Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шарамет: «Мы ўсе заплацім за наш канфармізм»


Павел Шарамет — пра прапагандыстаў, абмен сумленьня на іпатэку і хваробы расейскага тэлебачаньня.

Новы тэлесэзон на канале ОТР адкрыецца без праграмы Паўла Шарамета «Прав? Да!». У ліпені тэлежурналіст пакінуў тэлеканал, патлумачыўшы рашэньне сваёй палітычнай пазыцыяй: «Апошнім часам у Расеі ідзе сапраўднае цкаваньне тых журналістаў, якія распавядаюць аб украінскіх падзеях і расейска-ўкраінскай вайне не ў стылістыцы крамлёўскай прапаганды. Я лічу анэксію Крыму і падтрымку сэпаратыстаў на ўсходзе Ўкраіны крывавай авантурай і фатальнай памылкай расейскай палітыкі».

Павал Шарамет даў інтэрвію Расейскай службе Радыё Свабода.

— Дзіўна ня тое, што вас вымусілі сысьці, а тое, што вам наогул удавалася рабіць гэтую праграму. Ці часта вы сутыкаліся зь ціскам, з цэнзурай за 9 месяцаў яе існаваньня?

— Гэты стан зьдзіўленьня не праходзіў і ў мяне ўсе гэтыя месяцы, што я працаваў на ОТР. Было дзіўна, што мяне наогул паклікалі. Таму што ўжо пасьля майго сыходу зь Першага каналу ўсе праекты на іншых фэдэральных тэлевізійных каналах былі для мяне вельмі моцна абмежаваныя. Было дзіўна, што мы рабілі такую праграму, кожны дзень паўтары гадзіны размовы на грамадзка-палітычныя тэмы. І было дзіўна, што ніхто ня ўмешваўся ў гэтую нашу размову. Ня дзіўна было толькі тое, што гэта скончылася такім чынам. Я казаў з самай першай праграмы: «Выйдзем тыдзень — і ўжо добра. Пройдзе месяц — цэлы подзьвіг мы зьдзейсьнілі». Да Майдану наогул не было ніякіх праблем, таму што канал быў новы, і ўсе разумелі, што калі яго ў зародку душыць, то ўвогуле нічога не атрымаецца. А паколькі яго ўплыў абмежаваны, то трэба дазволіць людзям свабодна абмяркоўваць тое, што на іншых каналах ўжо даўно забытае. Нават калі быў Майдан, мы рабілі праграм пяць, і яны вельмі моцна адрозьніваліся ад тых праграм, якія выходзілі на іншых расейскіх тэлеканалах. Але ўжо калі пачалася вайна, анэксія Крыму і баявыя дзеяньні на ўсходзе Ўкраіны, пачаліся нават не спробы цэнзуры, цэнзуры не было як такой, а было зьнешні моцны ціск: лісты з Адміністрацыі прэзыдэнта, даносы ананімных дзеячаў знутры каналу, лісты чульлівых грамадзян, якія заклікаюць да адказу ворага народу. Да нейкага моманту Анатолю Лысенку ўдавалася ўсё гэта стрымліваць, але потым ціск стаў невыносным. Можна было яшчэ, вядома, скандаліць ці супраціўляцца, але я не хацеў падстаўляць пад удар паважанага мною чалавека. Было відавочна, што лішні тыдзень нічога ня вырашыць.

— Магчыма, вы чыталі артыкул Андрэя Архангельскага, які кажа пра тое, што антыўкраінская кампанія разьвязаная ня столькі па ўказцы з Крамля, а за кошт энтузіязму тэле- і радыёжурналістаў, прычым часьцяком маладых людзей, якія шчыра мараць аб вяртаньні ў СССР, шчыра ненавідзяць Захад і праяўляюць шчыры прапагандысцкі энтузіязм. Вы пагодзіцеся з такой высновай?

— Я згодны з высновай Архангельскага, але часткова. Сытуацыя нашмат складанейшая. Мы маем справу з зачараваным колам, калі мы ўсе становімся закладнікамі гэтай гульні. У пачатку Майдану сям’я Януковіча наняла крамлёўскіх піяршчыкаў для прасоўваньня Віктара Януковіча на прэзыдэнцкай кампаніі 2015 году. Гэтыя піяршчыкі былі блізкія да Крамля, таму ў антымайданаўскую кампанію ўключыліся дзяржаўныя мэдыі. Паколькі ў дзяржаўных мэдыях, уключаючы інфармацыйныя агенцтвы, але ў большай ступені тэлеканалы, працуюць людзі не бяз таленту, то яны даволі ярка малявалі жахі Майдану, узбуджаючы расейскае грамадзтва і расейскіх палітыкаў. Нагледзеўшыся прапагандысцкіх тэлесюжэтаў аб Майдане, Пуцін і Крэмль ўключыліся ў гэтае ўкраінскі пытаньне з ужо зададзеным вуглом зроку і далі больш жорсткія ўстаноўкі расейскім прапагандыстам. На гэта наклалася маральная траўма ад уцёкаў Януковіча, і гэта было ўспрынята Пуціным як яго ўласны правал. Адпаведна, указаньні для прапагандыстаў сталі адназначна антыўкраінскія і жорсткія. Таленавітыя тэлевізійшчыкі з гэтага малявалі нейкую міжнацыянальную трагедыю. І гэта ўсё перарасло ў дзявяты вал страшылак, і расейскае грамадзтва проста зьехала з глузду. Гэта, вядома, некаторае спрашчэньне, але прыкладна такая схема. На гэта наклаліся і ўнутраныя комплексы расейскіх тэлевізійшчыкаў. Я доўга ня мог зразумець, у чым прычына, чаму мае калегі, таварышы, зь якімі мы прайшлі гарачыя кропкі і войны, паводзяць сябе як сарваныя з ланцуга сабакі імпэрыі, сабакі цемрашальства. Я зразумеў у нейкі момант, што імі рухае. Усе гэтыя гады, сытыя нулявыя, гады пуцінізму, было даволі сорамна працаваць у навінах на дзяржканалах. Пры кожнай нашай сустрэчы мае калегі, вольна ці міжвольна, апраўдваліся, тлумачачы свой канфармізм тым, што ў іх іпатэка, што ў іх сям’я, што ў іх дзеці, якіх трэба карміць, хворая маці і гэтак далей. Знайсьці яркае тлумачэньне таго, чаму яны ўсхваляюць «Адзіную Расею», на белае кажуць чорнае, цяжка было заўсёды, і ўнутрана дыскамфортна людзям працавалася. Але цяпер украінская вайна дала ім гэты аргумэнт, яны цяпер не бездапаможныя прапагандысты, што абмянялі сумленьне на іпатэку, але абаронцы «Русского мира», яны абаронцы няшчасных мірных людзей, абаронцы людзей ад фашызму, прадаўжальнікі справы сваіх дзядоў і прадзедаў. Такі выкрут сьвядомасьці прывёў да таго, што людзі з задавальненьнем робяць сваю брудную справу. Ну а моладзь... Я зьдзіўлены, што моладзь настальгуе па савецкай імпэрыі, гатовая падціраць зад газэтай, таму што зьнікне туалетная папера. Я думаю, што гэта шмат у чым наша віна, таму што мы не расказвалі сваім дзецям пра жахі савецкага часу, мы гуляючы выпусьцілі джына з бутэлькі, расьпінаючыся ў расказах аб тым, якая была вялікая краіна, што ўвесь сьвет нас баяўся. Мы забыліся, што баяцца і паважаць — гэта ўсё ж такі розныя рэчы.

— Такі вобраз Савецкага Саюзу стварала тэлебачаньне, прычым гэта пачалося ў канцы 1990-х гадоў, яшчэ да Пуціна ...

— Так, гэта праўда. Гэта, вядома, прадмет для вельмі сур’ёзнага дасьледаваньня, таму што там шмат слаёў. Можна кінуць папрок Канстанціну Эрнсту і Леаніду Парфёнаву, хоць гэта цяпер па ідэалягічных поглядах абсалютна розныя людзі. «Песьні пра галоўнае», памятаеце, яны выкарыстоўвалі савецкую эстэтыку для сваіх мэгапраектаў, але яны ня ўкладвалі ў гэта таго сакральнага сэнсу, які ўкладаюць новыя імпэрыялісты, усе гэтыя Гіркіны-Стралковы, Барадаі і астатнія людзі. Гэта значыць, нехта выкарыстаў савецкую эстэтыку дзеля хохмы, нехта эксплюатаваў савецкія міты, таму што новых мітаў не было, а гэта прыносіла грошы... Нехта спэкуляваў на савецкім мінулым чыста палітычна, каб схаваць сваю імпатэнцыю і няздольнасьць кіраваць краінай. А моладзь гэта ўсё прымала за чыстую манеэту. І ёсьць яшчэ такі момант — абсалютна дзікія апошнія выступы Сяргея Дарэнкі, які заклікае да вайны з Украінай, да забойства. Дзікія выступы Лявонцьева, які ўсе гэтыя гады паўтараў, што няма такой краіны Ўкраіна, што Ўкраіна — гэта не краіна. Гэтыя людзі таксама нясуць адказнасьць за пякельныя дзеяньні палітыкаў, таму што яны іх узбуджалі, яны ім далі ідэалягічную базу. Нам здавалася, што Сяргей Дарэнка або Міхаіл Лявонцьеў — гэта сур’ёзныя аналітыкі, а на самай справе гэта проста пазёры, гэта спэкулянты, гэта маніпулятары. Паколькі на расейскім тэлебачаньні ўжо даўно не было сапраўднай свабоды, ужо гадоў 15, а можа быць, і больш, то мы гэтых фальшывых аналітыкаў прадстаўлялі як уладароў думак. І за гэта цяпер (можа быць, не зусім цяпер, а празь некалькі гадоў) абавязкова, мы ўсе, і Расея як дзяржава, і расейскае грамадзтва, мы ўсе заплацім вельмі вялікую цану, у тым ліку і за наш канфармізм 1990-х, і за наша адступленьне ад свабоды слова пры Беразоўскім, Гусінскім і іншых алігархах.

— Расейскія журналісты цяпер ня проста асьвятляюць вайну, ня проста камэнтуюць, а ўдзельнічаюць у ёй нават больш актыўна за непасрэдных удзельнікаў баявых дзеяньняў. Вось LifeNews — фактычна яны стварылі гэтую вайну, гэта вайна, якая разгараецца на тэлеэкране.

— Так, гэта праўда. Гэта абсалютна безадказная пазыцыя. Нават падчас чачэнскай кампаніі такога не было. Я ж працаваў на Першым канале, я вёў праграму «Время» ў момант пачатку другой чачэнскай вайны. Я памятаю ўсе гэтыя нашы прапагандысцкія ролікі, але ўсё ж гэта не было за мяжой дабра і зла, усё ж мы стараліся гэта ўсё ўпісаць у жорсткія рамкі прафэсіі. А цяпер гэта нейкае пекла. Магчыма, людзі не адчуваюць сваёй адказнасьці яшчэ і таму, што ім здаецца, што вайна з Украінай — гэта лёгкая прагулка. Магчыма, закружыла галаву крымская анэксія. Як безадказна едуць бацькі траіх дзяцей на ўсход Украіны, і потым іх хаваюць у безназоўнай магіле, едуць зь якой-небудзь расейскай глыбінкі, наслухаўшыся размоў пра праваслаўны «русский мир», так і некаторыя журналісты лічаць, што ўзбуджаць вайну, узбуджаць людзей на бойню — гэта як кампутарная гульня, нічога страшнага, маўляў, дамо «ўкропам» прыкурыць, усё будзе ня так страшна. Украіны няма, я ж чуў Дарэнку зь Лявонцевым, «такой краіны няма, такой ўкраінскай арміі няма — гэта ж проста такая прагулка або сьвяты абавязак». Тут вялікае поле для псыхолягаў, псыхааналітыкаў і філёзафаў.

— Ці можна ўявіць такую сытуацыю, што Крэмль з прагматычных меркаваньняў, пад ціскам загадае згарнуць гэтую кампанію, і яна паступова згорнецца?

— Гэта трэба было зрабіць яшчэ ўчора, і ніколі ня позна спыніцца. Я абсалютна перакананы, што цяперашняя палітыка — гэта шлях ня проста ў нікуды, гэта шлях да катастрофы. І ніколі ня позна сказаць «стоп», папрасіць прабачэньня перад Украінай, нават не вяртаючы Крым. Але, на жаль, мае адчуваньні, мае прадчуваньні нашмат больш пэсымістычныя. Я думаю, што гэтая сытуацыя будзе цяжкай. Таму што Пуцін у тупіку. Якое б ён рашэньне ні прыняў, яно будзе недасканалым з яго пункту гледжаньня для яго пазыцыі. Таму што вернуцца з вайны вар’яцкія натоўпы праваслаўных харугваносцаў і пачнуць прад’яўляць прэтэнзіі, а працягваць вайну, нагнятаць эскаляцыю — гэта трупы, ізаляцыя і да таго падобнае. Але ўсё ж я настойваю, кожны дзень гэта паўтараю, што з двух ліхаў выбірай меншае. Спыніць вайну і ператрываць імпэрскі экстаз расейскага грамадзтва — гэта меншае ліха, чым ваяваць з суседзкім брацкім народам і настройваць сябе супраць усяго сьвету.

— Ці можна вылечыць расейскае тэлебачаньне, або супраць хваробы, якая яго паразіла, наогул няма лекаў?

— Мне здаецца, што простых рашэньняў ужо няма. Немагчыма выпіць таблетку, каб прайшоў гэты насмарк. Вірус імунадэфіцыту сумленьня расклаў знутры практычна ўсю прафэсійную расейскую супольнасьць, якая працуе з сэнсамі, з інфармацыяй, з ідэалёгіяй. Толькі жорсткі стрэс можа гэта ўсё вылечыць. Думаю, што мы будзем і далей назіраць нейкі час гэтую дэградацыю, злосьць, зноў вернемся да гісторыі пошуку ўнутраных ворагаў. Гэта значыць, самыя страшныя сцэнары цяпер не выглядаюць для мяне фантастычнымі. Я яшчэ год таму казаў пра тое, што Пуцін разьвяжа нейкую вайну для ўласнага самасьцьвярджэньня перад сусьветнымі лідэрамі, але тады гэта здавалася фантазіяй і трызьненьнем. Але я, фантазуючы на гэтую тэму, усё роўна заўсёды верыў у тое, што ў Крамлі не ідыёты і ўсё ж ва Ўкраіну войскі не ўвядуць. І я памыліўся. Гэта значыць глябальна прадказаў усё правільна, а ў дэталях кардынальна памыліўся. Таму я думаю, што некалькі найцяжэйшых гадоў чакаюць людзей, якія ў гэтай прафэсіі. Над пекарам, лекарам і шаўцом гэты ўраган пройдзе ня так адчувальна, а па нас, журналістах, палітыках, палітолягах, культуролягах, пісьменьніках гэта пройдзе проста катком.

— Цяпер абмяркоўваюцца пляны стварэньня вольнага тэлевяшчаньня на Расею з Кіева, з Рыгі або з Прагі. Ці натхняюць вас гэтыя ідэі, ці здаюцца яны жыцьцяздольнымі?

— Я чуў пра гэтыя ўсе праекты. Іх абмяркоўваюць у розных краінах і ў розных супольнасьцях, ад Амэрыкі да Прыбалтыкі. Былі такія вопыты, быў досьвед Гусінскага з RTVI, быў досьвед грузінскі — «Першы каўкаскі канал» на расейскай мове для жыхароў Расеі і Каўказу. Гэта вельмі складаны выклік, гэта вельмі складаны праект. І рабіць яго як процівагу Russia Today не зусім правільна. Таму што людзі будуць гэта глядзець толькі тады, калі гэта будзе цікавы, сучасны і сумленны канал. Ці зьбярэцца такая каманда, як гэта ўсё будзе выглядаць структурна, на якія сродкі гэта ўсё будзе існаваць? Пытаньняў мноства, а адказаў пакуль няма.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG