Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Яго перадавалі, як сабаку, з адных рук у іншыя»


Мікалай Шпак
Мікалай Шпак

Вызваленаму з рабства ў Расеі 61-гадоваму Мікалаю Шпаку сваякі даслалі грошы на вопратку і за кватэру, дзе ён жыў двое сутак, перад тым як накіравацца дахаты ў Мазыр.

Яго сястра Сьвятлана апавяла карэспандэнту «Свабоды», што ўладальнікі рыбнай фэрмы ля Арэнбургу не плацілі зусім:

«Нічога. Мы высылалі яму на вопратку. Ён жыў на кватэры двое сутак пасьля вызваленьня, там тэлефонам далі карыстацца. Вось за двое сутак мы 2 тысячы расейскіх рублёў яму даслалі. На адзеньне 250 даляраў паслалі. Які заробак? Супрацоўнікі амбасады яго на цягнік пасадзілі, купілі квіткі, на дарогу прадукты».

У Мазыры Мікалая Шпака чакаюць дзьве дачкі, унукі і 84-гадовая маці.

«Вельмі баімся, каб чаго ня здарылася ў дарозе. З амбасады патэлефанавалі і сказалі, калі даедзе, то пазваніць ім. Каб ведаць, што ён на месцы. То ў нас адразу трывога за яго зьявілася пасьля гэтага званка. Мы ж таксама баімся, за імі міліцыя гналася, калі яны зьяжджалі», — кажа Сьвятлана.
Мы ж таксама баімся, за імі міліцыя гналася, калі яны зьяжджалі

У сацыяльных сетках на старонцы моладзевага руху «Альтэрнатыва» вызвалены з рабства Мікалай Шпак расказвае:

«Абыходзіліся горш, чым са скацінай. Са скацінай лепш абыходзіліся. Яны мяне зьбівалі, зубы павыбівалі. Пералом асновы чэрапа быў. Два рабры зламалі, нагамі білі».

Сястра Мікалая Шпака Сьвятлана не давярае словам гаспадара рыбнай фэрмы:

«Ён маніць, што ён яго ня ўтрымліваў, што брат там добра жыў. Ён жа біў іх. Ён зь імі як з сабакамі абыходзіўся. Спачатку казалі, што ён палкоўнік, потым — прапаршчык МУС. Зразумей, хто насамрэч. Ён іх ледзь карміў. Грошай не плаціў, ня лекаваў. А ў брата язва. Яны ж жылі на возеры, дзе вырошчвалася рыба. Можа, рыбай і харчаваліся. Ён ім не плаціў наагул, нягоднік той. Ён трымаў іх як рабоў. Што наш брат перажыў за 11 гадоў, я нават ня маю ўяўленьня. Мы ўжо не лічылі, што мы яго калі-небудзь пачуем і знойдзем».

Карэспандэнт: «Як такое магло здарыцца ў Расеі?»

Сьвятлана: «У нашай Беларусі, відаць, няма такой цёмнай плямы. А там ёсьць, і многа. Прыедзе, раскажа. Віктар, які дапамог яму выратавацца, казаў, што яго перадавалі, як сабаку, з адных рук у іншыя. Ленка кажа: тата, ты ня мог нам патэлефанаваць, паведаміць? Ён кажа — ня мог. Уяўляеце, ніхто ня даў тэлефон пазваніць, такі народ. У нас упадзі, дык адразу некалькі чалавек да цябе падбяжыць. І напояць, і накормяць, і адзенуць, і абуюць. А там — не».

Сьвятлана кажа, што яе суседзі і другі брат езьдзілі на заробкі ў Расею. Але іншага выйсьця няма, бо ў Беларусі заробкі малыя:

«Там падманваюць спрэс. Працуюць, а спачатку дадуць на харчаваньне, на жытло. А калі прыходзіць час разьлікаў, бывае, зьбягаюць і не разьлічваюцца. Я ведаю шмат такіх прыкладаў. Усё роўна едуць, разумееце. Калі яны за месяц прывязуць 20 тысяч расейскіх рублёў, то такіх грошай яны ў нас не зарабляюць. Таму яны і едуць туды. Жывём мы ад пэнсіі да пэнсіі. Вось Колька прыедзе, пачнём пэнсію афармляць, а дакумэнты згубленыя. Накормім як-небудзь. Галоўнае, ён жывы. Гэта такі цуд у нас».

Раней у студзені ў выніку сумеснай працы «Анёла» й «Альтэрнатывы» былі вызваленыя з рабства ў Дагестане 9 чалавек, сярод якіх 5 беларусаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG