Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Якія найбольш буйныя праекты замежнай дапамогі рэалізоўвае беларуская дзяржава? І хто атрымлівае найбольш карысьці ад гэтай дапамогі? Чаму гэтая сфэра застаецца максымальна закрытай? І як працуе мэханізм стварэньня праўладных недзяржаўных арганізацый?  Пра гэта ў наступным разьдзеле расьсьледаваньня.

10 фактаў пра заходнюю дапамогу Беларусі

Хто насамрэч грантасос?

Ці зьявіцца нямецкая дубінка ў беларускіх міліцыянтаў?

Грошы на дэмакратыю

Нямецкая дапамога. Жыцьцё ці разьвіцьцё?

Ці магчымы аўдыт заходняй дапамогі для Беларусі?

Каля месяца таму ў Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі прайшлі слуханьні па дзяржаўна-прыватным партнэрстве (ДПП) і быў падрыхтаваны праект закону на гэтую тэму. Праўдападобна, што на слуханьнях у Палаце прадстаўнікоў дэпутаты ня згадвалі, што гэты праект рэалізуецца ў Беларусі за грошы Эўразьвязу пры пасярэдніцтве ААН.

Поўная назва праекту — «Умацаваньне нацыянальнага патэнцыялу ў галіне прымяненьня мэханізмаў дзяржаўна-прыватнага партнэрства ў Рэспубліцы Беларусь». Кошт праекту — EUR 1,080,528.


Дэкляраваная мэта — разьвіцьцё прыватнага сэктара ў Беларусі. Нацыянальны каардынатар — тагачасны міністар эканомікі Мікалай Снапкоў, кіраўніца праекту — Алена Дадзеркіна, вядомая тым, што, будучы выкладчыцай эканомікі ў Акадэміі кіраваньня, набыла кватэру ў самым дарагім доме Беларусі, «доме Чыжа» ля Траецкага. У рамках двухгадовага праекту прадугледжаныя міжнародныя канфэрэнцыі, падрыхтоўка за мяжой і ў Беларусі беларускіх кансультантаў па ДПП і стварэньне нацыянальнага цэнтру ДПП.


Дзяржаўна-прыватнае партнэрства (ДПП) — гэта шырока распаўсюджаная на Захадзе форма партнэрства бізнэсу і дзяржавы. Гэтую форму Эўразьвяз хацеў бы ўкараніць і ў Беларусі. Цэнтры дзяржаўна-прыватнага партнэрства пасьпяхова дзейнічаюць у Нямеччыне, ЗША і Сынгапуры.



На што ідуць мільёны эўра дапамогі ад Эўразьвязу?


Экс-кандыдат на прэзыдэнта Яраслаў Раманчук у сваім блогу на сайце «Беларускія навіны» задаецца пытаньнем: «З чаго б гэта раптам Палата прадстаўнікоў, якая пакорліва падтрымлівала ўсе падатковыя і рэгулятарныя інструмэнты катаваньня нацыянальнага бізнэсу, раптам загаварыла пра партнэрства зь бізнэсам?» І тут жа адказвае на яго.

«Тэма ДПП стала такой жа прававой і рэгулятарнай жвачкай, як такія збляклыя клішэ ад ААН і іншых міжнародных арганізацыяў, як „устойлівае разьвіцьцё“, „інклюзіўны рост“ або „ўсеагульны дабрабыт“. Абмяркоўваць ДПП у краіне з усёахопнай дзяржавай гэтак жа бясьпечна для саміх чыноўнікаў, як партнэрства КПСС з каапэратарамі ў Савецкім Саюзе. Ані ў кога няма ілюзіяў адносна таго, хто ў дадзеным партнэрстве Вялікі брат. Таму прадстаўнікі ўлады спакойна могуць гаварыць пра роўнасьць умоваў для дзяржаўнага і прыватнага капіталаў, пра роўныя магчымасьцях працы ў інфраструктурных сэктарах... Перад намі прыклад чарговага заканадаўчага выхлапу. Дэпутаты ПП НС паставілі галачку. Урад ударыў кулаком у грудзі, дэкляруючы любоў да нацыянальнага бізнэсу. ААН даў справаздачу пра посьпехі ў супрацоўніцтве з уладамі...»



Ня будзем цяпер аналізаваць мэтазгоднасьць і эфэктыўнасьць праекту дзяржаўна-прыватнага партнэрства. Гэты прыклад я прывяла дзеля таго, каб сканцэнтраваць увагу на бюджэце і выканаўцах праектаў, якія рэалізуюцца ў Беларусі за грошы Эўразьвязу.

Паводле дзейных правілаў ЭЗ наўпрост не выдзяляе грошы профільнаму міністэрству — выканаўцу праекту. Каб быў празрысты кантроль, звычайна наймаюць трэці бок, у Беларусі звычайна гэта ПРААН (Праграма разьвіцьця ААН), арганізацыя з добрай рэпутацыяй, якую крытычна згадаў Яраслаў Раманчук. На сайце ПРААН можна знайсьці інфармацыю пра большасьць дзейных праектаў замежнай дапамогі, пра іх бюджэт, імёны выканаўцаў, можна пабачыць, колькі грошай дае ЭЗ, а колькі — сама ААН.


Напрыклад, праект коштам USD$ 595,000 «Садзейнічаньне ўраду Рэспублікі Беларусь пры ўступленьні ў Сусьветную гандлёвую арганізацыю праз узмацненьне экспэртнага і інстытуцыянальнага патэнцыялу» рэалізуецца празь Міністэрства замежных спраў Беларусі.

Праект коштам USD$​ 1 946 000 «Мясцовае прадпрымальніцтва і эканамічнае разьвіцьцё» рэалізуе Міністэрства спорту і турызму Беларусі.

Праект коштам USD$ 355 400 «Садзейнічаньне ўдасканаленьню судовай сыстэмы Рэспублікі Беларусь пры дапамозе разьвіцьця спэцыялізацыі судоў» рэалізуе ў Беларусі Інстытут перападрыхтоўкі і павышэньня кваліфікацыі судзьдзяў, работнікаў пракуратуры, судоў і ўстаноў юстыцыі БДУ.

Мала хто ведае, што інфармацыя пра праекты замежнай дапамогі знаходзіцца ў адкрытым доступе на сайце ПРААН і што прэтэндаваць на ўдзел у праекце тэарэтычна можа любы спэцыяліст. Зрэшты, на практыцы ўдзельнікі праекту збольшага перадвызначаныя.



«Калі хочуць узяць чыюсьці жонку ў праект, то возьмуць»


Адзін з удзельнікаў праекту, які рэалізавалі ў Беларусі за грошы Эўразьвязу пры пасярэдніцтве ААН, на ўмовах ананімнасьці распавёў Свабодзе пра некаторыя асаблівасьці асваеньня замежнай дапамогі.

Загадзя можна скласьці пералік патрабаваньняў да кандыдата і пад іх узяць патрэбнага чалавека

«Заўсёды абвяшчаецца конкурс, і па ідэі кожны ахвотны можа ўзяць у ім удзел. Але звычайна загадзя вядома, хто ўзначаліць праект і хто будзе працаваць у рамках праекту. Што найбольш прыцягальнае ва ўсіх праектах — гэта адукацыйныя візыты дзеля дасягненьня пэўнай мэты. А гэта добрыя камандзіровачныя, шматлікія паездкі за мяжу. Пяць дзён сутачных роўныя месячнаму заробку чыноўніка. Чаму не паехаць у адукацыйную паездку? Профільнае міністэрства можа ўмяшацца ў выбар супрацоўніка для праекту, узгадненьне кіраўніка праекту вядзецца пры ўдзеле міністэрства, і, канечне, калі яны ня ўхваляць чалавека з вуліцы, то ён і ня пройдзе. Загадзя можна скласьці пералік патрабаваньняў да кандыдата і пад іх узяць патрэбнага чалавека. Калі хочаш доктара навук узяць, запішы ў патрабаваньнях доктарскую ступень. Але калі хочуць узяць чыюсьці жонку, то возьмуць. Напрыклад, быў у нас адзін праект, зьвязаны з судовай сыстэмай. Адзін праваабаронца з „Эўрапейскай Беларусі“ падаваў заяўку на ўдзел у гэтым праекце. Падчас гутаркі прадстаўнік Мін'юсту запытаўся ў яго, што трэба мяняць, і той сказаў пра тое, што ў нас няма разьдзяленьня ўладаў. У адказ яму сказалі, што ў нас усё дзейнічае. У выніку гэтага прэтэндэнта не ўзялі ў праект».

Што да магчымага карупцыйнага складніку, то суразмоўца Свабоды адзначае наступныя нюансы:

«Міністэрства-куратар заўсёды можа ўмяшацца і скарэктаваць плян закупак у рамках праекту — напрыклад, купіць не адзін прынтэр, а тры, бо па завяршэньні праекту ўсе сродкі пераходзяць да таго дзяржаўнага органа, які зьяўляецца нацыянальным выканаўцам. Вы купляеце мэблю, пляншэты і айпады, і ўсё гэта застаецца міністэрству, якое можа захацець, каб куплялі не бюджэтныя, а даражэйшыя кампутары. І часьцей за ўсё потым адбываецца так, што заканчваецца праект, і ўсё завяршаецца».



Вяртаньне да савецкіх камітэтаў міру


Як патлумачылі Свабодзе ў Брусэлі ў Эўракамісіі, пры рэалізацыі беларускай дзяржавай сацыяльных і эканамічных праектаў абавязкова выстаўляецца патрабаваньне — удзел недзяржаўнай арганізацыі.

Кіраўнік Цэнтру эўрапейскай трансфармацыі Андрэй Ягораў адзначае, што, як правіла, беларускія дзяржаўныя органы супраціўляюцца ўдзелу незалежных НДА, і донары, каб рэалізаваць праект, мусяць пагаджацца на ўмовы, якія выстаўляе дзяржава, і ўключаюць туды прадзяржаўныя НДА.



«У буйных праектах і праграмах вы, хутчэй за ўсё, не пабачыце незалежных НДА. Напрыклад, Рада Эўропы выдзяляла на экалягічныя праекты грошы па схеме супольнага ўдзелу дзяржавы і грамадзянскай супольнасьці. І замест вядомых беларускіх экалягічных арганізацыяў была задзейнічаная арганізацыя, якая была створаная за 2 месяцы да пачатку праекту і зарэгістраваная на базе Мінпрыроды. Ці, напрыклад, ПРААН рэалізуе праграму падтрымкі ўдзелу НДА ў кансультацыі наконт нацыянальнай стратэгіі ўстойлівага сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця. І дапамога ПРААН дзеля падтрымкі дыялёгу з грамадзянскай супольнасьцю выдзяляецца геаграфічнаму таварыству, якое амаль не існуе і зарэгістраванае ў БДУ ў межах геаграфічнага факультэту. Астатнія НДА проста ня ведаюць, што там за дыялёг, што там адбываецца. Цяпер рэалізоўваецца праграма, зьвязаная з дэцэнтралізацыяй мясцовай улады на 12-13 мільёнаў эўра, і там няма ніякай грамадзянскай супольнасьці. Мы шмат разоў размаўлялі з прадстаўніцтвам ЭЗ у Менску, і яны казалі пра тое, што няблага было б уключыць такія арганізацыі, як, напрыклад, фонд Сапегі, якія шмат гадоў працуюць з тэматыкай мясцовага самакіраваньня. Але ніколі нам не ішлі насустрач, мы ніколі ня мелі магчымасьці адкрыта размаўляць пра ўдзел сапраўдных арганізацыяў для рэалізацыі гэтых праектаў».

Паводле Андрэя Ягорава, дапамога, якая ідзе беларускай дзяржаве, у асноўным выкарыстоўваецца на сацыяльна-эканамічныя і інфраструктурныя праекты (кшталту пракласьці новую дарогу), не зьвязаныя з праблемамі разьвіцьця мясцовых супольнасьцяў.

«Часам робіцца шмат чаго карыснага. Але гэтая дапамога ніяк не садзейнічае таму, каб тут разьвівалася дэмакратыя. У 2011 годзе беларуская дзяржава атрымала грошы на падтрымку дэцэнтралізацыі і разьвіцьця мясцовага самакіраваньня ў Беларусі. Прадугледжваўся шэраг адукацыйных сэмінараў для цэнтральных і мясцовых уладаў. Але гэта татальнае глупства, бо ў Беларусі няма ніякай мясцовай улады і незалежнага самакіраваньня. Беларуская дзяржава атрымлівае грошы ў лепшым выпадку на шэраг бессэнсоўных мерапрыемстваў».



Сёньняшні трэнд — трэба працаваць зь беларускай уладай


Старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька прагназуе, што бліжэйшым часам мы станем сьведкамі зьяўленьня вялікай колькасьці НДА і праваабаронцаў, створаных беларускай дзяржавай.

«НДА будуць падсаджвацца на эўрапейскія праграмы. Канфармізм вельмі шырока распаўсюджаны, і да таго ж сёньняшні трэнд — трэба працаваць зь беларускай уладай. Улады Беларусі ставяць задачу — вярнуць адносіны з Захадам у нішу, якая існавала перад апошняй прэзыдэнцкай кампаніяй. Мы бачым, што эўрапейскія грошы павялічваюцца, але іх кантралюе беларускі чыноўнік».


Думку Анатоля Лябедзькі працягвае экс-кандыдат на прэзыдэнта, кіраўнік цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук:

«Ёсьць камітэты жанчын пры ўладзе, ці арганізацыі БРСМ, якія могуць атрымліваць эўрапейскія грошы як НДА. Яны — частка ідэалягічнага апарату ўлады, але яны атрымліваюць грошы ЭЗ, таму што адбываецца нейкая імітацыя дыялёгу. Улады кантралююць дапамогу на дзяржаўныя праекты і дапамогу, якая павінна трапляць у грамадзкі сэктар. І зьяўляецца псэўдаграмадзкі сэктар — камітэты абароны міру, як за савецкім часам. Калі па фармальных крытэрыях структура падыходзіць, то яна і працуе. Калі донары пачынаюць адназначна казаць, што для атрыманьня дапамогі яны павінны зарэгістраваць арганізацыю, то як яе зарэгістраваць апанэнтам улады, нават у сфэры экалёгіі?»



Брусэльскі «Офіс за дэмакратычную Беларусь» разьмяшчае на сваіх старонках рэкамэндацыі «Як зарэгістраваць праект міжнароднай тэхнічнай дапамогі ў Беларусі».



Калі ўважліва вывучыць працэдуру рэгістрацыі, становіцца зразумелым, наколькі складаны і працяглы гэты працэс, у якім кожны крок патрабуе ўхвалы шэрагу міністэрстваў і ведамстваў. Падаць праект у Мінэканомікі, атрымаць заключэньне МЗС аб адпаведнасьці праекту нацыянальным інтарэсам, атрымаць ухвалу Камісіі па пытаньнях міжнароднага тэхнічнага супрацоўніцтва пры Савеце міністраў і шмат чаго іншага. І становіцца відавочным, што незалежнаму ад дзяржавы гульцу гэта зрабіць маларэальна.



35 мільёнаў даляраў для Мінпрыроды



Сярод дзяржаўных структураў — атрымальнікаў замежнай дапамогі найбольш адкрытым выявілася Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя, якое падзялілася са Свабодай інфармацыяй пра праекты замежнай дапамогі.

Эўразьвяз і Мінпрыроды рэалізуюць экалягічных праектаў на 35 мільёнаў даляраў, яшчэ блізу 20 мільёнаў — на стадыі ўзгадненьня. Цяпер на тэрыторыі Беларусі пры пасярэдніцтве ААН рэалізуецца пяць сумесных праектаў з сукупным бюджэтам каля 13 мільёнаў даляраў. Дадзены старт яшчэ пяці праграмам на суму 7 мільёнаў даляраў, а ў пэрспэктыве заплянавана выдзеліць Беларусі дадаткова 15 мільёнаў даляраў на экалягічныя патрэбы.

Галоўныя напрамкі супрацоўніцтва — вада, паветра, клімат, адкіды, біяразнастайнасьць. У прыватнасьці, цяпер на тэрыторыі Беларусі вядзецца праца дзеля захаваньня біяразнастайнасьці і сыстэмы ахоўных водна-балотных угодзьдзяў, прадухіленьня забруджваньня навакольнага асяродзьдзя нафтапрадуктамі, кіраваньня воднымі рэсурсамі і г. д.

За эўрапейскія грошы рэалізуецца праект, накіраваны на ачышчэньне ракі Нёман, заплянаваныя яшчэ два праекты ў басэйне Дняпра. Акрамя таго, бакі працуюць на ўзгадненьне беларускага заканадаўства ў галіне прыродакарыстаньня з эўрапейскай прававой базай. На апошняй стадыі распрацоўкі — праект разьвіцьця ветравой энэргетыкі Беларусі.

У Мінпрыроды запэўніваюць, што ў пытаньнях захаваньня экалёгіі Беларусь не стартуе з нуля. За апошнія 20 гадоў выкіды ў атмасфэру забруджвальных рэчываў скарочаныя больш чым у 2,5 раза. Аб’ёмы забіраньня вады з прыродных водных аб’ектаў скарочаныя прыкладна на 45%. Значныя сродкі ўкладзеныя ў сыстэму біялягічнай ачысткі вады, у тым ліку ў лякальныя ачышчальныя збудаваньні — рэканструкцыя існуючых і будаўніцтва новых прыстасаваньняў. Палепшылася сытуацыя што да абыходжаньня з вытворчымі адкідамі: у 2001 годзе Беларусь выкарыстала 15% прамысловых адкідаў, а ў 2010-м гэты паказьнік вырас да 40%.

Тым часам Праграма развіцьця ААН у Беларусі сумесна зь Міністэрствам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя рыхтуюць да рэалізацыі тры новыя праекты. Адзін зь іх зьвязаны з разьвіцьцём ветраэнэргетыкі ў Беларусі, каб паспрыяць краіне ў разьвіцьці аднаўляльных крыніцаў энэргіі. Гэтая тэма адпавядае прыярытэтам канкрэтнага донара — Глябальнага экалягічнага фонду (ГЭФ). Праектная заяўка ўхваленая, завяршаецца распрацоўка поўнамаштабнага праекту.

Асноўным партнэрам выступае дэпартамэнт па энэргаэфэктыўнасьці Ддзяржаўнага камітэту па стандартызацыі, выканаўчым агенцтвам — Мінпрыроды. Праект плянуецца рэалізаваць на працягу 5 гадоў пры фінансаваньні ПРААН і ГЭФ. Яго бюджэт — крыху больш за 3 мільёны даляраў.

Яшчэ адзін праект, які рыхтуецца, — «Зялёныя гарады Беларусі». Мэта — падтрымка «зялёнага горадабудаўніцтва» ў малых і сярэдніх гарадах Беларусі. Ён акцэнтуе ўвагу на пытаньнях экалёгіі пры плянаваньні інфраструктуры гарадоў. У рэалізацыю праекту мяркуецца ўкласьці каля 13 мільёнаў даляраў, зь іх 3 мільёны 100 тысяч дасьць Праграма разьвіцьця ААН.

Пілётнымі аб’ектамі ў праекце выступаюць Полацак, Наваполацак і Наваградак. У Наваградку на запыт мясцовых уладаў акцэнт робіцца на эканамічнае і экалягічнае асьвятленьне вуліцаў і грамадзкіх месцаў. Полацку і Наваполацку як адзінаму канглямэрату дапамогуць стварыць аптымальную транспартную інфраструктуру.

Міністэрствы залежаць ад міжнародных грантаў


Штогод ад структураў Эўразьвязу дзяржаўныя міністэрствы і ведамствы атрымліваюць дзясяткі мільёнаў эўра ў якасьці «тэхнічнай дапамогі» на ўдасканаленьне сваёй дзейнасьці. Але прасачыць, наколькі мэтава расходуюцца атрыманыя сродкі, амаль нерэальна — мэханізмы іх асваеньня застаюцца маленькім сакрэтам дзяржаўных «грантасосаў». З дапамогай каардынатара таварыства экалягічных арганізацыяў «Зялёная сетка» Яраслава Бекіша паспрабуем разабрацца, як распараджаецца немалымі сумамі адзін з асноўных атрымальнікаў заходняй дапамогі — Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя.

Атрымаць сыстэматызаваныя дадзеныя на сайце ведамства немагчыма — у лепшым выпадку постфактум расказваецца пра ход рэалізацыі таго ці іншага праекту, у бальшыні выпадкаў без падсумаваньня выдаткаў і ідэнтыфікацыі «донараў». Але, па падліках экспэртаў, адны толькі экалягічныя праекты штогод даюць дзяржаве ня меней за 20 мільёнаў эўра. Яраслаў Бекіш кажа майму калегу Ігару Карнею, што насамрэч скласьці ўражаньне пра маштабы супрацоўніцтва надзвычай складана нават адмыслоўцам:

«Я ня маю нічога супраць, каб дзяржава ці хтосьці яшчэ атрымлівалі грошы альбо тэхнічную дапамогу з-за мяжы. Пытаньне — наколькі празрысты сам працэс і наколькі эфэктыўна сродкі трацяцца? У выпадку зь беларускай дзяржавай лічу, што эфэктыўнасьць надзвычай нізкая, а транспарэнтнасьць амаль што роўная нулю. Калі нейкія дадзеныя яшчэ можна атрымаць на сайтах грантадаўцаў — часьцей за ўсё Эўрапейскай камісіі, некаторых міжнародных агенцтваў, якія працуюць пры МЗС розных краінаў, — то ў Беларусі гэтыя дадзеныя атрымаць, прыкладам, на сайтах міністэрстваў вельмі і вельмі складана. У лепшым выпадку будзе кавалачак інфармацыі, якую немагчыма спраўдзіць. Паказальна, што ў бальшыні краінаў былога СССР ужо існуе сыстэма грамадзкага маніторынгу і кантролю сродкаў, якія выдзяляюцца іхнім урадам як у выглядзе грантавай дапамогі, так і крэдытаў. Называецца гэта bank watching. У Беларусі такога пакуль не існуе. Хацелася б, вядома, каб урэшце зьявілася».

Гэта пры тым, удакладняе Яраслаў Бекіш, што, адрозна ад іншых дзяржаўных ведамстваў, Міністэрства прыродных рэсурсаў яшчэ адносна адкрытае — прынамсі, раз на квартал пад кіраўніцтвам міністра зьбіраецца Грамадзка-кансультатыўная рада, на якой можна задаваць пытаньні — зразумела, без гарантыі, што атрымаеш на іх адказ. А цана кожнага пытаньня сапраўды досыць важкая:

«Калі азірацца нават гадоў на 10 у мінулае, у цяперашні час Мінпрыроды мае некалькі беспрэцэдэнтна буйных інфраструктурных праектаў па самай рознай тэматыцы. Як гэта адбываецца? Калі зусім спрашчаць, часьцей за ўсё схема такая. Эўрапейская камісія кажа: мы ня можам сабе дазволіць наўпрост супрацоўнічаць зь беларускім урадам (прынамсі, так было да апошняга часу), таму што вымушаныя ўлічваць такія моманты, як дэмакратыя, правы чалавека, палітзьняволеных і г. д. Але ж нейкім чынам асвойваць грошы трэба, і таму знаходзяць варыянты. Як правіла, грошы выдзяляюцца па лініі ААН, на прадстаўніцтва арганізацыі ў Рэспубліцы Беларусь. І ўжо ПРААН, фактычна як пасярэднік, выступае апэратарам гэтых праграмаў сумесна зь Міністэрствам прыродных рэсурсаў. Што, зразумела, ня радуе Мінпрыроды, бо лішнія пасярэднікі ў такіх выпадках — гэта заўсёды фінансавыя страты».

Нягледзячы на спэкуляцыі афіцыйных прапагандыстаў — маўляў, галоўныя «грантасосы» ў Беларусі — палітычныя партыі і «трэці сэктар» — насамрэч 90% замежнай дапамогі адрасна выдзяляецца пад праграмы дзяржаўных ведамстваў. Пра некаторыя пад эгідай Міністэрства прыродных рэсурсаў расказвае Яраслаў Бекіш:

Эўрапейская камісія кажа: мы ня можам сабе дазволіць наўпрост супрацоўнічаць зь беларускім урадам (прынамсі, так было да апошняга часу), таму што вымушаныя ўлічваць такія моманты, як дэмакратыя, правы чалавека, палітзьняволеныя і г. д. Але ж нейкім чынам асвойваць грошы трэба, і таму знаходзяць варыянты

«Сумы дастаткова буйныя, гаворка ідзе пра мільёны эўра. У геапалітычным разрэзе гэтыя сумы, вядома ж, ня тое што гіганцкія, але калі паглядзець увогуле на балянс сродкаў, якія паступаюць у краіну на розных рэцыпіентаў — грамадзянская супольнасьць, грамадзкія арганізацыі, палітычныя партыі, пра што любяць гаварыць па тэлевізары, і ўрадавыя структуры — то абсалютна ільвіная доля, больш за 90%, выдзяляецца менавіта на дзяржаўныя праграмы. Пытаецеся, якія праекты? Мне, напрыклад, бліжэй за ўсё цяпер праект, які называецца „Кліма Іст“. Ён накіраваны на тое, каб Беларусь і мэтадалягічна, і мэтадычна, і з пункту гледжаньня заканадаўства, пілётных практык была больш падрыхтаваная як да ўдзелу ў міжнародных працэсах на зьніжэньне ўзьдзеяньня на клімат і адаптацыю да працэсаў, якія ўжо мяняюцца, так і тэхнічна была гатовая ўкараняць нейкія практыкі. Да прыкладу, у жыльлёва-камунальнай гаспадарцы: каб былі больш экалягічна і кліматычна прыязныя і менш энэргаёмістыя».

Раз-пораз здараецца «працёк» інфармацыі наконт таго, што эўрапейскія грошы ідуць ня толькі на дэкляраваныя праекты, але і на тое, каб палепшыць узровень камфорту міністэрскіх работнікаў — прыкладам, на новую мэблю ці нават на службовы аўтамабіль. Ці сапраўды гэта мае месца?

калі прыходзіць замежны грант, то па дакумэнтах ён нібыта сапраўды траціцца мэтавым чынам. А фактычна большая яго частка ідзе проста на латаньне дзірак

«Я б не сказаў, што гэта нейкая сыстэмная рэч, але паколькі ўвесь працэс не празрысты для грамадзкасьці, адназначна сьцьвярджаць, наколькі значныя факты такога нямэтавага выкарыстаньня, складана. Я ведаю, што такія выпадкі ёсьць. Не магу сказаць, што ведаю пра гэта як пра масавую зьяву, але — бывае, здараецца. Калі гаварыць пра Мінпрыроды, то большая праблема ў тым, што ў Беларусі не існуе, практычна ліквідаваная сыстэма ўнутранага міністэрскага фінансаваньня. То бок раней у гэтага міністэрства быў уласны фонд, які напаўняўся за кошт розных падаткаў, штрафаў, усяго астатняга. Цяпер гэты фонд ліквідаваны, міністэрства пастаўлена ў сытуацыю, калі цалкам залежыць ад цэнтральнага бюджэту, які для іх дастаткова непрадказальны. То бок кожны год ім складана плянаваць на год наступны, бо невядома, што будзе зь бюджэтам. Ну, і таксама яны залежаць ад міжнародных грантаў. У размовах, у прыватнасьці, зь міністрам прыродных рэсурсаў увесь час прабіваецца, што гэта іх кроўныя грошы і інфармацыю пра тое, як яны атрымліваюцца і расходуюцца, ім было б ня вельмі прыемна распаўсюджваць».

Па словах Яраслава Бекіша, фактычна ведамствы зь пераліку заходніх грантаатрымальнікаў негалосна кінутыя на гасразьлік: маўляў, выбівайце грошы і самастойна латайце свае дзіркі. Таму немалая частка сродкаў банальна ідзе на тое, каб плаціць заробкі супрацоўнікам:

«Калі вы гаворыце пра нейкія факты нямэтавага расходаваньня, то ў асноўным яны расходуюцца мэтавым чынам. Іншая справа, што нестабільная, няўстойлівая сыстэма фінансаваньня прыводзіць да таго, што міністэрства ня можа сабе дазволіць адэкватна аплачваць працу супрацоўнікаў, асабліва ў рэгіёнах. Таму там вялікая цякучка кадраў, вялікія праблемы з прафэсіяналізмам, з падвышэньнем кваліфікацыі. Адным словам, у выніку, калі прыходзіць замежны грант, то па дакумэнтах ён нібыта сапраўды траціцца мэтавым чынам. А фактычна большая яго частка ідзе проста на латаньне дзірак, на тое, каб заплаціць сваім людзям, на заробкі якім больш няма адкуль узяць грошы. Гэта, канечне, вельмі дрэнна. Але я не магу тут абвінаваціць канкрэтна кіраўніцтва Мінпрыроды. Уся сыстэма досыць хісткая ў гэтым сэнсе. Думаю, тое ж самае можна назіраць і ў іншых, не асноўных ведамствах. У міністэрствах энэргетыкі ці прамысловасьці — яшчэ сюды-туды. А вось такія,як Мінпрыроды, Мінздраў — у іх з грашыма вялікія праблемы. І я магу зразумець іх сытуацыю, досыць праблематычную».

Каб ліквідаваць дыспрапорцыю на карысьць дзяржаўных грантаатрымальнікаў, пад дахам шэрагу ведамстваў заснаваныя падстаўныя «грамадзкія структуры», якія пакліканыя стварыць уражаньне ўдзелу ў асваеньні заходніх грошай «недзяржаўнымі арганізацыямі». Як кажа Яраслаў Бекіш, у Эўропе нешта падобнае было запачаткавана яшчэ на пачатку ХХ стагодзьдзя. Пазьней такі падзел паўнамоцтваў паміж дзяржаўнымі структурамі і іх сатэлітамі атрымаў у расейскамоўным варыянце абрэвіятуру «ГоНГО» — «государственные негосударственные организации». З той толькі розьніцай, што калі тады ўся дзейнасьць была пад кантролем грамадзкасьці, то ў цяперашняй Беларусі нічога падобнага няма.


Дзе за мяжой вучацца беларускія студэнты


Яшчэ адзін атрымальнік замежнай дапамогі ЭЗ Міністэрства адукацыі Беларусі. У міністэрстве Свабодзе паведамілі, што для навучаньня ў арганізацыях замежных дзяржаваў кандыдаты накіроўваюцца найперш з улікам прыярытэтных кірункаў разьвіцьця эканомікі і сацыяльнай сфэры. Пералік спэцыяльнасьцяў навучальных установаў, рэкамэндаваных для навучаньня ў 2014-2015 гадах, ухвалены асабіста тагачасным міністрам адукацыі Сяргеем Маскевічам.

Такім чынам, якія прыярытэты вызначыла на Захадзе для беларускіх студэнтаў адукацыйнае ведамства?

Краіны-суседзі і Эстонія запрашаюць на навучаньне па наступных спэцыяльнасьцях:

— «Біялёгія»: Мэдычны ўнівэрсытэт, Гданьск, Польшча.
— «Аўтаматызацыя і кіраваньне тэхналягічнымі працэсамі (лёгкая прамысловасьць): Тэхнічны ўнівэрсытэт, Беласток, Польшча.
— «Бухгальтарскі ўлік, статыстыка»: Віленскі ўнівэрсытэт, Вільня, Літва.
— «Лесаўпарадкаваньне і лясная таксацыя»: Унівэрсытэт прыкладных навук па лясной гаспадарцы і інжынэрыі навакольнага асяродзьдзя, Коўна, Літва.
— «Эканоміка і арганізацыя вытворчасьці»: Тэхнічны ўнівэрсытэт, Талін, Эстонія.


Іншыя краіны ЭЗ (кідаецца ў вочы «нямецкі ўхіл») запрашаюць беларускіх студэнтаў, каб атрымаць наступныя спэцыяльнасьці.

— «Інавацыі ў навучаньні замежным мовам»: Унівэрсытэт «Рэгент», Лёндан, Вялікая Брытанія.
— «Радыётэхніка, сыстэмы і прылады радыёнавігацыі, радыёлякацыі і тэлебачаньня»: Імпэрскі каледж, Лёндан, Вялікая Брытанія.
— «Сыстэмы, сеткі і прылады тэлекамунікацыяў»: Унівэрсытэт «City University London», Лёндан, Вялікая Брытанія.
— «Тэхналёгія электрахімічных працэсаў і абарона ад карозіі»: Каралеўскі тэхналягічны інстытут, Стакгольм, Швэцыя.
— «Нанатэхналёгіі і нанаматэрыялы (у электроніцы)»: Унівэрсытэт Кальяры, Кальяры, Італія.
— «Аўтаматызацыя і кіраваньне ў тэхнічных сыстэмах»: Тэхнічны ўнівэрсытэт, Дрэздэн, Нямеччына.
— «Машынабудаваньне і машыназнаўства»: Брэмэнскі ўнівэрсытэт, Брэмэн, Нямеччына.
— «Цьвёрдацельная электроніка, радыёэлектронныя кампанэнты, мікра- і нанаэлектроніка, прыборы на квантавых эфэктах»: Унівэрсытэт Пфорцхайма, Пфорцхайм, Нямеччына.
— «Радыёэлектронныя кампанэнты, мікра- і нанаэлектроніка»: Інстытут фатонных тэхналёгіяў, Ена, Нямеччына.
— «Германскія мовы»: Білефэльдзкі ўнівэрсытэт, Білефэльд, Нямеччына.
— «Эканоміка і кіраваньне народнай гаспадаркай»: Унівэрсытэт прыкладных навук «Фонціс», Эйндговэн, Нідэрлянды.


Якія выдаткі нясе бок, які выпраўляе на навучаньне, а таксама той, які прымае, у Міністэрстве адукацыі не ўдакладняюць — маўляў, гэта ўнутраныя справы ведамства.

***

Што да нямецкага «ўхілу», то 2/3 нямецкай дапамогі Беларусі накіроўваюцца на адукацыю. Пераважна гэта выдаткі на навучаньне беларускіх студэнтаў ва ўнівэрсытэтах Нямеччыны. Але беларуска-нямецкае супрацоўніцтва разьвівалася і ў іншых кірунках. У 2007-2011 гадах рэалізоўваўся праект супрацы паміж нямецкай паліцыяй і беларускай міліцыяй, які скончыўся скандалам. Пра гэта — у наступнай частцы дасьледаваньня.

  • 16x9 Image

    Ганна Соўсь

    Ганна Соўсь нарадзілася ў Менску. Скончыла факультэт журналістыкі БДУ. Працавала ў незалежнай газэце «Народная воля»(1997-2000). Ад 2000 году працуе на «Свабодзе». Кнігі на «Свабодзе» — «Дарога праз Курапаты» (аўтарка рэпартажаў), «Адзін дзень палітвязьня» (ідэя і ўкладальніца), «Адзін дзень палітвязьня. 2009-2011»(ідэя і ўкладальніца), «Жыцьцё пасьля раку» (аўтарка ідэі і каардынатарка праекту, рэдактарка). Аўтарка праекту «Расея і я», сэрыі інтэрвію з 12 экс-прэзыдэнтамі постсавецкіх кранаў. Сябра БАЖ.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG