Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэпутат Бундэстагу заклікаў вызваліць Статкевіча


З нагоды чацьвёртай гадавіны прысуду экс-кандыдату ў прэзыдэнты на выбарах 2010 году Мікалаю Статкевічу, нямецкі дэпутат Франц Цёнэс, запатрабаваў неадкладна вызваліць беларускага палітвязьня і выказаў салідарнасьць зь ягонай сям’ёй.

У распаўсюджанай ім заяве намесьнік старшыні Камітэту па замежных справах у нямецкім Бундэстагу, Франц Цёнэс адзначыў. што ён так званы «хросны бацька» асуджанага на шэсьць гадоў беларуса. З ініцыятывы швайцарскай праваабарончай ініцыятывы Libereco такі статус, акрамя спадара Цёнэса, маюць і шэраг іншых нямецкіх ды эўрапейскіх палітыкаў, якія ўзялі на сябе клопат падтрымліваць беларускіх палітзьняволеных ды іхніх сваякоў.

Дэпутат Бундэстагу таксама падзяляе трывогу беларускіх праваабаронцаў у сувязі зь няпростай сытуацыяй вакол Статкевіча, якая здарылася на пачатку сёлетняга траўня, калі палітвязень рашэньнем закрытага суду быў пераведзены са Шклоўскай калёніі назад у Магілёўскую турму.

«У мяне як у „хроснага бацькі“ Мікалая Статкевіча гэтая навіна выклікала вялікі непакой, — гаворыцца ў заяве нямецкага сацыял-дэмакрата. — Таму што, як вынікае з гэтага рашэньня, беларускія турмы ды юстыцыя працягваюць чыніць велізарны ціск на зьняволеных, асуджаных з палітычных матываў. Раз за разам правасудзьдзе ў гэтай краіне выяўляе сваю непавагу да правоў чалавека і да права Мікалая Статкевіча на справядлівы суд. Прыцясьненьні з боку адміністрацыі, а таксама недапушчальнае этычнае, псыхалягічнае і фізычнае ўзьдзеяньне на яго павінны спыніцца. Але, на жаль, такое рашэньне працягвае неабгрунтаваную і адвольную судовую практыку».

«З гледзішча Нямеччыны і ЭЗ такія дзеяньні абсалютна непрымальныя і выклікаюць асуджэньне. Вызваленьне ўсіх палітычных зьняволеных у Беларусі, іх рэабілітацыя і спыненьне палітычных рэпрэсіяў неабходныя для нармалізацыі адносін паміж эўрапейскай супольнасьцю ды Беларусьсю. На жаль, рашэньне травеньскага суду перакрэсьліла гэтую ідэю», — адзначыў Франц Цёнэс.

Нямецкі палітык заклікаў падпісаць адпаведную пэтыцыю на change.org «Прэзыдэнт Лукашэнка павінен разумець, што не забытыя і астатнія шэсьць беларускіх палітычных зьняволеных», — гаворыцца ў заяве.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG