранены ў плячо хлопец з УНСО. Мы яму кулю вынялі з-пад ключыцы, — прыгадвае Док. — Яго пабрацім узяў кулю, пакруціў у руках:

— Ого! 7,62! Дай хлопцам пакажу.

— Не! Гэта — мая! Ідзі сабе сваю пашукай.

Здаецца, усё правільна, але неяк двухсэнсоўна!» — сьмяецца Док.

Мы валімся спаць бліжэй да гадзіны. Заўтра нас чакае пад’ём а 6-ай раніцы і вылазка ў Дэбальцаўскі мяшок.

Аўтар тэксту і фота — Дар’я Кастэнка,
беларуская журналістка, цяпер працуе ў Маскве

Дар’я Кастэнка
Дар’я Кастэнка

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG