Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Год пасьля Майдану. Твары і лёсы


Пратэст на Майдане незалежнасьці, Кіеў, 8 сьнежня 2013 году.

Пратэст на Майдане незалежнасьці, Кіеў, 8 сьнежня 2013 году.

Праз год пасьля пачатку пратэстнага руху ў Кіеве героі Эўрамайдану згадваюць тыя драматычныя падзеі, сваіх блізкіх і сяброў ды кажуць аб сваіх спадзевах на будучыню Ўкраіны.

Роўна год таму, 21 лістапада 2013 году, у Кіеве на Майдане незалежнасьці зарадзіўся пратэстны рух, які стаў вядома як «Эўрамайдан».

Масавыя выступы супраць палітыкі прэзыдэнта Ўкраіны працягваліся ўсю зіму 2013-2014 гадоў, а сілавое супрацьстаяньне з падкантрольнымі Віктару Януковічу сілавымі службамі прывяло да шматлікіх ахвяраў і да зьвяржэньня яго ўлады і абраньня новага прэзыдэнта і парлямэнта.

Сёньня ў Кіеве адзначаюць першую гадавіну «Эўрамайдану» і ўзгадваюць усіх тых, хто загінуў, а таксама жывых, хто дапамог зьмяніць ход гісторыі Ўкраіны. На працягу некалькіх напружаных месяцаў, пачынаючы з канца лістапада, сьвет убачыў шмат асоб новай Украіны — палітычных лідэраў, зорак культуры і шоў-бізнэсу і, галоўнае, шараговых грамадзян, якія не змаглі абыякава назіраць за тым, што адбываецца і выйшлі на Майдан.

Людзі гатовыя рабіць свой унёсак

Назар Баярскі ў дні супрацьстаяньня ў Кіеве працаваў у групе «Эўрамайдан SOS», арганізаванай валянтэрамі для пошукаў дзясяткаў сваіх зьніклых без вестак таварышаў. Паводле яго слоў, лёс каля 30 чалавек ўсталяваць не атрымалася да гэтага часу. Сёньня ён працягвае дзейнасьць адваката і праваабаронцы і падкрэсьлівае, што дух узаемадапамогі і таварыства, які нарадзіўся на Майдане ў тыя трывожныя дні, жывы да гэтага часу:

Вось вам Эўропа. Карціна мастачкі Марыны Сочанка, удзельніцы Эўрамайдану.

Вось вам Эўропа. Карціна мастачкі Марыны Сочанка, удзельніцы Эўрамайдану.

«Вы бачыце яго ў вачах валянтэраў, якія зьяўляюцца, каб патрымаць нас, чым могуць, пачынаючы ад высакаклясных адвакатаў, гатовых ахвяраваць прыбыткам і, каб дапамагчы затрыманым, працаваць бясплатна, і заканчваючы нейкі выдатнай жанчынай, якая прыходзіць да нас у офіс рыхтаваць ежу. Ўсьведамленьне гэтага факту — што людзі гатовыя ня толькі суперажываць, але і ўносіць свой унёсак — самае яркае ўражаньне для мяне за ўвесь мінулы год».

Баярскі адзначыў сваё 25-годзьдзе на Майдане 30 лістапада мінулага году — у той самы трагічны дзень, калі байцы спэцпадразьдзяленьня «Беркут» атакавалі пратэстоўцаў. У гэтым годзе ён разьлічвае, што сьвяткаваньне пройдзе ў больш спакойнай абстаноўцы:

«Гэты вечар я правяду ў коле сваіх родных і блізкіх сяброў. На жаль, мінулы год, з-за таго, што ў мяне на іх не было часу, яны пакутавалі, і цяпер я хачу бачыць толькі іх».

Я была вельмі нясьмелай

Галіна Трафанюк, якая гатавала ежу для дэманстрантаў, кажа, што моцна зьмянілася за тры месяцы, праведзеных на Майдане ў Кіеве.

Галіна Трафанюк.

Галіна Трафанюк.

Яна сьмяецца над тым, што калісьці лічыла сябе вельмі нясьмелай і запэўнівае, што сёньня зь ёй, што называецца, ня варта зьвязвацца — у выпадку неабходнасьці яна асабіста гатовая зноў сабраць людзей і падняць іх на барацьбу. Таварышы па пратэстным руху клікалі яе «мамай» — за ўзрушаючую здольнасьць хутка арганізаваць гарачае харчаваньне для вялікай колькасьці народу.

Калі Галіна Трафанюк вярнулася ў родную вёску Расахач, яна стала мясцовай знакамітасьцю. З сабой з Кіева яна прывезла сьцяг Украіны, які да гэтага часу лунае над мясцовым клюбам. Дачка Галіны, якая была разам зь ёй на Майдане, выйшла замуж і нарадзіла сына, зачатага падчас пратэстаў:

«Яны прыйшлі туды ўдваіх, а вярнуліся адтуль ужо ўтрох. Так, там у іх пачаўся такі маленькі раман. І зьявіўся маленькі майданавец, казак!»

Сёньня Галіна Трафанюк езьдзіць у Польшчу на працу, пераводзіць частку атрыманых грошай на патрэбы ўкраінскай арміі і рэгулярна здае кроў. Пры гэтым яна збольшага ня можа схаваць свайго расчараваньня, падкрэсьліваючы, што баіцца, што ўкраінскія палітыкі так і не зрабілі высноваў з таго, што адбылося ў мінулую зіму:

«Можа здарыцца і новы Майдан, калі палітыкі не зразумеюць, што яны зараз ствараюць хаос. Народ рыхтуецца да горшага, і многія расчараваліся нават у Майдане. Яны зьнікаюць, разьяжджаюцца хто куды. Часам мне нават сорамна цяпер казаць, што я была на Майдане, што мы стаялі там за праўду, за лепшае жыцьцё. Нам патрэбныя разумныя палітыкі, такія, каб людзі бачылі, што іх сыны не паміраюць ні за што».

Для мяне ўсё засталося па-ранейшаму

У халодныя дні канца мінулага сьнежня студэнтка Сафія Марчанка раздавала ўдзельнікам Майдана прыгатаванае ёю печыва.

«Салодкае заўсёды ўздымае людзям настрой, — кажа яна, — і мне падабалася бачыць усьмешкі, калі яны бралі печыва, чуць, як яны дзякуюць мяне».

Сёньня Сафіі ўжо 19 гадоў, яна вярнулася ва ўнівэрсытэт і рыхтуецца пашыраць свой маленькі кандытарскі бізнэс. Але, па яе словах, ўспаміны пра Майдан заўсёды зь ёй, і яны ніколькі не пацямнелі:

Сафія Марчанка.

Сафія Марчанка.

«Самыя яркія ўспаміны — гэта не нейкі адзін пэўны момант, калі што-небудзь здарылася, або хтосьці што-небудзь сказаў. Мне запомніўся агульны настрой, калі ўсе сталі адной вялікай сям’ёй, і ўсе стараліся адзін аднаму дапамагчы».

Нягледзячы на моцны мароз і асьцярогі бацькоў за бясьпеку дачкі, Сафія шмат разоў прыходзіла на Майдан, каб раздаваць сваё печыва. Акрамя таго, падчас пратэстных месяцаў яна зьбірала грошы і прадметы першай неабходнасьці для дэманстрантаў. Год пазьней яна кажа, што для яе і для яе сяброў дух Майдана да гэтага часу жывы, усё засталося па-ранейшаму. Перажытае назаўжды зьмяніла яе і вельмі многіх, хоць і не ўсіх, жыхароў Украіны:

«Я была гатовая да пераменаў. І зараз я гатовая прайсьці праз гэты нязручны, некамфортны пэрыяд, калі такі высокі курс даляра, калі здараецца то адно, то іншае, калі узьнікаюць новыя праблемы. Але гэта варта перажыць, каб у будучыні ўсё пайшло на лад. У нас, у вэтэранаў Майдану, памянялася мысьленьне. Зараз людзі думаюць не пра тое, што можа даць ім Украіна, а што яны самі гатовыя даць Украіне. Менавіта ў гэтым заключаецца любоў да сваёй краіны. І я вельмі расчараваная тым, што вельмі многія людзі да гэтага часу не разумеюць гэтага».

Смутак па бацьку

Студэнтка Архітэктурнага інстытуту Ўльяна Вярбіцкая да гэтага часу носіць жалобу па свайму бацьку Юрыю, сэйсмолягу са Львова, мяккаму і спакойнаму чалавеку, які ў канцы мінулага года сышоў з працы і паехаў у Кіеў, каб удзельнічаць у маніфэстацыях на Майдане. Ён працаваў на кухні ў лягеры дэманстрантаў, рыхтаваў ім бутэрброды і падтрымліваў калег гарачай гарбатай і гарачымі словамі. 22 студзеня гэтага году пасьля двух месяцаў супрацьстаяньня з міліцэйскім спэцназам цела Юрыя Вярбіцкага са слядамі страшных катаваньняў было знойдзенае ў лесе ў ваколіцах ўкраінскай сталіцы. Ён стаў адной з першых ахвяр Эўрамайдану.

Партрэт Юрыя Вярбіцкага, праца мастачкі Марыны Сочанка.

Партрэт Юрыя Вярбіцкага, праца мастачкі Марыны Сочанка.

У апошні раз Ульяна бачыла бацьку ў адным з кіеўскіх шпіталяў, куды ён трапіў з асколкамі гранаты са сьлёзацечным газам у воку. Празь некаторы час яго і яго таварыша, журналіста і актывіста пратэстнага руху Ігара Луцэнку, выкралі з лякарні некалькі невядомых мужчын. На наступны дзень Луцэнка вярнуўся — па-зьверску збіты, але жывы. Выкрадальнікі, паводле ягоных слоў, білі іх, катавалі і ўвесь час пыталіся аб актыўнасьці на «Эўрамайдане». Потым іх абодвух, мабыць, у розных месцах, выкінулі ў лесе на марозе. Луцэнка здолеў дабрацца да людзей, а бацька Ульяны — не.

Экспэртыза паказала, што Юры, не маючы сіл паварушыцца, замёрз да сьмерці. Паводле новых уладаў Украіны, сьмерць Юрыя Вярбіцкага была наўпрост санкцыянаваная вышэйшымі афіцэрамі і чыноўнікамі МУС і Генэральнай пракуратуры ўраду былога прэзыдэнта Віктара Януковіча. З 13 чалавек, абвешчаных падазраванымі па гэтай справе, да гэтага часу арыштаваны толькі адзін.

XS
SM
MD
LG