Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Юрконіс: Стаўку трэба рабіць на працу з грамадзянскай супольнасьцю


Віціс Юрконіс
Віціс Юрконіс

У стасунках з краінамі «Ўсходняга партнэрства» Эўразьвяз павінен рабіць акцэнт на кантакты з грамадзянскай супольнасьцю. Такое меркаваньне выказаў у інтэрвію Радыё Свабода Віціс Юрконіс, мэнэджэр праектаў Freedom House, палітоляг зь Віленскага ўнівэрсытэту.

— Якое значэньне маюць грамадзкія мерапрыемствы? Альбо гэта толькі дадатковае тло для саміту?

— Я ня думаю, што гэта тло. Гэта паказвае, што чалавечае вымярэньне вельмі важнае. Гэта падтрымлівае ў тым ліку і рэгіянальнае супрацоўніцтва.

Віленскі саміт павінен прынесьці ўзмацненьне гэтага супрацоўніцтва, бо відавочна, што стасункі з аўтарытарнымі рэжымамі ня вельмі ўстойлівыя. Адзін дзень яны гавораць „за“ асацыяцыю з Эўразьвязам, у другі — „не“. Акцэнт павінен быць на супрацоўніцтва з грамадзянскай супольнасьцю. І гэта супрацоўніцтва павінна стаць асноўным, бо толькі так мы можам набліжаць краіны эўрапейскага рэгіёну да эўрапейскіх стандартаў.

— Якія Вашыя прагнозы пра палітычныя вынікі саміту?

— Я ня думаю, што ён будзе правальным. Была памылка, калі перабольшылі спадзевы наконт таго, што Ўкраіна падпіша дамову з Эўразьвязам. Але ня трэба казаць, што калі Ўкраіна не падпіша дамову пра асацыяцыю, дык гэта канец „Усходняга партнэрства“. Гэта толькі пачатак.

Ініцыятыва пачалася ў 2009-м годзе. І яна ўжо мае вынік. Грузія і Малдова відавочна ініцыююць дамову пра асацыяцыю. Будзе шмат пытаньняў, як павялічыць чалавечае вымярэньне, каб людзі ў рэгіёне больш камунікавалі ня толькі між сабой, але і са сваімі эўрапейскімі калегамі. І гэта дае эфэкт. Канечне, гэты эфэкт не такі, што, маўляў, „заўтра ўсе будуць у Эўразьвязе“, але рух ідзе па мілімэтры.
Людзі разумеюць, што іхняя будучыня — у Эўразьвязе

Гэта паказвае і Эўрамайдан, які адбываецца ў Кіеве. Людзі разумеюць, што іхняя будучыня — у Эўразьвязе.

— Ці ўразіў вас Эўрамайдан?

— Можна адказаць так: паспрабуйце сабраць такую колькасьць людзей у сталіцы эўрапейскай краіны. Грамадзянская актыўнасьць ва Ўкраіне зьяўляецца пазытыўным прыкладам. Але, прызнаючы гэта, мы павінныя ўсьведамляць, што рашэньне прымае Януковіч. Нягледзячы на тое, якія будуць вынікі віленскіх сустрэчаў, Януковіч і кампанія будуць адказныя за тое, падпіша Ўкраіна дамову ці не.

Тое, што могуць зрабіць Брусэль і калегі ў Эўропе, — гэта ўзмацняць грамадзянскую актыўнасьць.

У рэшце рэшт гэта ня толькі пытаньне грашовых кампэнсацыяў, мы сапраўды кажам пра стандарты, правы чалавека, дэмакратыю — гэта тыя рэчы, якія грашыма не купіць.

— Яшчэ месяц Літва будзе старшыняваць у Эўразьвязе. Мо, яшчэ рана падводзіць вынікі, але можна гаварыць, чаго Літва дамаглася?

— Тое, што краіны „Ўсходняга партнэрства“, і асабліва Ўкраіна, прысутнічаюць у парадку дня і ў фарватэры зьнешняй палітыкі ўсяго ЭЗ, — гэта вельмі важна, гэта і зьяўляецца посьпехам.

Пасьля 2004-га большасьць краінаў ЭЗ паставілі „галачку“, што скончылі далучэньне краінаў Усходняй Эўропы. Але Швэцыя, Польшча, Чэхія і Літва зрабілі вельмі шмат, каб фокус быў на краінах „Усходняга партнэрства“.

Цяпер задача — утрымаць гэтую ўвагу, бо мы ведаем, што краіны, якія будуць старшыняваць у ЭЗ пасьля Літвы, ня маюць вялікага энтузіязму.

Дык вось асноўнае — гэта ня толькі дамагчыся нейкіх рашэньняў, але і падтрымаць інтарэс да гэтага рэгіёну.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG