Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Плюс 13 у «чорны сьпіс» Эўразьвязу


Рада Эўрапейскага Зьвязу ўхваліла пашырэньне санкцыяў супраць беларускіх уладаў. Колькасьць неўязных у Эўразьвяз прадстаўнікоў рэжыму Лукашэнкі вырасла на 13 і дасягнула 189. Эканамічныя санкцыі супраць кампаній, якія падтрымліваюць рэжым, у Эўразьвязе абмяркоўваюцца, але пакуль ня ўхваленыя.

Рада Эўрапейскага Зьвязу ўвяла візавыя і маёмасныя санкцыі супраць яшчэ 13 беларускіх чыноўнікаў — пераважна судзьдзяў і пракурораў, якія вялі апошнія крымінальныя працэсы над актывістамі апазыцыі. Як паведамляе афіцыйны партал Эўразьвязу, гэта адбылося пасьля нядаўняга асуджэньня былога кандыдата ў прэзыдэнты Андрэя Саньнікава і шэрагу сябраў палітычнай апазыцыі і грамадзянскай супольнасьці Беларусі. Пад візавую забарону трапіў таксама дырэктар школы, які перасьледаваў настаўнікаў за апазыцыйныя погляды, паведамляе Польскае радыё.

Само рашэньне і дадатковы сьпіс будуць апублікаваныя заўтра выданьнем «Official Journal of the EU».

Тым часам, як паведамляе інтэрнэт-выданьне euobserver.com, міністры замежных спраў краін Эўразьвязу вядуць «пачатковыя перамовы» аб кропкавых эканамічных санкцыях супраць дзяржаўных прадпрыемстваў Беларусі, на якія абапіраецца дзейны рэжым. Але, як кажуць дыпляматычныя крыніцы, перамовы пра тое, якія кампаніі патрапяць пад такі ўдар, «могуць заняць некалькі месяцаў». Сярод кампаній, пра якія цяпер ідзе гаворка, — «Белшына», «БелАЗ», «Беларуськалій», «Белнафтахім», «Белтэхэкспарт» і «Трайпл».

Вывучаецца таксама прапанова Эўрапарлямэнту аб перанясеньні чэмпіянату сьвету па хакеі 2014 году зь Менску ў Швайцарыю.

Сястра палітвязьня Андрэя Саньнікава Ірына Багданава ўзяла ўдзел у пікеце ля будынка ў Брусэлі, дзе праходзіла паседжаньне Рады Эўрапейскага Зьвязу. Сёньняшняе рашэньне па Беларусі яна лічыць недастатковым:

«Вядома, не. Таму мы і выйшлі на пікет, каб патрабаваць эканамічных санкцыяў. Са мною палітыкі пастаянна спрачаюцца на гэтую тэму, кажуць, што ад гэтых санкцый жыцьцё беларускага народу пагоршыцца. Жыцьцё беларускага народу пагаршаецца з-за эканамічнай палітыкі рэжыму. І тое, што эканамічныя санкцыі ня ўводзяцца, — гэта падтрымка рэжыму, а не беларускага народу. Таму мы і надалей будзем крычаць і патрабаваць эканамічных санкцыяў».

Ірына Багданава (другая зьлева) на пікеце ля Рады Эўропы

Тое, што ўвогуле ўвага да беларускіх падзей у Эўразьвязе не зьнікае, спадарыня Багданава назвала заслугай міжнароднай супольнасьці, праваабарончых арганізацыяў, беларусаў замежжа. Паводле Ірыны Багданавай, перад сёньняшнім пасяджэньнем кааліцыя «Free Belarus now» накіравала Кэтрын Эштан і міністрам замежных спраў Эўразьвязу лісты з патрабаваньнем эканамічных санкцыяў супраць рэжыму Лукашэнкі.

«Немагчыма працягваць такую палітыку, якую праводзіць Эўразьвяз цяпер, і ўрэшце трэба сканчаць з гэтай дыктатурай у цэнтры Эўропы. Беларусь — эўрапейская краіна, яны не павінны гэта забываць».

Рэакцыі беларускіх уладаў на рашэньне Рады Эўразьвязу яшчэ няма, — паведаміў прэсавы сакратар МЗС Андрэй Савіных:

«Па Радзе Эўразьвязу я нічога не магу сказаць, пакуль мы не атрымаем афіцыйнай інфармацыі. Але, мяркуючы па той інфармацыі, якая даходзіць да нас, хутчэй за ўсё, гэта будзе дастаткова стрыманая кароткая заява».

Спадар Савіных абверг інфармацыю пра тое, што беларускія ўлады ў адказ на санкцыі Эўразьвязу рыхтуюць выдварэньне эўрапейскіх амбасадараў і забарону апазыцыянэрам на выезд:

«Мне пра гэта нічога не вядома, але калі будуць ухваленыя афіцыйна Рэспублікай Беларусь нейкія захады ў адказ, то я пра гэта афіцыйна абвяшчу».

Менскі палітоляг, бацька аднаго з палітвязьняў Аляксандар Класкоўскі сумняецца ў тым, што Эўразьвяз пойдзе на поўнамаштабныя эканамічныя санкцыі супраць беларускага рэжыму:

«Я думаю, што гэта тая сытуацыя, калі пагроза мацнейшая за выкананьне. Таму што мы бачылі, як у апошнія тыдні вельмі нэрвавалася беларуская ўлада. Яна апынулася ў такіх абцугах, бо з другога боку Расея націснула, бо міністар Лаўроў сказаў, што Масква не ўхваляе гэтыя палітычныя прысуды… Так што беларуская ўлада зараз мусіць чухаць рэпу».

Аляксандар Класкоўскі мяркуе, што ў гэтай сытуацыі гульня афіцыйнага Менску з Эўропай будзе працягвацца, і яна дае шанец на аблягчэньне лёсу палітвязьняў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG