Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вязень Шклоўскай калёніі Андрэй Бандарэнка параўнаў беларускую пэнітэнцыярную сыстэму з ГУЛАГам


Андрэй Бандарэнка, архіўнае фота з суду, 2014 год
Андрэй Бандарэнка, архіўнае фота з суду, 2014 год

Вязьня шклоўскай калёніі, праваабаронцу Андрэя Бандарэнку зьмясьцілі на 2 месяцы ў ПКТ (памяшканьне камэрнага тыпу) як злоснага парушальніка рэжыму ўтрыманьня. Пра гэта карэспандэнту Свабоды паведаміў бацька былога палітвязьня Валер Бандарэнка, які днямі атрымаў ад сына ліст.

Валер Бандарэнка
Валер Бандарэнка

«Андрэй як выйшаў з карцэру, так змог напісаць. Паведаміў, што яго пазбавілі перадач і на два месяцы зьмясьцілі ў ПКТ — памяшканьне камэрнага тыпу. Са словаў кіраўніцтва, на якое сын спасылаецца, за гэты час яго перавядуць на турэмны рэжым як злоснага парушальніка. Апошнія разы каралі за тое, што адмовіўся легчы на ўказанае вартаўнікамі месца, спаў на падлозе, быў непаголены. Карацей, робіцца ўсё, каб падрыхтаваць базу для зьмяшчэньня ў турму. Усе скаргі адносна штучнага накладаньня на яго нізкага статусу, адносна пазбаўленьня перадач, спатканьняў, абмежаваньня грашовай дапамогі — усё не дае выніку, і бачна, што гэта не залежыць ад адміністрацыі пэўнай калёніі. Вось ён піша: «Дзікунства, што ў 21 стагодзьдзі яшчэ захаваліся такія рэчы, якія практыкаваліся пры ГУЛАГу. На маім прыкладзе бачна, як у калёніях адбываецца перавыхаваньне і ў каго перавыхоўваюць. Пра гэта трэба зноў казаць, не замоўчваць. Беларусь паўсюль заяўляе пра гуманнае абыходжаньне зь вязьнямі, але фактам ёсьць жорсткае, прыніжальнае для чалавечай годнасьці абыходжаньне».

Заснавальнік праваабарончай арганізацыі «Плятформа», былы палітвязень Андрэй Бандарэнка летась быў асуджаны на 3 гады зьняволеньня за злоснае хуліганства. Сваю віну Андрэй Бандарэнка прызнаў часткова, ня выключыўшы, што стаў ахвярай правакацыі з боку праваахоўнікаў за праваабарончую дзейнасьць. У 2015 годзе Андрэй Бандарэнка мог разьлічваць на датэрміновае вызваленьне паводле амністыі, якая была прымеркаваная да 60-годзьдзя перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, але атрымаў шэраг спагнаньняў за парушэньні дысцыпліны і страціў права на амністыю. Вязень мяркуе, што спагнаньні былі накладзеныя на яго наўмысна, каб перашкодзіць выхаду на волю, і не выключае, што цяпер яго зьмесьцяць на турэмны рэжым ці ўвогуле дададуць тэрмін зьняволеньня.

Днямі бацька вязьня Валер Бандарэнка разам з актывісткай грамадзкай ініцыятывы «За волю» Ганнай Шапуцькай перадалі ў Дэпартамэнт выкананьня пакараньняў МУС зварот з подпісамі за спыненьне перасьледу Андрэя Бандарэнкі ў Шклоўскай калёніі. «Там прынялі заяву, абяцалі стварыць камісію і ўсё праверыць. Але, калі шчыра, у мяне магла спадзяваньняў. Андрэя зноў пачалі перасьледаваць за тое, што ён не скараецца, працягвае змагацца. Хочуць яго за гэта зламаць», — кажа Валер Бандарэнка.

Паводле прысуду Андрэй Бандарэнка мае вызваліцца на пачатку 2017 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG