Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нацыя білінгва (да спрэчкі Вячоркі з Максімюком)


Мой старэйшы калега Ян Максімюк стварыў першы сапраўды сучасны тэкст пра мову і яе месца ў нашай культуры. Падкрэсьлю: вартасьць пазыцыі Максімюка менавіта ў яе сучаснасьці. Гэта тэкст XXI стагодзьдзя. Усё, што пісалася дагэтуль, патыхала састарэлым патасам 90-х гадоў. Дарэчы, аргумэнты тых, хто пачаў цкаваць Максімюка, выглядаюць не памылковымі ці спрэчнымі, а менавіта анахранічнымі. Яны цалкам валідныя ў рамках той парадыгмы, да якой яны належаць, але – на маю думку – трохі састарэла сама парадыгма.

Яна не адпавядае апошнім тэорыям нацыяналізму і, што можа нават болей балюча, – рэаліям канкрэтнай беларускай сытуацыі. З гэтых дзьвюх пазыцыяў – тэарэтычнай і культурна-эмпірычнай, я і хацеў бы выказацца на гэты конт.

Састарэласьць мадэрнізму


Ня я першы агучу думку, што беларускі нацыянальны праект 90-х быў мадэрным па сутнасьці. Сутнасьць мадэрнага прачытаньня нацыяналізму (К. Дойч, Э. Гелнэр, М. Грох і іншыя) палягала ў тым, што нацыя ўспрымалася як фэномэн Новага часу. Да тае пары, паводле гэтага падыходу, нацыяў не было, бо не было індустрыялізацыі, якая вымусіла іх стварыцца. Марксісты дадавалі пра абвастрэньне сацыяльных супярэчнасьцяў, жаданьне нацыяў атрымаць незалежнасьць ад эксплюататараў і г. д. Бліскучы (і самы модны цяпер!) тэарэтык нацыяналізму Э. Сьміт вельмі трапна абагульняе, што гэты нацыяналізм быў антытэзай імпэрыялізму. У такім менавіта выглядзе, як антытэза драпежніцкім жаданьням Расеі, нацыянальная ідэя і была сфармуляваная ў пачатку апошняй хвалі беларускага адраджэньня ў канцы 1980-х. Кожны раз, калі аб беларускім нацыянальным праекце прамаўляюць у кантэксьце супрацьстаяньня «імпэрскасьці», гэта выглядае стылістычнай спасылкай на мадэрнізм, барацьбу індзейцаў за нацыянальнае самавызначэньне, паўстаньні ў Індыі і Афрыцы, як быццам бы гэта наш выпадак.

Ёсьць дзьве праблемы з мадэрнізмам.

Па-першае, ён болей не актуальны. Бо мы жывем у постіндустрыйным грамадзтве, ці ня так?

Па-другое, ён не імплікуецца на беларускую глебу.

Менавіта ў Новы час, калі, здаецца, павінны былі б абвастрацца супярэчнасьці і стварацца нацыя, у выніку шэрагу гістарычных недарэчнасьцяў, адбыліся тры падзелы Рэчы Паспалітай ды далучэньне да нас шчыльнай «сям'і рускіх народаў». Дык пры чым тут мадэрнізм? А што скажаце пра несупадзеньні ва ўзьнікненьні прынцыповых тэкстаў беларускай літаратуры, пра мову, якая прыйшла ў заняпад менавіта ў Новы час у выніку русыфікацыі? Ці не прыйшоў час ачуняць ды ўзгадаць, што на двары – XXI стагодзьдзе?

Памылка Сьміта


Сярод беларускіх дасьледчыкаў маладой генэрацыі прынята тлумачыць выключную ролю беларускай мовы для нацыяўтварэньня этна-сымбалізмам Сьміта. Гэтая канцэпцыя бліжэй да нашага выпадку, бо лічыць, што нацыі існавалі да Новага часу. Іх спэцыфіка тлумачыцца прыналежнасьцю да г. зв. «этніі», якая фундуецца этнічнай памяцьцю, мітамі, сымбалямі. Аднак што здарылася ў нашым выпадку?

Мова, як фактар камунікацыі ды захаваньня этнічнай памяці, зьнішчалася два апошнія стагодзьдзі. Сам склад памяці падчас існаваньня савецкага праекту зьмяняўся. У сучаснай Беларусі мы маем выпадак савецкай этніі, ніяк не апісанай у Сьміта (ён бы звар'яцеў, паразмаўляўшы на трасянцы з мужыкамі ў вясковай краме аб гісторыі Беларусі ды яе мітах). Этнічная памяць была замененая ідэалягічнай памяцьцю. У выніку гэтай хірургічнай апэрацыі на сьвядомасьці, мы маем выпадак народа, які можа расказаць пра тое, як немцы ня здолелі ўзяць Брэсцкую крэпасьць, аднак яму будзе складана адказаць на пытаньне, кім быў Міндоўг.

Сміт кажа пра немагчымасьць стварэньня агульнай тэорыі нацыяналізму, бо ў кожным выпадку да халеры розных фактараў, што абвяргаюць тэарэтычныя пабудовы.

«Ня казачнік» Андэрсан


Тым ня менш, ёсьць дасьледчык, які, на маю думку, вельмі прыдатны для тлумачэньня беларускай сытуацыі. Я кажу пра Бэнэдыкта Андэрсана ды ягоную тэорыю «ўяўных супольнасьцяў». На думку Андэрсана, нацыі ствараюцца з дапамогай трох фактараў: перапіс, мапа, музэй. Гэта адна з тэорыяў нацыяналізму, якая вольная ад этніцызму, імплікацыі якога ў Беларусі вельмі складаныя ў сувязі з узгаданымі вышэй гістарычнымі фактарамі.

Андэрсан дае адказ на тое пытаньне, якое ўзьнікае пасьля прачытаньня крытыкаў Максімюка: калі мова крытычна важная для існаваньня нацыі, калі безь яе – ніяк, дык што наконт Лацінскай Амэрыкі? Як вы патлумачыце прысутнасьць цэлай часткі сьвету, дзе існуюць тузіны нацыяў, якія размаўляюць ці то па-партугальску, ці то па-гішпанску? ЗША для вас ня нацыя? ЗША, дзе размаўляюць на мове, якая «прыйшла ў Штаты зь Вялікабрытаніі»? Аўстралія ды Новая Зэляндыя – таксама ня нацыі?

Андэрсан кажа: нацыя – гэта мапа, перапіс, музэй. І нічога болей. Дарэчы, беларуская дзяржава, будуючы нацыянальную дзяржаву без этнічных прыкмет (бо панічна баіцца «нацыяналістаў») абапіраецца на Андэрсана так, як быццам бы яго чытала. Адкрыцьцё музэю беларускай дзяржаўнасьці – чарговае пацьверджаньне таму. Бясконцыя перапісы, неабходнасьці ў якіх нібыта й няма, – яшчэ адно пацьверджаньне. І тое, што падчас гэтых перапісаў усё меней людзей кажуць аб тым, што стала размаўляюць на беларускай мове, не пужае дзяржаву, яна не хавае гэтыя зьвесткі. Бо не бачыць у іх небясьпекі паглынаньня Беларусі Расеяй (у гэтым сэнсе, сучасная Беларусь – вельмі постмадэрны праект).

Трохі ідэалізму


Ня ўсё тлумачыцца навукай. Ня ўсё ёй вычэрпваецца. Калі казаць суб’ектыўна, па-людзку, дык мне вельмі хочацца, каб беларусы размаўлялі па-беларуску. Усе беларусы. Уключна зь міліцыянэрамі ды гопнікамі. Мне падабаецца мая мова, я яе вельмі люблю. Аднак зараз гэта – немагчыма.

За наш Новы час зь ягонай русыфікацыяй, за час існаваньня БССР, беларусы сталі дзьвюхмоўнай нацыяй. На расейскай мове напісаныя кнігі Сьвятланы Алексіевіч, на гэтай мове працаваў беларускі пісьменьнік, выбітны дзяяч адраджэньня, Алесь Адамовіч. Расейская мова зрабілася мовай беларускай культуры. Гэта мэдычны факт. І ня трэба камплексаваць з гэтай нагоды (незнарок Максімюк назваў свой тэкст «Сындром «малодшага брата»!). На якой мове пісаў ірляндзкі пісьменьнік Джэймс Джойс? Хіба на gaeilge? Дык чаму ад яго не адракаюцца ірляндзкія патрыёты?

І зноўку: ня бойцеся, што бяз мовы загіне нацыя. Пачытайце Андэрсана! Пачытайце Сьміта ды Дойча з Гелнэрам, аднак задайцеся пытаньнем, ці актуальна?

Вялікі дзякуй Франку Вячорку за тое, што згадаў у сваім тэксьце-адказе Максімюку беларускамоўны раман «расейскамоўнага журналіста Віктара Марціновіча». Аднак факт напісаньня мной рамана па-беларуску ня выкліканы тым, што раней я быў дурнем і пісаў па-расейску, а потым ачуняў і стварыў тэкст па-беларуску. Усё трохі глыбей.

Наша мова – сьвятая.

Але ж апошнія 15 гадоў на мове пераважна ствараюцца тэксты аб мове як такой. Аб яе сьвятасьці. У той жа час, беларусам патрэбны раман, які б расказваў аб каханьні і здрадзе, жыцьці ў гэтай дзяржаве ды сьмерці ў ёй. Я напісаў «Паранойю» на расейскай мове, бо расейская была ідэальная для тэксту, у якім афіцэры КДБ занатоўваюць дэталі сустрэчаў двух каханых. Я дагэтуль ня ўпэўнены ў тым, што раман (асабліва другую яго частку) можна перакласьці на беларускую. У той жа час, напісаць «Сьцюдзёны вырай» па-расейску не выпадала: як на расейскай мове зрабіць тэкст пра «фальшывага» амэрыканца, які пакутліва засвойвае «матчыну» мову ў «апавяданьні-пастцы», ды потым «выкрываецца» рэдактарам на аснове русізмаў ды сюжэтных памылак твора?

Я ўспрымаю мову як фарбу, якой малюецца твор. Расейская – цяжкі, сакавіты алей. Беларуская – празрыстая, зіхатлівая акварэль.

Дарэчы, прыкладна так жа з мовамі паводзіць сябе фільм «Вышэй за неба», які вы, Франак, прыводзіце, як я зразумеў, у якасьці ўзорнага мастацкага твору. Фільм – дзьвюхмоўны, ды беларускай мовы там, на жаль, вельмі няшмат.

Тое, што Ляпіс зрабіў сабе татуху па-беларуску, не азначае, што ён спыніў сьпяваць па-расейску.

Тое, што Кулінковіч гаварыць па-расейску, не азначае, што тое, ШТО ён гаворыць, – не пра Беларусь.

Мая наступная кніжка будзе напісаная па-расейску. Але пасьля гэтага я абавязкова вярнуся да мовы ды паспрабую ўразіць вас.

Мова – гэта сьвятое. Давайце прымем гэта ў якасьці аксіёмы і пойдзем далей. Што скажам мы на ёй? Якую гісторыю распавядзём? Будзе яна сьмешная, як раман Говарда Джэйкабсона The Finkler Question, ці самотная, як бэстсэлер Халеда Хасэйні Kite Runner? Да каго і як мы на ёй зьвернемся? Ці скажам нешта вартае – па-расейску, па-беларуску? Вось што насамрэч – самае галоўнае.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG