Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вы бачыце — і ня бачыце: як зьнікаюць рэпартажы зь Сеціва


Кадр зьнятага, як мяркуецца, у расейскай вёсцы Гукава відэароліка, які пацьвярджае абстрэл украінскай тэрыторыі з боку Расеі. Відэа, разьмешчанае на старонцы "Вконтакте", было выдаленае, аднак пасьпела разысьціся па інтэрнэце.

Кадр зьнятага, як мяркуецца, у расейскай вёсцы Гукава відэароліка, які пацьвярджае абстрэл украінскай тэрыторыі з боку Расеі. Відэа, разьмешчанае на старонцы "Вконтакте", было выдаленае, аднак пасьпела разысьціся па інтэрнэце.

Атрымліваць праўдзівую інфармацыю пра падзеі ва Ўкраіне робіцца ўсё цяжэй. Але задача робіцца яшчэ больш няпростай, калі інфармацыя з Інтэрнэту раптам зьнікае.

Веданьне, як і калі рабіць скрыншоты, нечакана зрабілася адным з асноўных навыкаў журналістыкі.

У другой палове дня 23 ліпеня расейскі салдат Вадзім Грыгор’еў напісаў у Вконтакте, што ён «абстрэльваў Украіну ўсю ноч». Ён дадаў пару фатаграфій артылерыйскіх гармат і гільзаў.

Але запіс можна пабачыць толькі дзякуючы тым, хто пасьпеў зрабіць скрыншоты. Празь некалькі гадзінаў арыгінал зьнік, як быццам яго ніколі і не было.

Шукаць праўду ва ўмовах інтэнсіўнай і скаардынаванай кампаніі дэзінфармацыі — досыць складаная справа. Але яшчэ цяжэй гэта рабіць у эпоху Інтэрнэту, калі інфармацыя зьнікае і зноў зьяўляецца ў іншым выглядзе.

І гэта тычыцца ня толькі асабістых акаўнтаў у сацыяльных сетках.

Прарасейскія блогеры і пракрамлёўскае расейскае тэлебачаньне (RT) заўважылі, што на сайце расейскай службы Бі-Бі-Сі быў выдалены артыкул адносна зьбіцьця лайнэра Malaysia Airlines. RT выказала меркаваньне, што гэта — вынік цэнзуры рэдактараў у Лёндане, тым часам як кампанія Бі-Бі-Сі патлумачыла, што матэрыял быў зьняты, паколькі не адпавядаў рэдакцыйным стандартам Бі-Бі-Сі. Было паабяцана, што пасьля дапрацоўкі артыкул ізноў зьявіцца на сайце.

У рэпартажы Бі-Бі-Сі, які захаваўся на YouTube, некалькі мясцовых жыхароў распавялі карэспандэнту, што яны бачылі ваенны самалёт побач з месцам, дзе адбыўся выбух. Украінскі ўрад адмаўляе наяўнасьць якія-небудзь ваенных самалёты ў гэтым раёне.

Міністэрства абароны Расеі заявіла 21 ліпеня, што ўкраінскі зьнішчальнік Су-25 быў побач з лайнэрам MH17 і, магчыма, зьбіў яго. Паводле зьвестак амбасады Ўкраіны ў Вашынгтоне, хтосьці перагледзеў артыкул у Вікіпэдыі пра Су-25, каб зьмяніць яго максымальную баявую вышыню з 7000 мэтраў да 10000.

Практыка перагляду запісу Вікіпэдыі стала нагэтулькі штодзённай, што ў гэтым месяцы у Twitter былі адкрытыя адмысловыя рахункі для адсочваньня зьменаў, якія ўносяцца з расейскіх дзяржаўных кампутараў і ўкраінскіх урадавых кампутараў.

За некалькі дзён да інцыдэнту «паўстанцы» з гонарам сьцьвярджалі — і расейскія СМІ шырока пра гэта паведамлялі — што яны маюць ракетныя ўстаноўкі «Бук» і выкарыстоўваюць іх для кантролю неба над Данецкай і Луганскай абласьцямі.

Цяпер заявы кшталту вось гэтай, ад імя прэс-службы самаабвешчанай «Данецкай народнай рэспублікі» (ДНР) у цяперашні час існуюць толькі ў вечнай памяці твітэру ў выяве скрыншотаў.

Расейскі тэлеканал LifeNews, які, як мяркуюць, мае глыбокія кантакты з расейскімі спэцслужбамі, зьняў рэпартаж 17 ліпеня, у якім быў дым ад палаючых парэштак авіялайнэра МH17 і паведамленьне, што паўстанцы зьбілі ўкраінскі вайсковы АН-26. Празь некалькі гадзін пасьля таго, як стала вядома, што самалёт насамрэч быў не ваенны, а пасажырскі, зьявілася паведамленьне, што зьбіў лайнэр украінскі ваенны самалёт і што сэпаратысты «ня маюць» пускавых установак «Бук».

Ігар Гіркін, ён жа Стралкоў, дэ-факта міністар абароны «ДНР», выдаліў шэраг запісаў са сваёй старонкі Вконтакте, у тым ліку ад 17 ліпеня, дзе казаў: «Мы проста зьбілі Ан-26 побач з Тарэзам». Ён таксама сказаў: «Мы захапілі ракеты.» Гэтыя постынгі і відэа 17 ліпеня былі хутка выдаленыя.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG