Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

12 сьнежня стала вядома пра затрыманьне намесьніка міністра ўнутраных спраў Беларусі Яўгена Полудня.

Справа супраць Яўгена Полудня была распачата 8 сьнежня па артыкуле Крымінальнага кодэксу, які прадугледжвае злоўжываньне ўладай альбо службовымі паўнамоцтвамі. Вядзецца рассьледваньне.

І хаця ў міністэрстве афіцыйна адмаўляюцца камэнтаваць гэту сытуацыю, у міліцэйскіх колах актыўна абмяркоўваюць сытуацыю з высокім чыноўнікам. Яўгена Полудня добра ведалі ўдзельнікі дэмакратычных акцыяў пратэсту. Менавіта пад ягоным кіраўніцтвам адбываліся масавыя затрыманьні падчас пікетаў, мітынгаў і шэсьцяў.

Пра затрыманьне намесьніка міністра «Свабодзе» паведамілі крыніцы ў Міністэрстве ўнутраных спраў Беларусі. Там жа ўдакладнілі, што арыштоўвалі міліцэйскага чыноўніка супрацоўнікі КДБ Беларусі.

На пытаньне «Свабоды», ці сапраўды КДБ быў задзейнічаны ў гэтай апэрацыі, начальнік цэнтру інфармацыі і грамадзкіх сувязяў КДБ Аляксандар Антановіч адказаў:

«Без камэнтароў».

Міліцэйскі генэрал у адстаўцы Мечыслаў Грыб зьвяртае ўвагу на датычнасьць да гэтай справы КДБ:

Мечыслаў Грыб

Мечыслаў Грыб

«Я мяркую, што гэта можа тычыцца тых артыкулаў кодэксу, сьледзтвам па якіх займаецца КДБ. А гэта — і карупцыя, і шпіянаж на карысьць іншай дзяржавы, і шмат чаго іншага. А што там насамрэч, дык адкуль я гэта ведаю?»

Сярод супрацоўнікаў МУС Беларусі ходзяць розныя размовы наконт таго, за што затрымалі намесьніка міністра. На пытаньне, ці не зьвязана гэта зь нейкімі ўласнымі інтарэсамі, як гэта было ў гучнай справе высокіх міліцэйскіх чыноў, якія пабудавалі свае шыкоўныя лецішчы ў забароненай прыродаахоўнай зоне, тут кажуць, што наўрад ці. Маўляў, пасьля той гісторыі ўсе нібыта прыціхлі.

Калегі Полудня згадваюць, што на мінулым тыдні ён быў надзвычай актыўным — прадстаўляў ад імя міністэрства законапраект у Палаце прадстаўнікоў, уручаў узнагароды лепшым участковым на Меншчыне і на Берасьцейшчыне.

Былы падпалкоўнік КДБ Валеры Костка кажа, што арышт намесьніка міністра Полудня яго не зьдзіўляе:

Валер Костка

Валер Костка

«У краіне, дзе КДБ ужо даўно не займаецца сваімі справамі, яно можа выконваць любую ролю. І ўсё тут ляжыць у адным простым адказе — краіна выйшла за межы прававога поля, законы ня дзейнічаюць, таму ўсе нашы грамадзяне, акрамя аднаго — самага высокага начальніка — неабароненыя. І могуць аказацца ў ролі Полудня».

Валеры Костка лічыць: чым вышэй пасада чыноўніка, тым больш ён рызыкуе апынуцца ў ролі Полудня сучаснага дня:

«І гэтых полуднёў будзе шмат. І калі раптам арыштуюць старшыню КДБ Зайцава альбо міністра ўнутраных спраў Куляшова, я не зьдзіўлюся. Таму што такое ўжо было. Мы забыліся пра гісторыю. Расстрэльвалі Яжова, Берыю, іншых. Чаму? Таму што ў беззаконьні няма закона. І ніхто законам не абаронены».


Яўген Полудзень уваходзіць у сьпіс чыноўнікаў, якім забаронены ўезд ў ЗША і краіны Эўразьвязу. Намесьнікам міністра— начальнікам міліцыі грамадзкай бясьпекі яго прызначылі 4 жніўня 2009 году.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG