Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шушкевіч павіншаваў Краўчука зь юбілеем


Станіслаў Шушкевіч
Станіслаў Шушкевіч

«Леанід Краўчук — адзін з тых, з кім мы ў Белавескай пушчы зрабілі добрую справу. Ён годна змагаўся за незалежнасьць Украіны. Віншую яго з 80-годзьдзем і жадаю далейшых посьпехаў», — заявіў Станіслаў Шушкевіч, першы кіраўнік незалежнай Беларусі.

Шушкевіч узгадвае:

«Усе мае кантакты зь ім былі дзелавымі, прыемнымі. У мінулым у Краўчука былі цудоўныя дасягненьні. У яго за плячыма — рэфэрэндум за незалежнасьць Украіны, які адбыўся 1 сьнежня 1991-га. Ён меў наказ народу падпісаць тое пагадненьне, якое мы падпісалі. І ён паставіў свой подпіс сумленна і прыстойна».

Апошні раз Станіслаў Шушкевіч і Леанід Краўчук сустракаліся ў Кіеве ў 2013-м. Яны далі некалькі сумесных інтэрвію ўкраінскім тэлеканалам.

«Ён заўсёды быў натурай шырокай. І шмат якія свае дзеяньні ён тлумачыць прылівам эмоцыяў. 5 чэрвеня 2005 году ён заявіў: каб ведаў, што будзе рабіцца ва Ўкраіне, хутчэй бы адсек сабе руку, чым падпісаў Белавескія пагадненьні. А калі журналіст запытаўся, чаму ён так сказаў, Краўчук патлумачыў, што гэта была мэтафара. Ён па-ранейшаму прыхільнік таго, што падпісаў», — кажа старшыня Вярхоўнага Савету Беларусі 12-га скліканьня.

«Некалі сакратар Саюзу пісьменьнікаў Украіны Ўладзімер Яварыўскі сказаў пра Краўчука, што „яго называюць хітрым лісам“. Гэта дакладная характарыстыка, але ў станоўчым сэнсе. Краўчук — чалавек, які ў пэўных акалічнасьцях дзейнічае нечакана. Але ён упэўнены, што дзейнічае на карысьць Украіны», — заявіў Станіслаў Шушкевіч у інтэрвію Радыё Свабода.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG