Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Надзея Саўчанка пра Алексіевіч: «Яна дачка вялікага і годнага беларускага народа»


Надзея Саўчанка

Надзея Саўчанка

Надзея Саўчанка адказала праз Радыё Свабода Сьвятлане Алексіевіч, падзякаваўшы за стаўленьне да яе самой і да Ўкраіны.

Украінская лётніца Надзея Саўчанка, якую судзяць цяпер у Данецку Растоўскай вобласьці, адказала пісьменьніцы, ляўрэату Нобэлеўскай прэміі Сьвятлане Алексіевіч.

Карэспандэнт Радыё Свабода Антон Наумлюк раней выслаў Саўчанцы вытрымкі з інтэрвію пісьменьніцы, у якім яна, у тым ліку, назвала выкраданьнем арышт украінскай лётніцы і запатрабавала яе вызваленьня. Алексіевіч сказала тады:

«Мне вельмі падабаецца гэтая жанчына. Я памятаю самае першае інтэрвію Надзеі, як сумленна яна казала пра ўсё, што зь ёй здарылася. Гэта чалавек перакананьняў, чалавек са сваім поглядам. Гэта вайсковец, які рабіў сваю справу. Абараняў радзіму. Я лічу, што ўкраінская армія абараняе сваю радзіму. Саўчанку падманным шляхам выкралі, прывезьлі ў Расею, пракуратура ня мае супраць яе ніякіх доказаў, у яе ёсьць алібі. Калі я падпісвала тэкст ліста (у абарону Саўчанкі. — РС), то ўспомніла знакаміты здымак, на якім Пуцін намаляваны вярхом на кані — напаўголы, торс такі магутны. І вось я думаю: ну як гэта ўжываецца з тым, што мужчына ваюе з жанчынай. З такімі моцнымі, цікавымі жанчынамі? Калі ўжо ясна, што зусім мала засталося, каб Надзеі наагул ня стала. На самых страшных войнах прынята паважаць стойкасьць і волю суперніка, гэта рабілі нават немцы падчас Другой сусьветнай вайны, колькі такіх прыкладаў. А чамусьці вось расейская ўлада на гэта ня здольная».

Ліст Надзеі Саўчанка Святлане Алексіевіч

Ліст Надзеі Саўчанка Святлане Алексіевіч

У адказ Надзея Саўчанка падзякавала пісьменьніцы за стаўленьне да яе самой і да Ўкраіны:

«Вялікі дзякуй за ўрывак зь інтэрвію вялікай беларускай пісьменьніцы Сьвятланы Алексіевіч. У Расеі яе назвалі савецкай пісьменьніцай, Парашэнка назваў украінкай, але яна дачка вялікага і годнага беларускага народа! Яна заслужыла права праславіць сваю Радзіму і сваю нацыю на ўвесь сьвет! І ня трэба яе перахрышчваць, перацягваючы коўдру славы на сябе. Я вельмі радая за гэтага чалавека і паважаю яе працу і творчасьць. Я зь ёй не знаёмая і, на жаль, пакуль не чытала яе кніг. Але ўжо замовіла іх у турму, — напісала Саўчанка ў лісьце. — Я калісьці, яшчэ раней, пачула назву „У вайны не жаночы твар“ і саркастычна ўсьміхнулася, бо я з жанчын, якія бачылі твар вайны... Але я зразумела, што нашы меркаваньні з аўтарам шмат у чым супадуць, што гэта кніга не шавіністычны трактат аб тым, што месца жанчыны на кухні, а хутчэй наадварот — ода жанчыне. Я абавязкова прачытаю гэтую кнігу. Калі зможаце, абавязкова перадайце мае словы Сьвятлане Алексіевіч і маю ўдзячнасьць за стаўленьне да мяне і да Ўкраіны.

А што тычыцца Пуціна з голым торсам на кані, у самалёце-зьнішчальніку і на тушэньні пажараў, і на паляваньні ў тайзе, і на караблі, падводнай лодцы, і яшчэ там, дзе яго піярылі, то я лічу — малайчына! Гэта ўсё павінен умець кожны мужчына. Толькі вось іронія: я жанчына, а, уявіце сабе, таксама ўсё гэта ўмею. Хіба што чорнага пояса па самба ў мяне няма. Затое я выдатна танцую самбу. І ў каго з нас "яйца круче", час яшчэ пакажа. А вось прасіць літасьці ў поскудзі я ня буду. Ён ужо мне прайграў, калі ўлічваць той факт, што я баба, а ён мужык.

А вам журналісты, сумленныя і праўдзівыя, дзякуй за вашу працу. І падказвайце, калі я паводжу сябе неяк ня так. З павагай, Надзя».

Надзея Саўчанка знаходзіцца ў СІЗА ў Новачаркаску Растоўскай вобласьці. Лётніцу абвінавачваюць у дачыненьні да гібелі расейскіх журналістаў ВГТРК летам 2014 года, а таксама ў замаху на жыцьцё ўцекачоў і незаконным перасячэньні мяжы. Саўчанка адмаўляе ўсе абвінавачваньні і настойвае на тым, што яе незаконна вывезьлі на тэрыторыю Расеі пры ўдзеле спэцслужбаў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG