Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віржынія Шыманец аднавіла практыку «тамвыдату» для постсавецкіх краін


Віржынія Шыманец
Віржынія Шыманец

Парыскае выдавецтва Ver à soie, створанае дасьледніцай беларускага тэатру, лінгвістам і гісторыкам Віржыніяй Шыманец, заснавала сэрыю «Там@издат», адрадзіўшы практыку часоў СССР — калі кнігі, якія з-за цэнзуры немагчыма было выдаць у Савецкім Саюзе, друкаваліся за мяжой. Пра асаблівасьці сэрыі «Там@издат» Радыё Свабода распавяла кіраўніца праекту Галіна Акерман, паразмаўляць зь якой парэкамэндавала выдавец Віржынія Шыманец.

У выдавецтве Ver à soie адзначаюць, што свабода слова абмяжоўваецца ў значнай частцы постсавецкіх краін. Таму выдавецтва пачало выпускаць сэрыю кніг, якія з прычын цэнзуры або самацэнзуры немагчыма выдаць у краінах постсавецкай прасторы.

Перш за ўсё, у рамках сэрыі «Там@издат» будуць выдавацца кнігі на тэмы, зьвязаныя з Расеяй — найбольшай краінай постсавецкай прасторы, зазначыла кіраўніца праекту Галіна Акерман:

«Сёньня мы канстатуем, што існуе нейкая колькасьць кніжных праектаў, для якіх з розных прычын вельмі цяжка і нават немагчыма знайсьці выдаўца. І не таму, што ў Расеі існуе цэнзура, а таму, што існуе самацэнзура, існуе цалкам абгрунтаваная асьцярога выдаўцоў і кнігароў, што на іх будуць якія ганеньні. Прычым гэтыя ганеньні будуць пад рознымі фальшывымі падставамі — будуць праверкі, напрыклад, санітарнымі інспэкцыямі, пажарнікамі, будуць выпісвацца штрафы», — кажа Акерман.

Галіна Акерман
Галіна Акерман

Першы раз з расейскай самацэнзурай яна сутыкнулася, калі плянавала выдаць тэарэтычную працу вядомага францускага гісторыка і філёзафа Алена Безансона «Сьвятая Русь», у якой ён разглядае ўплыў праваслаўя на гісторыю Расеі. Ягоныя кнігі, дзе ён крытыкуе і савецкую сыстэму, і расейскую дзяржаўнасьць, свабодна выдаваліся ў 90-х гадах у Расеі. Але сёньня выпусьціць такую кнігу аказалася немагчыма.

«Нават перакладчыкі не хацелі зьвязвацца з кнігай, якая можа выклікаць нараканьне праваслаўнай царквы. У сувязі з гэтай кніжкай мы зь Віржыніяй Шыманец вырашылі аднавіць выданьне па тыпу кніг „тамвыдату“ — гэта значыць, расейскія кнігі, на расейскай мове, выдадзеныя за мяжой», — кажа яна.

Яшчэ больш актуальнай робіцца ініцыятыва «Там@издат» у сувязі з апошнімі падзеямі ва Ўкраіне.

«Градус нецярпімасьці і самацэнзуры ў расейскім грамадзтве моцна павысіўся», — канстатуе Акерман.

Мяркуецца, што кнігі сэрыі «Там@издат» будуць купляць перш за ўсё турысты з краін постсавецкай прасторы, а таксама эмігранты.

У бліжэйшых плянах «Там@издат» — выданьне кнігі чачэнкі Зары Муртазаліевай. Падчас другой чачэнскай вайны аўтарку асудзілі на 8 гадоў калёніі па фальсыфікаваным абвінавачаньні ў тэрарызьме. Кніга пра яе лягерны досьвед ужо выдадзена на францускай мове, але выпусьціць яе па-расейску дагэтуль было немагчыма.

«Вядома, яе нельга параўноўваць з Шаламавым, але кніжка вельмі добрая. Па-расейску ніхто выдаваць гэтую кнігу ня хоча, таму што гэта прамая крытыка сучаснага ГУЛАГу — лягераў з прымусовай працай, якія, як і раней, дзейнічаюць на тэрыторыі Расеі», — распавядае Акерман.

Выдавецтва Ver à soie займаецца ня толькі кнігамі расейскай тэматыкі, але наагул працамі, якія немагчыма выдаць у постсавецкіх краінах. У сэрыі «Там@издат» ужо выйшла кніга былога акіма (прызначанага прэзыдэнтам кіраўніка) Алма-Аты, экс-міністра энэргетыкі Казахстану Віктара Храпунова «Я обвиняю! О диктатуре Нурсултана Назарбаева». Храпуноў у свой час апынуўся ў апале ў Назарбаева, уцёк на Захад, а цяпер казаскія ўлады абвясьцілі яго ў вышук.

«Галоўная каштоўнасьць гэтай кнігі ў тым, што гэта такая інсайдэрская інфармацыя — гэта падрабязны, якасны расказ пра ўвесь пэрыяд праўленьня Назарбаева, які ва ўладзе даўжэй, чым нават прэзыдэнт Лукашэнка», — кажа Акерман.

Беларускай тэмай выдавецтва таксама хоча займацца, але пакуль канкрэтных плянаў тут няма.

«Па Беларусі ў нас пакуль няма кнігі, якую мы б хацелі выдаць. Але я думаю, што нагода выдаць якую-небудзь кнігу на беларускую тэматыку нам яшчэ надарыцца», — адзначае Акерман.

Тым больш што стваральніца выдавецтва Віржынія Шыманец мае беларускія карані.

Шыманец — уладальніца і дырэктарка выдавецтва Ver à soie, якое сама і стварыла два гады таму.

«Пакуль гэта вельмі маленькая структура, якая трымаецца на яе (Шыманец. — РС) энтузіязьме і самаадданасьці. Але, нягледзячы на гэта, выдавецтва разьвіваецца», — адзначае Акерман.

Віржынія Шыманец (Virginie Symaniec) нарадзілася ў 1968 годзе, жыве ў Парыжы. Дасьледніца беларускага тэатру, лінгвіст, гісторык. Аўтарка кніг на францускай мове: «Беларусь: мэханіка адной дыктатуры» (2007, супольна з Ж-Ш. Ляльманам), «Усходнеславянская ідэалягічная канструкцыя. Мовы, расы і нацыі ў Расеі XIX стагодзьдзя» (2013). На працягу 10 гадоў узначальвала парыскую асацыяцыю «Беларускія пэрспэктывы». У 2011 годзе заснавала ў Парыжы выдавецтва Le Ver à Soie. Пляменьніца Івонкі Сурвілы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG