Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьвятлана Алексіевіч: Расейцам яшчэ будзе сорамна за сваё «зацьменьне розуму»


У інтэрвію польскаму інтэрнэтнаму парталу onet.pl беларуская ляўрэатка Нобэлеўскай прэміі па літаратуры Сьвятлана Алексіевіч расказала пра рэакцыю ў Беларусі і Расеі на яе прэмію і пра сваё бачаньне сытуацыі ў Расеі.

Як Беларусь і Расея ўспрынялі зьвестку пра прысуджэньне вам Нобэлеўскай прэміі?

Сьвятлана Алексіевіч: Беларусы вельмі задаволеныя. Я была вельмі зьдзіўленая, калі на прэс-канфэрэнцыю пасьля абвяшчэньня прэміі прыйшлі ня толькі журналісты, але і натоўп беларусаў, якія абнімаліся, радаваліся, нават плакалі ад эмоцыяў. Гэта быў для мяне шок, я не чакала такой рэакцыі. А тое, што можна было пабачыць ў расейскіх блогах, было жахлівае. Абзывалі мяне русафобам і здраднікам, якога аплачвае Дзярждэпартамэнт. Усялякая такая лухта.

Але прэзыдэнт Лукашэнка павіншаваў вас.

Сьвятлана Алексіевіч: Так, але ня ён быў першы. Спачатку мяне павіншаваў прэзыдэнт Нямеччыны, потым прэзыдэнт Украіны, і нават Гарбачоў.

А Пуцін маўчыць.

Сьвятлана Алексіевіч: Таму што ў мяне цьвёрдая пазыцыя ў пытаньні Ўкраіны. Я выразна кажу, што тое, што Пуцін зрабіў ва Ўкраіне — гэта акупацыя, уварваньне на тэрыторыю іншай дзяржавы. Расея цяпер — падзеленая краіна. Гэта ўжо не адна Расея, а дзьве, і гэтыя дзьве Расеі змагаюцца адна з адной. Пуцін разьвязаў там грамадзянскую вайну. Праўда, у Расеі пра прысуджэньне мне Нобэля напісалі шмат добрага, але ёсьць таксама шмат агрэсіўнасьці з боку прыхільнікаў Пуціна, гэтых так званых «патрыётаў». Рэакцыі такія, якія ў вас выклікала Вольга Такарчук. Паспрабуй сказаць праўду, то адразу будзеш вінаватай ва ўсім. Мяне прэміявалі як беларускую пісьменьніцу, але я пішу па-расейску, і я шосты пісьменьнік з Нобэлем, які піша на гэтай мове. Ніводзін з гэтых ляўрэатаў ня быў ацэнены ў Расеі. Пастэрнака прымусілі адмовіцца ад прэміі. Буніна лічылі адшчапенцам і здраднікам. З Бродзкім было тое ж. Так адносіліся да ўсіх за выключэньнем Шолахава, бо ён быў ляяльны да Сталіна. Усіх астатніх называлі ў прэсе шалёнымі сабакамі, здраднікамі, хацелі выгнаць з краіны.

Адкуль бярэцца такое прыніжэньне ўласных творцаў?

Сьвятлана Алексіевіч: Згаданы Бунін глядзеў на рэвалюцыю, сацыялізм так, як мы глядзім на гэта сёньня. Ён апераджаў сваю эпоху і таму яго не прызнавалі. Падобна было з Пастарнакам, які пасьля 70 гадоў зьяўляецца блізкім нам, а быў чужы для сваёй эпохі. Сёньня мяне і іншых пісьменьнікаў — Уліцкую, Акуніна — атакуюць за тое, што мы кажам пра Пуціна. Прыйдзе такі час, калі расейскаму народу зробіцца сорамна за тое, што ён робіць, і ён будзе думаць пра «пуцінскі пэрыяд» як пра зацьменьне розуму, так як сёньня немцы згадваюць 1930-я гады.

Вы думаеце, гэта магчыма?

Сьвятлана Алексіевіч: Калісьці здавалася, што Сталін будзе жыць вечна. Мінуў час, і мы можам адпаведна ацаніць яго. Хоць цяпер Пуцін напэўна лічыць Сталіна вялікім правадыром. Усё яшчэ стаўляюць яму музэі, хоць на сьвеце такія музэі закрываюць. Часу нельга спыніць. Малыя і вялікія дыктатары — часовыя фігуры. Ну бо дзе сёньня Гітлер, Мусаліні, Сталін?

Тут мы гаворым пра людзей у вярхах, а што са звычайнымі грамадзянамі? У кнізе «Час сэканд-хэнд» вы паказваеце тых «маленькіх» расейцаў. Камунізм абваліўся, але ў іх — застаўся.

Сьвятлана Алексіевіч: Так. Яны нават самі пра сябе гавораць, што «Савецкага Саюзу няма, але мы (яго грамадзяне) засталіся». Я сачу за гэтым фэномэнам, бо мяне цікавіць, што так захапіла, загіпнатызавала людзей у гэтай ідэі і чаму ім так цяжка зь ёю расстацца. Я думаю, гэта зьвязана з тым, што мы, дэмакраты, ня выкарысталі свайго шанцу, празявалі яго. Калі выедзеш зь вялікага гораду на вёску або ў мястэчка, убачыш жахлівыя карціны. Тыя зьбяднелыя людзі пачынаюць адчуваць настальгію па мінулым. Ім здаецца, што тады дзяржава больш клапацілася пра звычайнага чалавека, была нейкая роўнасьць у грамадзтве. А цяпер, калі ня маеш грошай, пачуеш «пайшоў прэч».

Нават у Польшчы сярод старэйшага пакаленьня можна пачуць лёзунг «пры камуне было лепей».

Сьвятлана Алексіевіч: Вось менавіта, хоць сытуацыя ў Польшчы памянялася дыямэтральна і незваротна. У нас, у Расеі, расьце маладое пакаленьне, у якога бацькі — простыя людзі, у іх няма абсалютна нічога, яны ня могуць адукаваць дзяцей, бо ня маюць за што. Яны пачынаюць згадваць час, калі ня трэба было мець грошы, каб вучыцца ва ўнівэрсытэце або лячыцца. Сёньняшні пэрыяд цяжкі, таму што малы адсотак абакраў гэтую краіну, а астатнія засталіся безь нічога.

Гэта такое жыцьцё ў міталёгіі.

Сьвятлана Алексіевіч: І ўсе мае кнігі разьвенчваюць міты. Напрыклад, у апошняй, якую выдалі ў Польшчы, «Цынкавых хлопчыках», я змагаюся зь мітам, што мы такія вялікія і справядлівыя, што мы ўсюды стараемся ўсталяваць мір. А ў Аўганістане расейцаў называлі «савецкімі гітлераўцамі». Так мы ўсталёўвалі мір. За гэты разьлік зь мінулым мяне паставілі перад судом.

Вось менавіта. Пад канец кнігі вы пішаце пра гэта. Тое, што ўражвае ў гэтым разьдзеле, гэта вялікі дысананс між тым, што героі казалі вам, і што яны сьведчылі ў судзе, і то ў вашай прысутнасьці. Як быццам іх нехта намовіў.

Сьвятлана Алексіевіч: Адна з салдацкіх маці сказала мне: «Я вам сказала, каб вы зразумелі, што я перажыла, але кніжкі пра гэта ня трэба пісаць». Гэта адна з найлепшых гісторый у кнізе: гісторыя маці, якая сама выхавала сына. Мне пазванілі яе сяброўкі і сказалі, што прывезьлі труну зь целам яе сына. Гэтая жанчына сказала мне, што сын быў звычайным сталяром, не салдатам. Яго прызвалі на службу, але ў арміі нічога яго не навучылі: ні страляць, ні кідаць гранаты. Падчас службы ён рамантаваў дачу генэрала, і раптам яго паслалі на вайну — яго забілі ўжо на першым тыдні. І гэтая маці папрасіла мяне, каб я напісала ўсю праўду. Я напісала. Гэта страшны аповед... Я прыходжу ў суд і бачу, што тат гэтая жанчына, будзе сьведчыць у працэсе супраць мяне. Пытаю: «Наташа, што ты тут робіш?» А яна адказвае мне; «Я хачу сына героя, а ня сына забойцу, як у цябе».

Значыць, для іх гонар важнейшы, чым праўда?

Сьвятлана Алексіевіч: Расейскім салдатам лёгка «прамываць мазгі», яны — частка ідэалёгіі. Я не лічу, што ў Расеі жывуць ідыёты. Гэта вельмі разумныя людзі, але калі пяць тэлеканалаў кожны дзень гавораць пра фашыстаў і бандэраўцаў ва Ўкраіне, то людзі пачынаюць верыць у гэта. І яны цьвёрда ўпэўненыя, што там ваююць палякі, амэрыканцы, але расейцаў там няма. Яны — закладнікі гэтай ідэалёгіі.

Ці гэта можа зьмяніцца, калі зьменіцца ўлада?

Сьвятлана Алексіевіч: Гэта залежыць, якая ўлада прыйдзе, а там усё можа здарыцца. Да ўлады могуць жа прыйсьці і фашысты, якія будуць яшчэ горшыя за Пуціна. Усе добра ведаюць, што ў Расеі ўзьнік гэтак званы «лягер патрыётаў», які значна больш экстрэмісцкі, чым Пуцін. Значна страшнейшы.

Лепш вядомае зло, чым невядомае?

Сьвятлана Алексіевіч: Гэта нацыяналізм. Расейскі нацыяналізм. Пасьля перабудовы ўсе краіны былога СССР адхварэлі нацыяналізмам. Узьнікалі грамадзянскія войны. У Расеі гэтага не было. Пакуль што гэта толькі перастрэлкі словамі, але гэта можа хутка памяняцца. Невядома, што будзе далей.

Вам страшна?

Сьвятлана Алексіевіч: Не. Я гэта ўспрымаю як прыродную зьяву, бо ў гэтым разьвіцьці ёсьць нейкая лёгіка. Я і ўсе мае сябры чытаем кнігі аб тым, як выглядалі 1930-я гады ў Нямеччыне, калі фашысты прыходзілі да ўлады, ці аб 1917 годзе, калі выбухнула рэвалюцыя ў Расеі. Бачым, што ўсё гэта падобнае. Тады таксама ніхто ня верыў, што да ўлады прыйдуць бальшавікі і пральецца столькі крыві. Гэта была нейкая маргінальная групоўка. Усе тыя галоўныя ідэолягі ў атачэньні Пуціна яшчэ 10 гадоў таму былі па-за галоўным цячэньнем. Іх высьмейвалі, ніхто іх ня слухаў. А цяпер яны вырашаюць усё.

Нічога нельга заплянаваць і прадбачыць.

Сьвятлана Алексіевіч: Абсалютна не, бо гэта стыхія. Нічога не прадбачыш. Асабліва цяпер, калі велізарныя сумы за нафту пайшлі на разьвіцьцё моцнай арміі, караблі, самалёты, танкі. А людзі далей жывуць у бядзе. Цяпер вядуцца дзьве войны: ва Ўкраіне і ў Сырыі. Акрамя гэтага, у Чачні таксама досыць неспакойна, на Каўказе таксама. Для гэтага трэба грошы, але іх няма. Эканоміка падае, і не вядома, што будзе далей.

Вы хацелі б глянуць Пуціну ў вочы?

Сьвятлана Алексіевіч: Аднойчы я нават мела такую нагоду. Гэта быў тыдзень расейскай кнігі ў Францыі. Тагачасны прэзыдэнт Францыі, Жак Шырак, прымаў у сваёй рэзыдэнцыі расейскіх пісьменьнікаў. Быў там таксама Пуцін. Ён стаў перада мною, такі невысокі, невыразны. Ён карыстаецца гладкімі фразамі. Гэта не асоба маштабу Вацлава Гаўла, якая была б нам патрэбная. У гэтым твары няма інтэлігентнасьці.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG