Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паралельна з самітам у Вільні праходзіць Форум грамадзянскай супольнасьці краінаў «Усходняга партнэрства», які адкрылі прэзыдэнт Літвы Даля Грыбаўскайце і камісар па справах суседзтва Эўразьвязу Штэфан Фюле.

У форуме бярэ ўдзел беларуская дэлегацыя. Адзін зь яе прадстаўнікоў, намесьнік старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі Ігар Барысаў, распавёў Свабодзе, што пра Беларусь згадваюць і пытаюцца.

Пра што спадар Барысаў казаў у сваім выступе?

«Першае — гэта адмена візаў. Бо бяз гэтага немагчыма беларусам наведаць ЭЗ. Паводле статыстыкі, усяго 11% грамадзянаў выяжджала ў краіны ЭЗ. Проста калі казаць пра эўрапейскія каштоўнасьці, дык людзі павінны бачыць, як жыве Эўропа, і параўноўваць зь Беларусьсю. Па другое, трэба неяк адчыняць рынак працы для беларусаў, бо гастарбайтэры — гэта самая актыўная частка насельніцтва. І калі яны паедуць у Эўропу, дык вернуцца не такімі, як зьяжджалі. Бо Эўропа разьвівае людзей».

Ігар Барысаў (справа) , актывісты БСДП Ігар Вяляеў і Жана Семянтовіч на форуме ў Вільні

Ігар Барысаў (справа) , актывісты БСДП Ігар Вяляеў і Жана Семянтовіч на форуме ў Вільні



Падчас форуму выступяць Улад Вялічка і Дзяніс Мельянцоў. А ўдзел у ім бяруць прадстаўнікі розных дэмакратычных партый зь Беларусі: Ірына Вештард, Аляксей Янукевіч, Віталь Рымашэўскі, Уладзімер Някляеў, Аляксандар Мілінкевіч і іншыя.

Намесьнік старшыні Партыі БНФ Рыгор Кастусёў на кірмашы грамадзкіх і палітычных ідэяў у Bў-ROOM распавёў пра тое, як яго партыя прэзэнтуе сябе гэтымі днямі ў Вільні, і чаго чакаць ад прыезду на саміт «Усходняга партнэрства» Ўладзімера Макея.

«Я тут прэзэнтую праграму Партыі БНФ, расказваю, хто мы такія і чым мы займаемся ў Беларусі. Таксама мы разам зь іншымі сябрамі Партыі БНФ прэзэнтуем нашыя кампаніі рознага часу — пачынаючы бягучай кампаніяй „Народны рэфэрэндум“ і сканчваючы больш даўняй кампаніяй, падчас якой мы рыхтавалі правядзеньне аўтарэфэрэндуму.

Я бачу, што да нашых матэрыялаў ёсьць вялікая цікавасьць. Мы раздалі ўжо амаль што ўсе матэрыялы, што прывезьлі з сабой. Цікавяцца нашымі матэрыяламі прадстаўнікі літоўскага Сойму, амэрыканскія палітыкі, таксама вельмі шмат журналістаў падыходзіла.

Лічу, што прыезд на саміт „Усходняга партнэрства“ Ўладзімера Макея — гэта вялікі плюс. Гэта значыць, што ўсё ж такі ў беларускіх уладаў ёсьць разуменьне таго, што трэба збліжацца з Эўропай і наладжваць кантакты з эўрапейскімі палітыкамі. Пакуль, на жаль, не атрымліваецца гэта на належным узроўні, але тое, што ёсьць зрухі — ужо плюс».
XS
SM
MD
LG