Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Леанід Краўчук адзначае 80-годзьдзе


Леанід Краўчук

Леанід Краўчук

Адзін з «белавескіх зуброў», першы прэзыдэнт незалежнай Украіны Леанід Краўчук, сустракае свой 80-гадовы юбілей у добрай форме — ён працягвае ўдзельнічаць у палітычным працэсе, у часе сьнежаньскіх пратэстаў апазыцыі ён быў арганізатарам «круглага стала», да яго прыслухоўваюцца абодва бакі палітычнага супрацьстаньня.

Прэзыдэнт Украіны Віктар Януковіч павіншаваў свайго папярэдніка на гэтай пасадзе, першага прэзыдэнта Ўкраіны (1991–1994) Леаніда Краўчука зь днём нараджэньня:

«Прыміце мае сардэчныя віншаваньні з нагоды Вашага 80-годзьдзя. Глыбока паважаю Вас за неацэнны ўклад ва ўмацаваньне канстытуцыйнага ладу і нацыянальнай згоды, разьвіцьцё дэмакратыі ва Ўкраіне. Як патрыёт і мудры палітык Вы зрабілі ўсё, каб наша краіна атрымала міжнароднае прызнаньне і ажыцьцявіла першачарговыя крокі на шляху фарміраваньня самастойнай незалежнай эўрапейскай дзяржавы».

Леанід Краўчук — першы і адзіны прэзыдэнт Украіны, які не адбыў поўнага тэрміну на пасадзе. Абраны ў сьнежні 1991 года, ён добраахвотна сышоў у адстаўку ў ліпені 1994 года пасьля палітычнага крызісу, у выніку якога кіраўніком дзяржавы на наступныя 10 гадоў стаў Леанід Кучма.

У інтэрвію Свабодзе Леанід Краўчук адзначыў, што палітычная сыстэма, якая цяпер існуе ва Ўкраіне, не настроеная на пошук кампрамісу:

«Ведаеце, столькі цяпер выявілася праблем ва Ўкраіне!.. За 22 гады іх колькасьць не зьменшылася, а павялічылася. Гэта цалкам натуральна і заканамерна, таму што на паверхню выходзяць глыбінныя праблемы, якія ўсё драмалі... Таму цяжка нават сказаць — што для цяпер мяне важней. Адзінае, што я магу дакладна сказаць — хацелася б, каб ва Ўкраіне наступілі ўзаемаразуменьне, дэмакратыя і спакой».

Пра нядаўнія арганізаваныя ім «круглыя сталы» паміж уладамі і апазыцыяй Краўчук сказаў:

«Сказаць, што яны вельмі пладавітыя, нельга, як і сказаць, што яны без вынікаў. Усё ж такі на гэтых круглых сталах дамовіліся аб прыняцьці закона аб амністыі, пачалі займацца аналізам зьбіцьця, якое адбылося на Майдане — шукаць вінаватых, весьці сьледзтва».

Пра кіеўскі Эўрамайдан спадар Краўчук зазначыў:

«Майданы таксама сталеюць. Першы Майдан меў іншы сэнс — ішлі прэзыдэнцкія выбары. Потым у нас быў Майдан падатковы. А зараз ужо гэта Майдан, які сфармаваўся на аснове вызначэньня палітычнага курсу дзяржавы. Такога Майдана яшчэ не было... Аптымальнае выйсьце — толькі дыялёг. Сустрэцца прадстаўнікам усіх палітычных сілаў і разам дамовіцца пра будучыню прыладзе нашай дзяржавы. Найбольш дэмакратычная ўсё ж такі парлямэнцка-прэзыдэнцкая рэспубліка. Большасьць эўрапейскіх краін маюць такую форму праўленьня».

Леанід Краўчук узначальвае камісію па падрыхтоўцы новага варыянта Канстытуцыі Ўкраіны.

Інтэрвію Леаніда Краўчука беларускай службе Радыё Свабода ў 2010 годзе

XS
SM
MD
LG