Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Уклады на дэпазытах могуць скараціцца, — Багданкевіч


Станіслаў Багданкевіч

Станіслаў Багданкевіч

Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка падпісаў дэкрэт, згодна зь якім уводзіцца падаходны падатак на працэнты па некаторых укладах для фізычных асобаў.

Былы старшыня Нацбанку Станіслаў Багданкевіч пракамэнтаваў гэты дэкрэт для Свабоды:

— Гэта сьведчаньне таго, што ў нас туга зь фінансамі, трэба папаўняць бюджэт. І ўрад шукае любыя шляхі для папаўненьня бюджэту. Зь іншага боку, гэта спроба стабілізацыі на дэпазытным рынку, на грашовым рынку. Каб людзі панесьлі грошы на дэпазыты на большыя тэрміны і не маглі адразу іх зьняць. Гэта спроба адміністратыўна, з дапамогай падаткавага пакараньня, стабілізаваць рэсурсы для банкаў. У некаторых краінах нешта падобнае ёсьць. Гэта ў тых краінах, дзе дрэнныя справы з інфляцыяй, няўстойлівай валютай і так далей. Там прымаюць любыя меры, у тым ліку падобныя і да тых, якія прымае прэзыдэнт Беларусі.

Паводле Багданкевіча, гэты дэкрэт можа прывесьці да таго, што ўклады на дэпазытах могуць скараціцца:

— Людзі пачнуць больш укладаць свае вольныя грошы ў іншыя актывы. З боку ўлады гэта спроба атрымаць дадатковую капейку ў бюджэт, улічваючы эканамічны і фінансавы крызіс. Гэта спроба замацаваць уклады ў банках, каб людзі не сьпяшаліся іх здымаць. І такім чынам стабілізаваць інфляцыю і валютны курс. Як спрацуюць гэтыя захады, паглядзім. Я не хацеў бы гэта асабліва камэнтаваць. Я разумею, чым гэта выклікана. Гэта выклікана крызісам у эканоміцы.

— Што вы параіце людзям, што ім рабіць у гэтай сытуацыі?

— Я хачу параіць, каб людзі патрабавалі ад уладаў правядзеньня рэформаў, якія ўжо даўно насьпелі і перасьпелі. Каб сытуацыя ў эканоміцы палепшылася. Людзі павінны ўплываць на склад ураду, каб ён быў рэфарматарскім. Каб у нас ажывілася эканоміка, рос валавы прадукт. Як паказалі выбары, насельніцтва галасуе за тых, хто давёў краіну да крызісу, да гэтых падаткаў. Таму няхай насельніцтва думае. Калі гэта яго задавальняе, то калі ласка.

— Але несьці грошы ў банкі ці не?

— У каго ёсьць лішнія грошы, іх трэба несьці больш, чым на адзін год. Тады ня будзе падаткаў. Калі ёсьць валюта, трэба класьці больш як на два гады, тады ня будзе падаткаў. Так я зразумеў гэты дэкрэт. Ён накіраваны на тое, каб людзі ўклалі грошы ў банкі на больш жорсткіх умовах і на большыя тэрміны. Каб даць магчымасьць банкам выдаваць больш доўгатэрміновыя крэдыты на разьвіцьцё эканомікі. Мэты, як заўсёды, высакародныя. Але ўсё гэта выклікана тым, што краіна знаходзіцца ў глыбокім крызісе. Таму трэба, каб заўтра зьвіўся ўрад на чале з падрыхтаваным дзяржаўным дзеячам, які будзе сьмела праводзіць рэформы ў імя народу і пад’ёму эканомікі. А не ў імя таго, каб утрымацца ва ўладзе. А так у нас няма іншых інструмэнтаў, дзе класьці грошы. У іншых краінах з рынкавай эканомікай можна набыць акцыі прадпрыемстваў, якія працуюць эфэктыўна. Калі б у нас былі акцыі рэнтабэльных нафтаперапрацоўчых заводаў ці здабываючых калійныя солі, то можна было б рэкамэндаваць ня ў банкі несьці грошы, а ўкладаць у гэтыя прадпрыемствы і атрымліваць высокія працэнты, больш высокія дэвідэнды. Але ў нас гэтага няма. А чаму? Бо Лукашэнка ня хоча рэформаў, ня хоча перабудоўваць структуру ўпраўленьня эканомікай, сярод іншага ствараць рынкавы фінансавы сэктар эканомікі. У нас яго проста няма.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG