Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці магчымы аўдыт заходняй дапамогі для Беларусі?


Што рабіць, каб падвысіць эфэктыўнасьць дапамогі? Якія неэфэктыўныя праекты варта спыніць, а што працягнуць ці распачаць? Вось што прапаноўваюць суразмоўцы ў Брусэлі, Бэрліне і Менску.

10 фактаў пра замежную дапамогу Беларусі

Хто насамрэч зьяўляецца грантасосам?

Як зарабляе на эўрапейскай дапамозе беларускі чыноўнік

Ці зьявіцца нямецкая дубінка ў беларускіх міліцыянтаў?

Нямецкая дапамога. Жыцьцё ці разьвіцьцё?

Грошы на дэмакратыю



Пернікі будуць малымі

Бэльгійскі палітоляг Майкл Эмэрсан лічыць, што магчыма правесьці аўдыт усяго, што робіць ЭЗ, але галоўнае пытаньне, паводле яго, палягае ня ў гэтым.

«Эўразьвяз усё робіць у адпаведнасьці з пэўнымі кантрактамі. Пытаньне ў тым, якія ёсьць рэальныя палітычныя магчымасьці, каб дасягнуць мэты? Рэалізацыя любых праектаў у Беларусі зьвязаная з кантролем з боку дзяржаўных структураў улады, кантролем з боку палітычнага рэжыму. Вядома, ідэя глябальнай супрацы вельмі прыцягальная для ЭЗ, бо Беларусь – непасрэдны сусед ЭЗ і ў Беларусі высокі ўзровень інтэлектуальнай працоўнай сілы. Таму Беларусь можа заняць годнае месца на эканамічным і палітычным ляндшафце Эўропы».

Майкл Эмэрсан адзначае пазытыўную ролю Менску ў расейска-ўкраінскіх перамовах. «Але гэта добра найперш для рэпутацыі Беларусі – і ўсё, больш нічога», – адзначае палітоляг.

Якую тактыку найперш будзе выкарыстоўваць Эўразьвяз адносна Беларусі напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў – бізун ці пернік?

На думку Эмэрсана, ня так ужо і часта ЭЗ выкарыстоўваў бізун у дачыненьні да Беларусі, а вось наконт пернікаў ідзе дыскусія.

«Пернікі будуць малыя. ЭЗ ня дасьць шмат. І грамадзянская супольнасьць Беларусі павінна зьмірыцца з тым, што яна павінна разьвівацца сама і не чакаць вялікай дапамогі».

Як кантраляваць беларускага чыноўніка?

Старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька лічыць, што з таго часу, як ён узьняў пытаньне эфэктыўнасьці замежнай дапамогі, актуальнасьць яго толькі павялічылася.

«Нам трэба вяртацца зноў да той размовы, якая была ў Эўрапарлямэнце, калі эўрапейскія парлямэнтары праявілі цікавасьць да пытаньня эфэктыўнасьці дапамогі Беларусі. Прайшлі выбары ў Эўрапарлямэнт, сфармаваная новая рабочая група па Беларусі, і мы мусім вярнуць гэтае пытаньне ў парадак дня. Адна з функцыяў Эўрапарлямэнту – кантроль эфэктыўнасьці выкарыстаньня эўрапейскіх сродкаў. Я думаю, што мы можам як мінімум паспрабаваць разабрацца ў пытаньні і знайсьці нейкія інструмэнты ўплыву на гэтую сытуацыю, на тое, каб не павялічваўся сэгмэнт некантраляваных рэсурсаў, якімі распараджаецца выключна беларускі чыноўнік».

Анатоль Лябедзька лічыць неэфэктыўнай замежную дапамогу, зьвязаную зь сілавым блёкам і скіраваную на ўціск апанэнтаў улады. Паводле палітыка, неэфэктыўныя і крэдыты Міжнароднага валютнага фонду, скіраваныя нібыта на рэфармаваньне эканомікі, тым часам як эфэкт ад іх – нулявы. Анатоль Лябедзька перакананы, што прыярытэтам замежных донараў павінны быць незалежныя СМІ, абарона людзей і прававая ды фінансавая дапамога, а таксама тое, што непасрэдна падштурхоўвае людзей да актыўнай дзейнасьці.

«Мы на Захадзе не заўсёды добра разумеем, што адбываецца ў Беларусі»

Новы сябра Эўрапарлямэнту ад Фінляндыі, сябра групы па працы зь Беларусьсю Нілс Торвалдс мяркуе, што калі казаць пра даўжэйшую пэрспэктыву – 10, 20, 30 гадоў, – то, вядома, больш эфэктыўна падтрымліваць грамадзянскую супольнасьць.

​«Але грамадзянская супольнасьць ня можа кіравацца звонку, яна павінна разьвівацца сама, мы можам толькі заахвочваць грамадзянскую супольнасьць да разьвіцьця. Некалькі стагодзьдзяў могуць зьмены адбывацца. Пытаньне цяжкае і патрабуе часу. Мы на Захадзе не заўсёды добра разумеем, што адбываецца ў Беларусі, у гэтым рэгіёне, мы павінны таксама больш вывучаць сытуацыю. І мы павінны выкарыстоўваць ня толькі бізун, але і пернік. Пытаньне ў тым, як шмат перніка і як шмат бізуна трэба даваць. Гэта складаны балянс».

Якая замежная дапамога Беларусі будзе найбольш эфэктыўнай? Паводле Нілса Торвалдса, гэта будаўніцтва новых заводаў, мадэрнізацыя старых прадпрыемстваў, эканамічная каапэрацыя, дапамога дзеля разьвіцьця сфэры самакіраваньня, адбудова моцных прафсаюзаў.

Ці паўторыцца 19 сьнежня 2010 году?

Новаабраны дэпутат Эўрапейскага парлямэнту ад Чэхіі Павал Тэлічка, сябра групы па працы зь Беларусьсю, абяцае, што будзе падтрымліваць рэгулярны аўдыт, праверку, як расходуюцца сродкі дапамогі ЭЗ для Беларусі.

«Я хацеў бы бачыць гэтую дапамогу накіраванай на разьвіцьцё і набліжэньне да стандартаў, якія цяпер існуюць у ЭЗ. І я буду выступаць за тое, каб сродкі выкарыстоўвалі на карысьць тых арганізацыяў, якім яны найперш патрэбныя, якія стаяць на тых каштоўнасьцях, якія могуць набліжаць Беларусь да ЭЗ. Гэта могуць быць незалежныя НДА, грамадзянская супольнасьць, маладыя людзі, незалежныя ад ураду, арганізацыі, накіраваныя на тое, каб зрабіць жыцьцё беларусаў лепшым. Але і дзяржаўныя структуры ці структуры, якія працуюць пры дзяржаве, ня будуць абсалютна выключаныя з дапамогі. На пэўным узроўні і на пэўных умовах гэтая дапамога павінна ісьці. Тут павінна быць збалянсаваная палітыка. Найперш павінны атрымліваць дапамогу тыя, хто мае ў гэтым патрэбу. Але калі паўторыцца сытуацыя, як падчас выбараў 2010 году, то тады варта зьмяніць балянс і структуру дапамогі Беларусі».

Болей падтрымкі незалежным СМІ

Крыстаф Бэкер, палітычны дарадца дэпутаткі Бундэстагу Марылюізы Бэк, адзначае, што пасьля выбараў 2010 году сродкі на разьвіцьцё грамадзянскай супольнасьці з ЭЗ і краінаў ЭЗ нашмат павялічыліся.

​«Але для нас крытэр эфэктыўнасьці дапамогі – не цэнтральны, бо мы глядзім на памкненьні ў самім беларускім грамадзтве і лічым, што людзі павінны самі вырашаць, самі даваць сыгналы пра падтрымку і самі павінны даваць ацэнку, ці было гэта эфэктыўна для іх саміх. Я лічу, што нават праекты супрацоўніцтва ў такіх галінах, як спорт, культура, падтрымка рэгіянальнага разьвіцьця, самакіраваньне на камунальным узроўні, – гэта, можа, тыя сфэры, якія ня так добра можна ацаніць з пункту гледжаньня эфэктыўнасьці, але гэта ў той жа час вельмі карысныя праекты каапэрацыі. Мы лічым, што, напрыклад, незалежныя радыё і тэлебачаньне ў Беларусі дагэтуль не настолькі моцна разьвітыя. Але мы цудоўна разумеем, што на гэта вялікія грошы патрэбныя, і такія праекты, як Радыё Рацыя, Радыё Свабода, Белсат – гэта папулярныя СМІ, якія робяць нейкі ўплыў насуперак прапагандзе».

Аўдыт ня дасьць якаснай ацэнкі дапамогі

Дзяніс Фрыдрых, які сам родам зь Беларусі, працуе ў Нямецкім саюзе адвакатаў і ўдзельнічае ў адборы стыпэндыятаў праграмы “Аб’яднаньне студэнцкага абмену ў Цэнтральнай і Усходняй Эўропе” (GFPS), лічыць, што аўдыт замежнай дапамогі цяпер немагчыма правесьці, хіба што паводле нейкіх чыста фармальных парамэтраў.

«Такі аўдыт можа толькі даць колькасную ацэнку. Можна паглядзець, колькі сродкаў ідзе, напрыклад, на ахову здароўя, адукацыю ці палітычныя праекты. Але гэты аўдыт нам ня дасьць якаснай ацэнкі дапамогі».

Ці ўсьведамляе ЭЗ неэфэктыўнасьць пэўных праектаў?

Андрэй Ягораў, кіраўнік Цэнтру эўрапейскай трансфармацыі, які двойчы праводзіў дасьледаваньне ролі і месца грамадзянскай супольнасьці Беларусі ў сыстэме донарскай дапамогі ЭЗ для Беларусі з 2006 па 2012 гады, лічыць, што ў неэфэктыўнасьці шэрагу праектаў пераканаў бы шырэйшы маніторынг таго, што адбываецца на месцы, таму патрэбныя спэцыяльныя дасьледаваньні.

«ЭЗ ня ведае, што рабіць зь Беларусьсю, і ён дзейнічае фармальна і бюракратычна. І дапамога, якая выдзяляецца, таксама ідзе фармальна і бюракратычна. Яна не зьвязаная з доўгатэрміновымі палітычнымі мэтамі ЭЗ, не накіраваная і не працуе на эўрапеізацыю Беларусі. Калі б зьмянілі падыход, то пераглядаліся б і фінансавыя інструмэнты працы. Цяпер ЭЗ ня мае выразных інструмэнтаў працы зь Беларусьсю, ён дзейнічае так, як дзейнічаў раней. Сярод донараў Беларусі няма адзінай стратэгіі дапамогі краіне. Неабходна лабіраваць зьмену цяперашняга парадку разьмеркаваньня дапамогі – мяркуе Ягораў. – Трэба дабівацца каардынацыі донарскай дапамогі, зьмены мэханізмаў яе аказаньня і схемаў разьмеркаваньня сродкаў».

Андрэй Ягораў лічыць няправільнай і непрадуктыўнай схему, калі ЭЗ аддае, напрыклад, Радзе Эўропы сродкі на рэалізацыю антыкарупцыйнай праграмы ў краінах “Усходняга партнэрства”. «ЭЗ думае, што калі аддасьць сродкі Радзе Эўропы, то тады яны даб’юцца большага, чым дабіліся б самі беларусы, калі б грошы выдзяляліся ім наўпрост. Але арганізацыя выдзяленьня сродкаў праз Раду Эўропы ці ААН – жудасная. Горшую прыдумаць схему разьмеркаваньня проста нельга. Але гэта працягваюць чамусьці рабіць».

«Няважна, хто будзе далей пры ўладзе»

Інвэстыцыйны кансультант, бізнэс-аналітык Дэніэл Крутцына, які нарадзіўся ў Нямеччыне, скончыў Гарвард, а жыве і працуе ў Менску, лічыць, што пытаньне палягае і ў тым, наколькі радыкальна цяперашнія ўлады зьменяць погляды на тое, як трэба рэфармаваць сытуацыю ў Беларусі. Што да кантактаў з выканаўчымі органамі ўлады...

​«Няважна, хто будзе далей пры ўладзе, але гэтыя людзі будуць патрэбныя пры правядзеньні рэформаў, якія рана ці позна непазьбежныя. І з гэтымі людзьмі, якія цяпер працуюць у дзяржаўных структурах, зь імі трэба эфэктыўна працаваць, таму што яны павінны праводзіць рэформы пры любой уладзе».

Паводле Крутцыны, найбольш эфэктыўная замежная дапамога зьвязаная з экалёгіяй, аховай навакольнага асяродзьдзя. Таксама важныя, на яго думку, праекты, якія тычацца грамадзянскай супольнасьці, сацыяльнай сфэры, здароўя і адукацыі.

Даць прыклад іншай мадэлі грамадзтва

Былы старшыня Кансультатыўна-назіральнай групы АБСЭ ў Менску Ганс-Георг Вік лічыць, што эфэктыўнасьць замежнай і нямецкай дапамогі пакажа будучыня.

«Мы ня людзі бюракратычнага апарату. Кожны праект трэба пралічыць, пераправерыць, прадухіліць карупцыйныя тэндэнцыі. Калі рамкі, умовы мяняюцца, трэба мяняць і нашы праекты. Важна цяпер час ад часу ставіць пытаньні, якія маюць дачыненьне да падтрымкі посттаталітарных сыстэмаў: наколькі, у якой ступені дзяржаўныя структуры перашкаджаюць трансфармацыі і разьвіцьцю свабоднага грамадзтва? Важна правяраць праграмы падтрымкі, ці слушна былі выкарыстаныя сродкі, таму што тут прыцягнутыя грошы ў тым ліку і падаткаплатнікаў. Наша задача ў тым, каб даць прыклад іншай мадэлі грамадзтва, дзе ёсьць канкурэнтаздольнасьць і жыцьцяздольнасьць чалавечага фактара. Мы дапамагаем разьвіцьцю грамадзянскай супольнасьці, дзе чалавек сам становіцца гаспадаром свайго лёсу».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG