Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менск, 26 жніўня: вялікія перамовы без хуткага выніку


Прэзыдэнты Ўкраіны і Расеі пацьвердзілі свой удзел у перамовах у Менску 26 жніўня пры ўдзеле высокапастаўленых прадстаўнікоў Эўразьвязу і кіраўнікоў Беларусі і Казахстану.

Як украінскія, так і расійскія экспэрты лічаць, што ад пачатку ўкраінска-расейскіх перамоў ня варта чакаць хуткіх вынікаў, але сам факт сустрэчы лічаць важным крокам да нармалізацыі міждзяржаўных адносін.

Паводле намесьніка кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта Ўкраіны Валерыя Чалага, галоўным пытаньнем перамоваў стане сытуацыя ў Данбасе. Паводле ягоных слоў, «ніякія эканамічныя і энэргетычныя пытаньні ня могуць абмяркоўвацца без спыненьня агрэсіі на Данбасе». Удзел у перамовах трох высокапастаўленых прадстаўнікоў Валерый Чалы назваў беспрэцэдэнтным:

Валеры Чалы
Валеры Чалы

«Адначасовае прыцягненьне трох эўрапейскіх камісараў зьяўляецца беспрэцэдэнтным выпадкам — звычайна Эўразьвяз такіх рашэньняў не прымае. Будуць адначасова высокі прадстаўнік па пытаньнях зьнешняй палітыкі і бясьпекі Кэтрын Эштан, віцэ-прэзыдэнт Эўрапейскай камісіі — камісар па энэргетычных пытаньнях Гюнтэр Этынгер і камісар па пытаньнях гандлю Карл дэ Гухт. Гэта дае магчымасьць абмеркаваць комплекс пытаньняў. Украінская дэлегацыя таксама фармуецца цяпер, ўзначальваць яе будзе прэзыдэнт», — заявіў Валерый Чалы.

Таксама ён назваў важным прыцягненьне да перамоваў прэзыдэнтаў Беларусі і Казахстана, бо гэтыя дзяржавы дэманструюць пазыцыю, адрозную ад расейскай, і хочуць міру ў рэгіёне. Пуцін гатовы да перамоваў, але не да «зьліву» Наваросіі.

Між тым, экспэрты маюць меркаваньне, што хуткіх вынікаў ад перамоваў чакаць ня варта. Сябра камітэту Вярхоўнай Рады Ўкраіны па замежных справах дэпутат з фракцыі «Бацькаўшчына» Уладзімір Ар’еў лічыць, што цяпер расейскі прэзыдэнт не настроены пераглядаць сваю палітыку. Прымусіць Крэмль да мірнага ўрэгуляваньня могуць ўнутраныя праблемы ў самой Расеі ці ўзмацненьне ціску з боку Захаду, у прыватнасьці, прадстаўленьне вайсковай дапамогі Ўкраіне.

«Чым больш эфэктыўна будзе дзейнічаць ўкраінская армія, чым мацнейшым будзе супраціў ганебнай палітыцы Пуціна з боку сусьветнай супольнасьці — тым больш эфэктыўныя будуць перамовы. Але, думаю, гэта пачатак доўгага забегу », — кажа дэпутат Ар’еў.

Палітоляг Вадзім Карасёў таксама не чакае ад перамоваў хуткіх вынікаў, хоць і адзначае, што Масква дэманструе пэўную гатоўнасьць да перамоваў:

Вадзім Карасёў
Вадзім Карасёў

«Можна чакаць пачатку працяглага мірнага працэсу. Пуцін рыхтуецца да перамоваў — таму ён забраў з Данбаса Стралкова і Барадая і паставіў там малавядомых людзей. А з іншага боку, у Парашэнкі ёсьць ваенныя посьпехі, хоць і частковыя», — кажа экспэрт.

Маскоўскі экспэрт у галіне ўкраінска-расейскіх адносін Андрэй Акара лічыць, што зыходзячы з сытуацыі, якая склалася, сам факт перамоваў зьяўляецца вялікім крокам наперад, нават калі ні да чаго дамовіцца ня ўдасца: «Тое, што ні пра што істотнае не дамовяцца, я ў гэтым перакананы. Таму што цяпер такая патавая сытуацыя: прымірэньне, фактычна, будзе азначаць „зьліў“ праекта пад назвай Наваросія».

На думку Андрэя Акары, спыненьне праекта «Наваросіі» будзе азначаць для Пуціна асабістую палітычную паразу, а да прызнаньня ўласнай паразы ён наўрад ці цяпер гатовы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG