Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Польшчы ўзьнялася хваля нянавісьці супраць прэміяванай пісьменьніцы


Вольга Такарчук
Вольга Такарчук

Gazeta Wyborcza паведамляе, што супраць вядомай пісьменьніцы Вольгі Такарчук (Olga Tokarczuk) у апошнім часе ў інтэрнэце паднялася вялізная хваля ненавісных камэнтараў, сярод якіх трапляюцца пагрозы яе жыцьцю.

Ненавісная рэакцыя, паводле газэты, была выкліканая выказваньнем пісьменьніцы пасьля цырымоніі яе ўзнагароджаньня польскай літаратурнай прэміяй «Nike 2015» за раман «Кнігі Якубавы, або Вялікае падарожжа празь сем межаў, пяць моваў і тры вялікія рэлігіі, ня лічачы тых малых».

У прыватнасьці, Вольга Такарчук сказала 5 кастрычніка на згаданай цырымоніі:

Мы рабілі жахлівыя рэчы як калянізатары, як нацыянальная большасьць, якая прыгнятала меншасьць, як уладальнікі рабоў або забойцы габрэяў.

«Мы прыдумалі гісторыю Польшчы як краіны талерантнай, адкрытай, як краіны, якая не заплямілася нічым злым у адносінах да сваіх меншасьцяў. Тым часам мы рабілі жахлівыя рэчы як калянізатары, як нацыянальная большасьць, якая прыгнятала меншасьць, як уладальнікі рабоў або забойцы габрэяў».

Гэтае выказваньне было растыражаванае два дні пазьней першым польскім тэлеканалам.

Сярод патрабаваньняў, каб Такарчук выбачылася перад палякамі за «зьнявагу», як піша Gazeta Wyborcza, трапляліся і заклікі да расправы зь пісьменьніцай (у інтэрнэце быў пададзены яе прыватны адрас) або да выдаленьня яе з Польшчы ды эпітэты кшталту «жыдоўская анучка» і «ўкраінская курва».

Сама Такарчук пракамэнтавала гэтую рэакцыю наступным чынам:

Сёньня я бачу ў гэтай зьяве пацьверджаньне майго дыягназу — міт шматкультурнай Польшчы лопаецца і выяўляецца нянавісьць да чужых.

«У тэлевізіі я сказала тое самае, што ўжо год часу паўтараю на аўтарскіх сустрэчах. Здаралася, што мае словы выклікалі дыскусію, значна радзей — што хтосьці падымаўся і пакідаў залю. Але толькі цяпер рэакцыя стала такой моцнай і ненавіснай. Быў момант, калі я ўсур’ёз спалохалася. Сёньня я бачу ў гэтай зьяве пацьверджаньне майго дыягназу — міт шматкультурнай Польшчы лопаецца і выяўляецца нянавісьць да чужых. Затое лякіруецца гісторыя, а ў кожным, хто спрабуе яе адзіную слушную вэрсію паставіць пад сумнеў, бачаць здрадніка. У шматлікіх камэнтарах зьявіліся намёкі, што я — габрэйка або ўкраінка, а мае дзяды стваралі банды УПА. Упершыню ў жыцьці мне зрабілі закід, што я — ня полька; я адчула выключэньне з супольнасьці. На шчасьце, калі я апублікавала заяву ў фэйсбуку, я атрымала таксама мноства падтрымкі».

«Кнігі Якубавы» Вольгі Такарчук — гістарычны раман пра часы ХVIII стагодзьдзя на Падольлі, які паказвае панараму жыцьця тагачаснай Рэчы Паспалітай. У цэнтры шматплянавага эпічнага палатна — Якуб Лейбавіч Франк, які абвясьціў сабе «габрэйскім мэсіям» і давёў да расколу ва ўлоньні юдаізму, ствараючы сэкту так званых «франкістаў».

Пісьменьніца пісала гэты раман цягам сямі гадоў. Сёлета пісьменьніца атрымала прэмію «Nike» другі раз. Першы раз прэміявалі яе ў 2008 годзе за кнігу «Bieguni» («Бежанцы» — загаловак раману пераклікаецца з назвай адгалінаваньня рускіх старавераў).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG