Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады забаранілі шэсьце на плошчу Незалежнасьці


Менгарвыканкам не задаволіў заяўку арганізатараў сьвяткаваньня Дня Волі, якія плянавалі правесьці шэсьце па праспэкце Незалежнасьці і мітынг на плошчы Незалежнасьці.

10 сакавіка ўвечары аднаму з заяўнікаў акцыі, старшыні Партыі БНФ Аляксею Янукевічу, патэлефанавалі зь Менгарвыканкаму і паведамілі, што прынятае рашэньне адмовіць у правядзеньні мерапрыемства па гэтай заяўцы.

Таксама чыноўнікі паведамілі, што сёньня апошні дзень, калі яшчэ можна падаць заяўку на акцыю 25 сакавіка. Пры гэтым яны прапанавалі зьмяніць найперш маршрут.

Аргкамітэт апэратыўна склаў новую заяўку і пасьпеў яе сёньня падаць. У ёй прапануецца збор а 18 гадзіне каля кінатэатра «Кастрычнік» і шэсьце па вуліцы Сурганава да парку імя Дружбы народаў, дзе ў 19:30 пройдзе мітынг.

Аляксей Янукевіч
Аляксей Янукевіч
«У рашэньні Менгарвыканкаму патлумачаны прычыны забароны акцыі па першай заяўцы. Маўляў, арганізатарамі была распаўсюджана інфармацыя пра плянавае мерапрыемства да атрыманьня дазволу. Таксама, паводле ўладаў, плошча Незалежнасьці ня можа быць месцам правядзеньня масавых мерапрыемстваў. Вось такія прычыны забароны. Але рашэньне было прынятае даволі хутка, і сёньня была яшчэ магчымасьць падаць новую заяўку. Гэта сьведчыць пра тое, што ўлады не зацікаўленыя ў канфрантацыі 25 сакавіка. І гэта дае падставы меркаваць, што новая заяўка будзе задаволена, і ўсё павінна прайсьці бязь нейкіх перашкодаў з боку ўладаў», — сказаў карэспанднту Свабоды Аляксей Янукевіч.

Асноўнымі тэмамі акцыі стануць абарона незалежнасьці Беларусі, салідарнасьць з Украінай, вызваленьне палітвязьняў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG