Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуская апазыцыя ў Рызе заклікала аднавіць перамовы з уладамі пры пасярэдніцтве Эўразьвязу


Як паведаміў сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі, сёньня ў Рызе адбылася сустрэча лідэраў беларускай апазыцыі з кіраўніцтвам Эўрапейскай народнай партыі: старшынём Жазэфам Долем, віцэ-старшынём Яцакам Сарыюшам-Вольскім, віцэ-старшынём фракцыі ЭНП у Эўрапарлямэнце Сандрай Калніетэ.

Зь беларускага боку былі сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі, старшыня АГП Анатоль Лябедзька, старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч і старшыня руху «За свабоду» Аляксандар Мілінкевіч.

На сустрэчы прэзэнтавалі бачаньне стратэгіі ўзаемадзеяньня Беларусі з Эўразьвязам і «Ўсходнім партнэрствам», выпрацаванае беларускімі дэмакратычнымі сіламі.

«Лідэры апазыцыі перакананыя, што эфэктыўны дыялёг Беларусі з ЭЗ, правядзеньне неабходных палітычных і эканамічных рэформаў дзеля мадэрнізацыі краіны і дасягненьня мэтаў «Усходняга партнэрства» немагчымыя без удзелу ў ім грамадзянскай супольнасьці краіны і палітычнай апазыцыі», — заявіла па выніках сустрэчы прэсавая служба БХД.

Апазыцыя заклікала аднавіць трохбаковы фармат дыялёгу ЭЗ — Беларусь з удзелам прадстаўнікоў дэмакратычных арганізацыяў і палітычнай апазыцыі Беларусі, прапанавала аднавіць замарожаны ў 1999 годзе перамоўны працэс паміж уладамі і апазыцыяй пры пасярэдніцтве ЭЗ аб правядзеньні сумленных, свабодных выбараў паводле стандартаў АБСЭ і аб допуску апазыцыі да дзяржаўных СМІ.

Сярод мэтаў такога дыялёгу — апрача правядзеньня сумленных і свабодных выбараў у Беларусі — спыніць перасьлед незалежных журналістаў і забясьпечыць свабоду СМІ, зарэгістраваць усе грамадзкія аб’яднаньні і палітычныя партыі, якім з надуманых прычын адмаўлялася ў рэгістрацыі.

«Падкрэсьліваем, што рэальным крокам, які б паказаў сапраўдную зацікаўленасьць уладаў Беларусі ў дыялёгу з ЭЗ, зьяўляецца вызваленьне палітвязьняў і іх поўнае аднаўленьне ў правах. Павінны быць неадкладна вызваленыя Мікалай Статкевіч, Ігар Аліневіч, Мікалай Дзядок, Яўген Васьковіч, Арцём Пракапенка, Юры Рубцоў, адноўленыя ў правах кандыдаты ў прэзыдэнты на выбарах 19 сьнежня 2010 году і чальцы іхніх камандаў, асуджаныя пасьля 19 сьнежня 2010 году», — заявілі прадстаўнікі беларускай апазыцыі.

Калі вы не аб’яднаныя, ня маеце адзінага, у нас усё менш аргумэнтаў, каб спрыяць вашаму дэмакратычнаму прагрэсу

«Сустрэча была шчырай і вострай. Задалі тон прэзыдэнт ЭНП Жазэф Доль і віцэ-прэзыдэнт Яцэк Сарыюш-Вольскі», — расказаў удзельнік сустрэчы, старшыня руху «За свабоду» Аляксандар Мілінкевіч.

Паводле ягоных слоў, спадар Доль, у прыватнасьці, адзначыў:

«Нішто так ня нішчыць шанцы беларусаў на дэмакратычныя перамены, як адсутнасьць адзінства. У Эўропе шмат палітыкаў, якія б хацелі зь Беларусьсю проста займацца бізнэсам і забыцца на палітвязьняў, а таксама на праблемы з правамі чалавека. Мы — партыя каштоўнасьцяў. Калі вы не аб’яднаныя, ня маеце адзінага, у нас усё менш аргумэнтаў, каб спрыяць вашаму дэмакратычнаму прагрэсу. Дапамажыце нам, дакажыце, што вы суб’ект палітыкі, а не аб’ект, якога трэба шкадаваць».

«У межах дыскусіі абмеркавалі пагрозы дэстабілізацыі і правакацыі з боку Расеі падчас прэзыдэнцкай кампаніі ў Беларусі, рызыкі таго, што могуць быць разбураныя спробы аднаўленьня адносінаў ЭЗ і нашай краіны. Гэта, на думку ўдзельнікаў канфэрэнцыі, адкінула б Беларусь у Расею і яшчэ больш пагоршыла сытуацыю з дэмакратыяй і шанцамі на захаваньне сувэрэнітэту», — паведаміў Аляксандар Мілінкевіч.

Сёньня ў Рызе прайшла канфэрэнцыя ЭНП, у якой узялі ўдзел прэзыдэнт Эўрапейскай Рады Дональд Туск, канцлер ФРГ Ангела Мэркель, лідэры эўрапейскіх правацэнтрысцкіх партыяў, прэзыдэнты Ўкраіны і Армэніі Пятро Парашэнка i Серж Саргсян, экс-прэзыдэнт Грузіі Міхаіл Саакашвілі, мэр Кіева Віталь Клічко, а таксама прадстаўнікі беларускай і грузінскай апазыцыі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG