Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У чым падазраюць былога намесьніка міністра ўнутраных спраў Полудня?


Яўген Полудзень
Яўген Полудзень

Былы намесьнік міністра ўнутраных спраў Яўген Палудзень — адзін зь некалькіх дзесяткаў высокапастаўленых чыноўнікаў зь дзяржаўнага кадравага рэестру, якіх могуць аддаць пад суд за карупцыю ды іншыя злачынствы.

Былы палкоўнік Полудзень кіраваў міліцыяй грамадзкай бясьпекі са жніўня 2009 году. З таго часу на вуліцах беларускіх гарадоў адбылося шмат бурлівых падзеяў, у тым ліку масавыя пратэсты супроць вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў і маўклівыя акцыі незадаволеных эканамічным становішчам. Пасьля падаўленьня акцый Яўген Полудзень ў ліку іншых высокапастаўленых міліцыянтаў патрапіў у сьпіс неўязных у краіны Эўразьвязу, але паводле адзнакі вышэйшага кіраўніцтва краіны, ён і ягоныя калегі спрацавалі «выдатна». Тады што процізаконнага мог зрабіць Яўген Полудзень?

У прэсавай службе МУС не камэнтуюць справу былога намесьніка міністра, спасылаючыся на тое, што яе расьсьледуе пракуратура. Канстанцін Шалькевіч.

«Мы не расьсьледуем справу, яе расьсьледуе пракуратура, там хай і камэнтуюць».

У пракуратуры называюць толькі артыкул, паводле якога падазраецца былы міліцыянт. Гэта 3 частка 424 артыкулу — злоўжываньне ўладай альбо службовымі паўнамоцтвамі. Ці выставілі яму ўжо абвінавачаньне, невядома. Назіральнікі адзначаюць, што 27 сьнежня Яўгена Полудня сваім ўказам звольніў зь міліцыі Аляксандр Лукашэнка. Прычына — за дыскрэдытацыю званьня супрацоўніка праваахоўных органаў. Паколькі звальненьне адбылося праз некалькі дзён пасьля прэсавай канфэрэнцыі, на якой Аляксандр Лукашэнка згадаў пра справу Яўгена Полудня, назіральнікі робяць выснову, што сьледзтва разьвіваецца ў бок выстаўленьня канчатковага абвінавачаньня і суду.

Марына Коктыш
Марына Коктыш
Журналістка «Народнай волі» Марына Коктыш, якая шмат піша пра карупцыю, адзначае, што адносна справы Яўгена Полудня пакуль пераважаюць чуткі:

«Распавядаюць, што ён нібыта дапамог чалавеку, які мае дачыненьне да будаўнічага бізнэсу, вярнуць пасьведчаньне кіроўцы, а той яму аддзячыў. Яшчэ казалі пра нейкі хабар вельмі вялікі, але хабар пакуль нідзе не фігуруе. Магчыма, гэтыя чуткі гэтак і застануцца чуткамі. Ну і пабудова свайго дома. У яго ёсьць палова дома ў Менску, дзе ён жыў, але кажуць, што ён яшчэ нешта будаваў. Увогуле, мне казалі, што ў яго была мянушка ў міністэрстве „глямурны палкоўнік“».

Мікалай Казлоў
Мікалай Казлоў
​Падпалкоўнік міліцыі ў адстаўцы Мікалай Казлоў, які ўдзельнікаў у леташніх акцыях маўклівага пратэсту на баку незадаволеных, згадвае пра Яўгена Полудня.

«Я ж асабіста ведаю Полудня. Ведаю яшчэ па працы ў Цэнтральным райадзеле міліцыі. Чалавек ён такі… Даволі склізкі. Калі там гаворка пра карупцыю, то ў гэта можна паверыць, бо карысьлівы чалавек, вельмі карысьлівы».

Утрымліваюць Яўгена Полудня ў СІЗА КДБ, што сьведчыць пра сур’ёзнасьць прэтэнзіяў да былога намесьніка міністра.

Хто яшчэ можа патрапіць ў сьпіс чыноўнікаў, якіх у хуткім часе могуць чакаць непрыемнасьці накшталт абвінавачваньняў у карупцыі? Журналісты незалежных выданьняў маюць зьвесткі пра нядаўнюю праверку Дзяржкантролем спартыўнай базы ў Стайках, і ў гэтай сувязі ўказваюць на некаторых чыноўнікаў Мінспорта і турызму. Таксама зноў згадваюць пра чыноўнікаў з Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва, дзе ўжо ня раз здараліся гучныя карупцыйныя гісторыі.

Сяргей Сацук
Сяргей Сацук
Рэдактар інтэрнэт-выданьня «Ежедневник» Сяргей Сацук, разважаючы пра сьпіс з кадравага рэестру, згаданы Аляксандрам Лукашэнкам, называе людзей, набліжаных да банкіра Віктара Шаўцова, арыштаванага КДБ.

«Яшчэ каго ён меў на ўвазе? Магчыма, нейкіх чыноўнікаў, якія праходзяць па справе Шаўцова, якія былі зь ім зьвязаныя».

Паводле зьвестак, ужо вядзецца расьсьледаваньне справы адказнага супрацоўніка ўправы капітальнага будаўніцтва кіраўніцтва спраў адміністрацыі Лукашэнкі. Прозьвішча чыноўніка, аднак, трымаюць у сакрэце.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG