Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шпак пра мазырскую міліцыю: перавярнулі з ног на галаву


Вызвалены з расейскага рабства беларус Мікалай Шпак, 13 лютага 2013
Вызвалены з расейскага рабства беларус Мікалай Шпак, 13 лютага 2013

Мазырская міліцыя пастанавіла прыпыніць крымінальную справу адносна зьнікненьня Мікалая Шпака ў сувязі з устанаўленьнем ягонага месцазнаходжаньня.

Такі ліст, падпісаны падпалкоўнікам Куліковым, атрымалі сваякі Шпака. У ім гаворыцца, што ў 2001 годзе Мікалай Шпак паехаў на заробкі ў расейскі Арэнбург.

«Знаходзячыся ў Расейскай Фэдэрацыі, пэрыядычна выходзіў на сувязь са сваякамі праз тэлефонныя званкі, паштовую сувязь, прысылаў дахаты тэлеграмы. Потым сувязь зь ім абарвалася. Апроч таго, рашэньнем суду Мазырскага раёну Мікалай Шпак быў прызнаны памерлым у 2010 годзе. Аднак у студзені 2013 году сувязь са зьніклым аднавілася. Апошні патэлефанаваў сваёй сястры на мабільны тэлефон і паведаміў пра сваё месцазнаходжаньне. Пры гэтым патлумачыў, што знаходзіцца ў Арэнбурскай вобласьці, сяло Брадзецкае, пражывае на дачным участку, дзе выконвае гаспадарчыя працы, за кошт чаго і пражывае. Грошай і дакумэнтаў няма, магчымасьці самастойна прыбыць дахаты няма. У далейшым Мікалай Шпак быў дастаўлены ў амбасаду Беларусі ў горадзе Ўфа. Адкуль 14 лютага 2013 году апошні прыбыў у Рэспубліку Беларусь», — сьцьвярджае мазырская міліцыя.

Сам Мікалай Шпак сьцьвярджае, што былы расейскі міліцыянт Аляксей Карпухін трымаў яго ў рабстве. Таму ён абураны стаўленьнем да яго з боку мазырскай міліцыі. Карэспандэнту «Свабоды» ён распавёў, як яго выклікалі ў пастарунак:

«Такое напісалі, што вушы вянуць. Там ноўтбук стаяў. Ён запісаў. Я захацеў выйсьці ў прыбіральню. Кажа — дык засталося дзьве хвілінкі. Мяне ў іншы
Крымінальная справа закрытая. Што на лецішчах знаходзіўся. На якіх лецішчах?! Я нічога такога не казаў

кабінэт паклікаў. А там ён раздрукаваў усё на паперу. І — падпішыся тут, падпішыся там. Ніхто мне нічога не прачытаў. Я ж ня бачу. Ну, я паверыў людзям, падпісаўся. А потым адказ сястры прыйшоў, што крымінальная справа закрытая. Што на лецішчах знаходзіўся. На якіх лецішчах?! Я нічога такога не казаў. Яны ўсё перавярнулі з ног на галаву. Мой унук даў мне паглядзець інтэрнэт. Той, у якога я знаходзіўся, няхай ён кажа, што не палкоўнік, а прапаршчык, гэта не мяняе справы. Ён напісаў, што даў прытулак, пасяліў у дамок там, карміў, а я там тэлефанаваў з мабільніка. А я нават тэлефонам карыстацца ня ўмею. Дамок, сарай, лазьня пабудаваныя маімі рукамі. Якая ж гэта скаціна, я ня ведаю, як яго назваць. Гэта бяздушны чалавек. Ён мала таго, што мне нічога не плаціў, ён мяне яшчэ абылгаў па інтэрнэту. Я хачу гэта абвяржэньне даць, бо гэта ж скоцтва нейкае».

Унук Мікалая Шпака Аляксандар так рэагуе на пастанову, дасланую мазырскай міліцыяй: Ён лічыць, што павінны разабрацца з тымі,хто трымаў дзядзьку ў рабстве:

«Вось напісалі, гэта ж сарамоцьце нейкае. Ну як гэта чалавек піша, што пэрыядычна выходзіў на сувязь?! Якую сувязь? Была адна тэлеграма, і то не ад яго. Ён прывёз яго ў голае поле, які дачны ўчастак? Ну, гэта наша міліцыя, у прынцыпе. Ім хутчэй зачыніць справу і завязаць усё. Хоць гэта ж ня іх праблемы. Пачынаць крымінальную справу аб утрыманьні чалавека, аб прымусе да працы. Я калі ўбачыў дзядзьку, я быў уражаны. Ён нібыта пасьля канцлягеру. А гэты дзядзька ў мяне быў самы здаровы. Якая сілішча ў яго была! Мне страшна на яго глядзець проста».

Сястра Мікалая Шпака Сьвятлана кажа, што мазырская міліцыя не разабралася ў справе:

«Такі там лейтэнант, я зь ім сварылася па тэлефоне. Ён пачаў на мяне крычаць. А я кажу: цікава, а як гэта вы на мяне голас падвышаеце, я вам за матку магла б быць? Сумленьне ў вас ёсьць? Дык ён адразу на паўтона зьменшыў. Я кажу, што вы за туфту панапісвалі, адкуль вы гэта ўсё ўзялі? Зь інтэрнэту, тое, што Карпухін казаў. Я кажу, гэту хлусьню? Нафінцілі, кажу, мы гэтую справу так не пакінем. Ён напісаў, што з намі кантактаваў. Дык як жа ён з намі кантактаваў? Напісаў няправільна, маўляў, у 2010 годзе, а прызналі яго памерлым, бязь вестак прапалым, у лістападзе 2011 году. А тэлеграма была, але мы адказы пасылалі, а нам адказу не было. Брат кажа, што ў стэпе жыў, спачатку на балоце. Ён мне абяцаў зрабіць дакумэнты і грошы заплаціць. Гэта ж усё маёй працай пабудавана. Ён, кажа, злодзей. Карміў нас чорт ведае чым, як сьвіней. Дык і прыехаў жа — адна скура. А ён яшчэ плянаваў, што дамкоў набудуе».

Мікалай Шпак кажа, што падаў заяву ў суд, каб яго прызналі жывым. Аднак пакуль позвы з суду няма. Бяз гэтага рашэньня Шпаку пакуль не выдаюць пашпарт, не прапісваюць на ягонай кватэры і не вырашаецца пытаньне аб пэнсіі. На прыём да лекараў ён трапляе толькі з дапамогай «Чырвонага крыжа». І спадзяецца, што яму паставяць зубы, бо іх выбілі ў Расеі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG