Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аналітык пра дэкрэт № 7: «Магчыма, гэта першы крок да абмежаваньня хаджэньня валюты ў краіне»


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Дэкрэт прэзыдэнта № 7 накіраваны на тое, каб людзі трымалі грошы ў беларускіх банках, але эфэкт можа выявіцца адваротным. Такое меркаваньне выказваюць экспэрты.

Фінансавы аналітык Валеры Палхоўскі ў інтэрвію Свабодзе падкрэсьліў, што мэта прэзыдэнцкага дэкрэту — стымуляваць насельніцтва да таго, каб яно трымала грошы на ўкладах у беларускіх банках больш як адзін год.

Валеры Палхоўскі
Валеры Палхоўскі

«Мне здаецца, што асноўная мэта дэкрэту ў тым, каб стварыць пэўныя эканамічныя дэматыватары для тых укладчыкаў, якія ня хочуць захоўваць свае зьберажэньні ў беларускіх рублях больш чым адзін год. Таму што ў працэсе нашых апошніх эканамічных цяжкасьцяў (дэвальвацыі і іншае) ва ўкладчыкаў ужо сфармавалася пэўная мадэль паводзінаў. Пасьля дэвальвацыйнага вітка пры падвышаных стаўках яны мяняюць сваю валюту на беларускія рублі і, у прынцыпе, атрымліваюць сваю выгаду ад больш высокіх ставак, але потым пры першай неабходнасьці канвэртуюцца назад. Такім чынам, яны атрымліваюць максымальную выгаду ад высокіх ставак. Для самой банкаўскай сыстэмы такі спэкулятыўны падыход ня вельмі пазытыўны. Таму тут ствараецца эканамічны дэматыватар: калі вы трымаеце зьберажэньні менш за адзін год, то заплаціце, калі ласка, падаходны падатак», — кажа экспэрт.

Палхоўскі лічыць, што дэкрэт не прывядзе да таго, што людзі наагул адмовяцца несьці грошы ў банкі.

«У прынцыпе, любы чалавек можа сесьці і палічыць. Вы ж плаціце падаходны падатак не са ўсяго вашага ўкладу, а з даходу, які вы атрымаеце з гэтага ўкладу, і падатак невялікі — 13%. У прынцыпе, гэта не такія вялікія сумы для таго, каб проста адбіць ахвоту і жаданьне несьці свае зьберажэньні ў беларускія банкі, тым больш што стаўкі па гэтых укладах досыць высокія. Нейкую пэўную зьбянтэжанасьць зараз могуць адчуваць укладчыкі, для іх гэта можа стацца нечаканым і крыху непрыемным момантам, але я думаю, што гэта будзе хутка пераадолена. Улічваючы высокую даходнасьць укладаў, гэта наўрад ці стане фактарам, які прывядзе да таго, што людзі перастануць несьці грошы ў банкі», — лічыць фінансавы аналітык.

Эканаміст Леанід Злотнікаў зьвяртае ўвагу, што абмежаваньні па дэпазытах уводзяцца менавіта прэзыдэнцкім дэкрэтам, хоць такія пытаньні можна было вырашыць праз папраўкі ў Банкаўскі кодэкс.

Леанід Злотнікаў
Леанід Злотнікаў

«Фактычна пачынаецца прыгон насельніцтва. Цалкам можа быць, што гэта першы крок да абмежаваньня хаджэньня валюты ў краіне. Бо сапраўды незразумела, навошта было прымаць дэкрэт і ўводзіць такія абмежаваньні. Бо ў рамках дамовы кліента і банка можна наагул што заўгодна напісаць», — кажа экспэрт.

Злотнікаў ня раіць людзям несьці грошы ў банкі на такіх умовах.

«Я б сказаў адназначна, што ня варта рабіць уклады ва ўмовах, калі датэрмінова зьняць нельга. Бо сытуацыя эканамічная ў Беларусі застаецца няўстойлівай, прэзыдэнт рэформаў ня хоча, браць крэдыты і пазыкі ўсё складаней. Таму я ня бачу, за кошт чаго можа палепшыцца сытуацыя ў эканоміцы Беларусі. А калі сытуацыя будзе пагаршацца, цалкам могуць пачацца мерапрыемствы з боку ўраду па абмежаваньні хаджэньня валюты. Быў СССР, і ёсьць досьвед старэйшых пакаленьняў, калі і на аблігацыі дзяржаўнай пазыкі падпісвалі, а потым гэтыя аблігацыі ператварыліся проста ў фанцікі. І мы ідзем па гэтым шляху», — лічыць эканаміст.

Кіраўнік фонду Мізэса Яраслаў Раманчук у інтэрвію БелаПАН адзначыў, што любыя новыя падаткі — гэта скарачэньне прыватнага спажываньня і інвэстыцыяў.

Яраслаў Раманчук
Яраслаў Раманчук

Паводле прагнозу Раманчука, у сувязі з новымі ўмовамі да банкаў «ня дойдзе» прыкладна 15% цяперашніх дэпазытаў. «Народ пераарыентуецца на „панчохі“, асабліва калі будзе дэвальвацыя, а такая небясьпека ёсьць», — лічыць эканаміст. Акрамя таго, мяркуе ён, дэкрэт можа вярнуць да жыцьця старыя «страшылкі» аб прымусовым пераводзе валютных укладаў у рублёвыя.

Падатак на працэнты з дэпазытаў існуе ня толькі ў Беларусі.

Як паведамляе TUT.by, у Літве такі падатак уведзены з 1 студзеня 2014 году — літоўцы плацяць 15% ад даходаў з дэпазыту.

У Расеі абкладаюцца падаткам дэпазыты з працэнтнай стаўкай больш як 21%. Падатак складае 35%. Але гэты падатак утрымліваецца не з усяго даходу, а толькі з той розьніцы, якая перавышае норму ў 21%.

Ва Ўкраіне плацяць падатак памерам 15%, у Латвіі — 10%, у Польшчы — 19%.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG