Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларус у дагестанскім рабстве


Жыхар Магілёўшчыны вырваўся зь няволі ў расейскім Дагестане, але ня можа вярнуцца на радзіму.

Жыхар Краснапольскага раёну Аляксандар Шаўцоў, якога мінулым летам захапілі ў рабства, уцёк зь няволі. Цяпер ён у адноснай бясьпецы, але баіцца, што мясцовая паліцыя можа вярнуць яго назад у рабства. Пра гэта паведаміла Свабодзе ягоная маці Лідзія Іванаўна.

Маці Аляксандра Шаўцова кажа, што падтрымлівае сувязь зь сям’ёй, якая дала Аляксандру прытулак, і непакоіцца за яе таксама.

Лідзія Іванаўна распавяла, што сын паехаў у заработкі летась 1 чэрвеня. Працаваў у Падмаскоўі, у Люберцах. Сувязь зь ім была да 15 чэрвеня — ягонага дня народзінаў. Пазьней, як даведалася маці, у самой Маскве, куды Аляксандар выбраўся адзначыць з прыяцелямі дзень народзінаў, ён сустрэў незнаёмца, які прапанаваў разам зь ім выпіць.

«Калі ён выпіў, то ачуняў толькі ў Махачкале, на цагельным заводзе. Пра гэта мы даведаліся, бо пазваніла нам жанчына з Бабруйску. Яе сын там таксама працаваў. З сынам мы стэлефаноўваліся да 15 ліпеня. Пятнаццатага ён пазваніў і кажа: „Мамка, мне больш не звані. Я з табой сам зьвяжуся“. І сувязь зь ім зьнікла. І толькі ён мне ўчора пазваніў», — пераказвае гісторыю зьнікненьня сына Лідзія Шаўцова.

З сынавага пераказу маці даведалася, што ён і яшчэ двое ўцяклі зь няволі. У Астрахані іх злавілі і вярнулі назад у Дагестан. Там прадалі. Нейкі час Аляксандар у гарах пасьвіў авечкі. Потым яго зноў прадалі, і ён зноў уцёк.
У Астрахані іх злавілі і вярнулі назад у Дагестан. Там прадалі

«Яго падабрала адна сям’я. Сказаў ён, што яны яго пакуль не выганяюць. Далі прытулак, адзежу. Пазычылі б і грошы — пасадзілі б на аўтобус ці маршрутку. Аднак, як ён кажа, даехаць ён зможа толькі да першага паста, і яго зноў „здымуць“ і аддадуць у рабства, бо за яго заплаціў гаспадар. А калі ён трапіць зноў у няволю, то пэўна не ўратуецца. Дапамажыце, кажа, вярнуцца».

Лідзія Іванаўна, калі не было зьвестак ад сына, спрабавала яго знайсьці празь перадачу «Жди меня» на расейскім тэлебачаньні. Аднак пазьней, калі Аляксандар абазваўся, ёй сказалі, што перадача ня можа паехаць у Дагестан і забраць яго адтуль. Зьвярталася маці па дапамогу і ў міліцыю:

«Я заяву пісала, калі яшчэ ня ведала, дзе ён. Значыўся як бязь вестак зьніклы. Цяпер месцазнаходжаньне ягонае яны ведаюць. Кажуць, што мне трэба пісаць ліст у Міністэрства ўнутраных спраў Дагестану і растлумачыць сытуацыю, як што здарылася, каб тыя дапамаглі яму адтуль выехаць».

Лідзія Шаўцова непакоіцца, што напісаўшы такі ліст, яна можа нашкодзіць ня толькі сыну, але і сям’і, якая яго ратуе.

Лёсам Аляксандра Шаўцова цяпер займаюцца беларускія праваабаронцы. Яны шукаюць магчымасьці вярнуць Шаўцова на радзіму.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG