Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лідэры Эўразьвязу заклікалі да далейшых захадаў супраць беларускіх уладаў

абноўлена

Лідэры краінаў Эўрапейскага Зьвязу на саміце ў Брусэлі 2 сакавіка заклікалі Раду ЭЗ зрабіць далейшыя захады ў дачыненьні да афіцыйнага Менску.

Пра гэта паведамляе прэсавая служба вярхоўнай прадстаўніцы ЭЗ у замежных справах і палітыцы бясьпекі Кэтрын Эштан.

Выступаючы на саміце Эўразьвязу ў Брусэлі, прэзыдэнт Эўрапейскай рады Гэрман ван Ромпэй зачытаў узгодненую заяву саміту адносна Беларусі:

Эўрапейская рада пацьвярджае свой курс на падтрыманьне дэмакратычных памкненьняў беларускага народу.
«Эўрапейская рада выказвае сваю сур’ёзную занепакоенасьць далейшым пагаршэньнем сытуацыі ў Беларусі. Яна вітае рашэньне Рады ЭЗ пашырыць сьпіс асобаў — адказных за сур’ёзныя парушэньні правоў чалавека і рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасьці, а таксама тых, якія падтрымліваць рэжым Лукашэнкі або атрымліваюць ад яго карысьць — у дачыненьні да якіх была ўжытая візавая забарона і замарожваньне актываў.

Эўрапейская рада заклікае Раду ЭЗ працягнуць працу над далейшымі захадамі. Эўрапейская рада яшчэ раз пацьвярджае свой курс на ўзмацненьне супрацоўніцтва зь беларускай грамадзянскай супольнасьцю і падтрыманьне дэмакратычных памкненьняў беларускага народу. Гэты тэкст быў аднадушна зацьверджаны і краінамі-суседзямі Беларусі».


Лябедзька: Лукашэнка зрабіў усё, каб кансалідаваць Эўрапейскі Зьвяз

«Эўрапейскі Зьвяз і Брусэль прынялі той мячык, пінг-понг, які накіраваў ім Аляксандар Лукашэнка. І яны прынялі ягоныя правілы гульні. А правілы гэтыя азначаюць: стаяць да канца, стаяць прынцыпова і пасьлядоўна на сваёй пазыцыі».


Рэйнфэльд: «З адкліканьнем амбасадараў будзе трохі клопату»

Прэм’ер-міністар Швэцыі Фрэдрык Рэйнфэльд сказаў карэспандэнту Радыё Свабода, што кіраўнікі краінаў-чальцоў Эўразьвязу на саміце ў Брусэлі 1–2 сакавіка абмеркавалі праблему, зьвязаную з адкліканьнем сваіх амбасадараў зь Менску:

«Мы гаварылі пра Беларусь і адкліканьне нашых амбасадараў. Адзіная засьцярога, якую тут нехта зрабіў, была адносна таго, што [ў Менску] павінны застацца нейкія прадстаўніцтвы, паколькі шмат краінаў мае ў Беларусі сваіх грамадзянаў і яны патрабуюць пэўнай падтрымкі з боку пэрсаналу амбасадаў. Таму выказвалася невялікая заклапочанасьць тым, што мы павінны правесьці гэтае адкліканьне такім чынам, каб не пакінуць некаторых нашых грамадзянаў у падвешаным стане».


Шушкевіч: «Лукашэнка не дарос да ўзроўню сучаснага дзяржаўнага кіраваньня»

«Відавочна, гэта першы раз у сьвеце, каб такая вялікая нарада адназначна прыняла рашэньне па дзеяньнях фактычна аднаго чалавека. Гэты факт проста пацьвярджае, што Лукашэнка не дарос да ўзроўню сучаснага дзяржаўнага кіраваньня. Бо рабіць такія захады, як ён, можа толькі чалавек недасьведчаны».


Мілінкевіч: «Трэба пав​ялічыць шанец Беларусі на эўраінтэграцыю»

«Увага да Беларусі, на шчасьце, была заўсёды. Іншая справа, што там цяпер ёсьць вялікая стомленасьць, таму што інструмэнты, якія яны выкарыстоўваюць, пакуль не даюць плёну».


Прафэсар Дунаеў: «Беларусь паспрабуе ўцягнуць у гэты канфлікт Расею»

«Вельмі важна, што Беларусь, няхай і ня з добрых прычынаў, застаецца ў полі зроку Эўрапейскага Зьвязу. Трэба прызнаць, што моцнай усходняй палітыкі, якая б улічвала Беларусь зь яе становішчам, Эўразьвяз цяпер ня мае. І толькі апошнія падзеі вяртаюць Беларусь у поле зроку эўрапейскіх кіраўнікоў. Таму, я думаю, гэта вельмі карысна, што Беларусь не зьнікае з парадку дня».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG