Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У мэтро міліцыя жорстка затрымала сьляпога. Пасажыры абураліся


У сетках зьявілася відэа інцыдэнту ў менскім мэтро, калі пасажыры заступіліся за інваліда, якога затрымлівалі міліцыянты.

Аўтар відэа Кірыл Каўганаў напісаў на сваёй сатронцы «Ўкантакце», што 18 верасьня стаў сьведкам міліцэйскай сваволі. Па выхадзе з мэтро на станцыі «Ўручча» Кірыл Каўганаў пабачыў, «як міліцыя зьдзекавалася зь сьляпога інваліда»:

«Паводле людзей, якія там жывуць, гэты чалавек амаль кожны дзень сядзіць каля мэтро. І ўсе яго ведаюць, дапамагаюць яму. І вось сёньня да яго падышлі два міліцыянты і сталі бязь нейкіх падстаў да яго чапляцца, і ён, не разумеючы, што адбываецца, даў адпор і падрапаў руку міліцыянту, і яны пачалі яго рэзка падымаць і прымяняць супраць яго сілу! Нягледзячы на ўсе абурэньні народу, яны працягвалі яго цягнуць і далей пры ўсіх спусьцілі яго зь лесьвіцы. Пры гэтым сьляпы чалавек стукнуўся галавой аб жалезныя парэнчы. Сьляпому безабароннаму чалавеку надзелі кайданкі, як злачынцу, і паводзілі сябе зь ім так, як быццам ён не чалавек, а жывёла! Шмат людзей пагадзіліся адвесьці яго дадому, але ў адказ пачулі толькі адмовы. Мы ўсе былі абураныя, а адна дзяўчына нават з плачам прасіла адпусьціць яго. Дакумэнты і нумары значкоў па шматлікіх просьбах нам не прад’явілі і пратакол на месцы ня склалі! І літаральна гадзіну таму на tut.by выклалі інфармацыю, у якой напісана, што сьляпы напаў на міліцыянтаў, пакусаў іх і сам вінаваты. Але ведайце, што гэта ня так. І ўсе людзі, якія там прысутнічалі, могуць гэта пацьвердзіць!».

Паводле Кірыла Каўганава, сьпяпы чалавек «проста сядзеў і нікога не чапаў, яго ведаюць і дапамагаюць яму». Кірыл Каўганаў разьмясьціў відэазапіс інцыдэнту.

Прэс-сакратар ГУУС Аляксандар Ластоўскі так пракамэнтаваў гэтае здарэньне:

«Падчас дастаўленьня гэтага грамадзяніна ў пакой міліцыі ён аказаў супраціў і, паводле папярэдняй інфармацыі, пакусаў двух супрацоўнікаў за рукі. І пры гэтым грамадзяне праявілі, так бы мовіць, чульлівасць і паспрабавалі ўмяшацца ў дзеяньні міліцыі. Канфлікт там вычарпаны, і гэты грамадзянін дастаўлены ў пакой міліцыі для разбору».

Прычыненьне цялесных пашкоджаньняў супрацоўнікам міліцыі, адзначаюць у ГУУС, сумневаў не выклікае.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG