Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейская прэса: або Беларусь увойдзе ў склад Расеі, або яе ліквідуюць


Расейская дзелавая газэта «Взгляд» апублікавала артыкул «Менску пара вызначацца» з заклікам да Аляксандра Лукашэнкі правесьці восеньню 2015 году рэфэрэндум аб далучэньні Беларусі да Расеі.

У адваротным выпадку — «Беларусь у цяперашнім выглядзе ліквідуюць».

Аўтар артыкула журналіст Эдуард Біраў адзначае, што Лукашэнку трэба вызначыцца, з кім ён — з Расеяй або Захадам. Іначай Беларусь можа напаткаць лёс Украіны:

«Зь Беларусьсю можа выйсьці тое ж самае і нават з той жа крывёю, калі кіраўніцтвам і народам ня будзе выразна зроблены выбар на карысьць аднаго з бакоў — на карысьць свайго дома ў рускім сьвеце. Прычым выбар менавіта імпэрскі і прынцыповы — ня проста адседзецца ў кватэрцы і баяцца пасварыцца з кожным з бакоў, пры гэтым нават падзарабляючы на санкцыях супраць Расеі, а ўліцца ў Расею тэрыторыяй і душой, устаць зь ёй у адзін шыхт, падзяліць зь ёй яе цяжкі крыж».

Як піша газэта «Взгляд», «зьбіраньне рускіх зямель» — гэта «ня нейкі капрыз Пуціна, але аб’ектыўная неабходнасьць».

У гэтай сувязі адзіна правільны выхад зь цяперашняга становішча ў тым, каб Лукашэнка, калі ён сапраўды патрыёт Беларусі і рускага сьвету, правёў рэфэрэндум аб далучэньні да Расеі разам з выбарамі восеньню 2015 году і ўжо ў залежнасьці ад волі народа прыняў гістарычнае рашэньне.

«У гэтай сувязі адзіна правільны выхад зь цяперашняга становішча ў тым, каб Лукашэнка, калі ён сапраўды патрыёт Беларусі і рускага сьвету, правёў рэфэрэндум аб далучэньні да Расеі разам з выбарамі восеньню 2015 году і ўжо ў залежнасьці ад волі народа прыняў гістарычнае рашэньне.

Расеі трэба, каб рускія Беларусі зрабілі свой выразны і прамы выбар, бяз гэтага ўкраінскага віхляньня паміж двума полюсамі. Выяві Лукашэнка такую ініцыятыву, Беларусь ужо зімой 2015 увойдзе ў склад Расейскай Фэдэрацыі на правах адмысловай аўтаноміі. Але для гэтага Аляксандру Рыгоравічу прыйдзецца адмовіцца ад сваіх амбіцыяў як кіраўніка „сувэрэннай дзяржавы“ — што, безумоўна, вельмі балючы момант для любога палітыка, і тым больш такога дасьведчанага і статуснага.

Аднак альтэрнатыва гэтаму нашмат больш сумная: Беларусь у цяперашнім выглядзе ліквідуюць. Калі ня восеньню 2015 падчас выбараў, то пазьней, але Захад прыступіць да гэтага, змушаючы Лукашэнку альбо здаць уладу, альбо цалкам падпарадкавацца Захаду», — піша расейскае выданьне.

Палітычны аглядальнік і мэдыяэкспэрт Аляксандар Класкоўскі лічыць, што панікаваць у сувязі з падобным артыкулам ня трэба, але і ігнараваць падобныя зьявы, безумоўна, нельга: беларусам трэба «трымаць порах сухім».

«Трэба адзначыць, што апошнім часам у расейскіх мэдыях падобнага кшталту матэрыялы пэрыядычна сталі зьяўляцца. Пакуль нельга сказаць, што гэта нейкі мэйнстрым расейскай прапаганды, але тым ня меней ніхто не спыняе аўтараў гэтых артыкулаў, пры тым, што, як вядома, Крэмль сёньня кантралюе ідэалягічную, інфармацыйную сфэру нават болей жорстка, чым беларускія ўлады.

Таму я думаю, што гэтая тэма, хоць яна пакуль ня ў фокусе, але на ўсялякі выпадак яна падтрымліваецца. Тут, напэўна, нейкая праца і на расейскую аўдыторыю, але асьцярожная, таму што ўсё ж такі ў расейскай грамады пераважае пакуль што меркаваньне, што беларусы — браты (хоць практыка паказвае, што вельмі лёгка пры інтэнсіўнай прапагандзе ператварыць іх таксама ў „фашыстаў“ ды „бандэраўцаў“ — прыклад з Украінай вельмі красамоўны). Я думаю, што тут можа быць мэта — трошкі панэрваваць і Лукашэнку, каб ён быў болей паслухмяны ў нейкіх пытаньнях (у тым жа ўкраінскім пытаньні, напрыклад). Наагул, ведаеце, гэта такая тэма, як той бронецягнік, які стаіць на запасным шляху. Я б ня кідаўся ў нейкія алярмісцкія прадказаньні сёньня, але для тых, хто дбае пра беларускую незалежнасьць, гэта яшчэ адзін напамінак пра тое, што ва ўсіх сэнсах трэба трымаць порах сухім», — заявіў Класкоўскі ў інтэрвію Радыё Свабода.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG