У зоне канфлікту на ўсходзе Ўкраіны сэпаратысты бесьперапынна абстрэльваюць аэрапорт у Данецку, а таксама населеныя пункты Вопытнае, Аўдзееўка і Пяскі. Пра гэта заявіў на брыфінгу прэс-сакратар прэзыдэнцкай адміністрацыі па пытаньнях спэцапэрацыі Андрэй Лысенка.
Паводле яго дадзеных, працягваецца бой каля Мар'інкі, абстрэл некаторых паселішчаў, дзе сэпаратысты ў парушэньне Менскіх пагадненьняў ужываюць мінамёты калібру 120 мілімэтра, 152-мілімэтровыя гаўбіцы і танкі.
Раней Лысенка паведаміў, што за мінулыя суткі ў зоне спэцапэрацыі загінулі двое вайскоўцаў, яшчэ 14 былі параненыя.
Вайсковыя і мясцовыя ўлады паведамляюць аб раненьні трох мірных жыхароў.
У заяве Сумеснага цэнтру кантролю і каардынацыі пытаньняў спыненьня вагню і стабілізацыі лініі разьмежавання бакоў гаворыцца, што сэпаратысты вялі артылерыйскі агонь з самага цэнтру шматтысячнага горада Горлаўка, што зьяўляецца ня толькі парушэньнем Менскіх пагадненьняў, але і вайсковым злачынствам.
Са свайго боку, прадстаўнікі самаабвешчанай "ДНР" абвінавацілі ўкраінскіх вайскоўцаў у масаваным абстрэле зь цяжкай артылерыі тэрыторыі рэспублікі, у тым ліку горада Горлаўка.