Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нацбанк афіцыйна дэвальваваў рубель амаль на 60%


Нацыянальны банк Беларусі па ўзгадненьні з урадам сёньня паведаміў, што афіцыйны курс аднаго даляра ад 24 траўня складзе 4930 рублёў. Гэты крок зроблены «для стабілізацыі сытуацыі на валютным рынку краіны». Улады хочуць на першым этапе зьбіць падвышаны попыт на валюту. На другім этапе — фармаваць курс на аснове попыту і прапановы.

Гэтыя захады ўладаў Станіслаў Багданкевіч, былы кіраўнік Нацыянальнага банку, сёньня ў размове са «Свабодай» назваў «вельмі запозьненымі»:

«Адназначна спазьніліся. Па-першае, нельга было наагул дапушчаць развалу цывілізаванага валютнага рынку. І захады трэбы было рабіць яшчэ тады, калі зьявіліся першыя прыкметы крызісу.

Па-другое, дэвальвацыю можна было правесьці цывілізавана. Спачатку, можа, працэнтаў на 15-20. А сёньня трэба ўжо казаць пра занадта высокія страты для беларускай валюты — для ўкладаў, для насельніцтва наагул».

Пры афіцыйным курсе ў 4930 рублёў кошт аднаго даляра ў абменьніках складзе плюс-мінус 2% ад гэтай сумы. Такім чынам, толькі за 2011 год адбылася дэвальвацыя рубля ў памеры 60%. Людзей цяпер найбольш цікавіць, колькі рублёў будзе каштаваць даляр праз пару-тройку дзён? Пытаюся пра гэта ў прафэсара Багданкевіча:

«Цяжка сказаць. Я наагул не гадаю пра гэтыя курсы. Я ўвесь час падкрэсьліваю — найлепшым рашэньнем было б правядзеньне агульнарэспубліканскай валютнай біржы. Сабраць усе заяўкі і ўсю валюту ў адзінае месца. І вызначыцца па сукупнасьці з рынкавым курсам».
Сабраць усе заяўкі і ўсю валюту ў адзінае месца. І вызначыцца па сукупнасьці з рынкавым курсам.

«Пасыл, якога асабліва чакалі на рынку» — так характарызуе сёньняшняе рашэньне старшыня камісіі Палаты прадстаўнікоў па грашова-крэдытнай палітыцы і банкаўскай дзейнасьці Яўген Арцюшэнка:

«Неабходна сфармаваць пляцоўку, на якой сапраўды раўнаважна вызначаўся б курс валюты. І гэта стала б індыкатарам для ўсёй эканомікі. І такім чынам мы б адышлі ад спэкулятыўных апэрацыяў, якія сёньня існуюць на валютным рынку».

Сытуацыя з валютай моцна адбіваецца і на рэальных заробках насельніцтва, кажа эканаміст Міхась Залескі. А на пытаньне «Свабоды», колькі рэальна застаецца сёньня ад сярэдняга заробку ў 500 даляраў, эканаміст адказвае так:

«200 даляраў. Тут такое адбылося. З аднаго боку, працягваецца нагнятаньне заробку. І ён працягвае расьці аб’ектыўна, калі лічыць у рублях. І нават калі лічыць па афіцыйным курсе Нацбанку на сёньняшні дзень, то і тады рэальны заробак расьце.

Але калі браць па парытэце пакупной здольнасьці, то пакупная здольнасьць моцна зьнізілася. Тут і доўгатэрміновыя вялікія закупкі, і тое, што чалавек штодня купляе ў краме. Я гэта бачу па сабе. У мяне вялікая сям’я — пяцёра дзяцей. І я гэта ўсё лёгка заўважаю».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG