Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print
Уладзімер Някляеў і кампанія «Гавары праўду!» прапаноўваюць уладам пайсьці на дыялёг. Але першая ўмова — вызваленьне ўсіх палітзьняволеных. Пра гэта, а таксама пра пэрспэктывы дзейнасьці «Гавары праўду!», пра новыя праекты распавялі лідэры кампаніі на першай пасьля суду прэсавай канфэрэнцыі.

Паводле лідэра кампаніі Ўладзімера Някляева, неабходна вызначыцца з фарматам перамоваў з уладамі і «паспрабаваць разам выбрацца зь сёньняшняй складанай сытуацыі»:

«Мы, уласна кажучы, прапануем уладзе дыялёг. Давайце выпрацуем ягоны фармат і паспрабуем зразумець, што адбываецца, і разам паспрабуем з гэтай сытуацыі выбрацца».

Таму кампанія «Гавары праўду» гатовая ўжо зараз прапанаваць доўгатэрміновыя праекты . Адзін зь іх — «100 пытаньняў ураду»:

«Гэтыя 100 пытаньняў — адзін з крокаў дыялёгу, які мы прапануем, да вызначэньня фармату таго дыялёгу. Таксама мы ствараем „Мапу праблем Беларусі“. Мы накладзем яе на краіну — дзе найбольш вострыя праблемы, на яе накладаем гэтыя 100 пытаньняў ураду, у якіх асэнсаванае наша разуменьне гэтых праблем і магчымасьці іх выпраўленьня. Гэта зноў жа прапанова да дыялёгу, жаданьне вывесьці краіну са становішча, якое, па сутнасьці, жабрацкае».

На пытаньне журналістаў, які сэнс задаваць пытаньні ўраду, калі зразумела, што кіруе краінай, прымае рашэньні адзін чалавек, Андрэй Дзьмітрыеў адказаў так:

«Мы хацелі б таксама акцэнтаваць для людзей, што ў краіне — і гэта частка ідэалёгіі, частка дэмакратыі — падзел уладаў, разьмеркаваньне адказнасьці. Вось гэтыя «100 пытаньняў да ўраду» — гэта спроба зьвязаць у сьвядомасьці людзей, па-першае, палітзьняволеных з эканамічнымі праблемамі. А па-другое, гэта спроба сказаць людзям, што ёсьць чыноўнікі, якія павінны прымаць рашэньні, і гэта іх праблема, што яны ня могуць дзейнічаць самастойна і чакаюць, пакуль ён скажа: «так».

Уладзімер Някляеў і Андрэй Дзьмітрыеў

Аляксандар Фядута, што да новых праектаў кампаніі «Гавары праўду», дадае:

«Гэта пэўны масток паміж уладай і народам. Таму што народ праўду ведае, як ён жыве, а ўлада альбо робіць выгляд, што ня ведае, альбо сапраўды ня ведае. Таму што, прабачце, калі ты чатыры гадзіны ў дзень гуляеш у хакей, дзе ж у цябе час, каб даведацца, як жыве народ у Пухавічах?».

На пытаньне, ці хопіць у кампаніі рэсурсаў, і перш за ўсё чалавечага рэсурсу, на выкананьне такіх сур’ёзных праектаў, Уладзімер Някляеў адказаў, што выдаткі тут не такія вялікія, як некаму здаецца:

«Нейкая колькасьць людзей змушана была паехаць за мяжу. Нехта адмовіўся, насамрэч перапалохаўся — і я іх разумею. Але ў нас ёсьць каму гэтым займацца, структура засталася. Прычым паўгода — вось усе казалі: „У кампаніі „Гавары праўду“ ўсе працуюць толькі за грошы“ — ніхто ня мае ні капейчыны. І паўгода яны робяць бяз нас тое, што заставалася ў дынаміцы з тых нашых плянаў, што былі да выбараў. Так што ёсьць каму гэтым займацца. І народу зараз — мы гэта адчуваем, вось у мяне зараз он-лайн быў, людзі пішуць: як з вамі скантактавацца, я доўга на вас глядзеў, а цяпер я разумею, што і мне трэба ўдзельнічаць, каб зьмяніць нешта ў краіне. Так што я гляджу на ўсё ня так пэсымістычна».
Мы стварылі праект партыі і падрыхтавалі ўсе неабходныя дакумэнты. Але ён застаўся ў Камітэце дзяржаўнай бясьпекі.

На пытаньне, ці можа грамадзянская кампанія перарасьці ў палітычную партыю, Някляеў адказаў не бяз гумару:

«Гэтае пытаньне сьледчыя мне задавалі разоў 150. Я сказаў усім ім адно і тое ж: пэрспэктывы вельмі добрыя. Ёсьць толькі адна праблема: мы стварылі праект партыі і падрыхтавалі ўсе неабходныя дакумэнты. Але ён застаўся ў Камітэце дзяржаўнай бясьпекі. Можа, яны там створаць паралельную партыю (сьмяецца). Калі займацца сур’ёзна палітыкай, то пра гэта, канечне, трэба думаць, і мы пра гэта думалі. Мы проста адмовіліся ад гэтай ідэі напярэдадні выбараў, каб ня блытаць у сьвядомасьці людзей — і так тут ужо не разабрацца — хто тут дэмакрат, хто тут рэтраград. Але пра гэта трэба думаць».

Наконт увядзеньня санкцыяў Эўразьвязу і ЗША ў дачыненьні да Беларусі Ўладзімер Някляеў выказаў такое меркаваньне:

«Калі ня будзе праблемы палітычных зьняволеных, ня будзе праблемы з санкцыямі. Усё ўпіраецца ў гэта. І няма чаго тут правакацыямі займацца: „Вось, яны там толькі і думалі пра тое, каб увесьці палітычныя санкцыі“. Калі б мы пра гэта думалі, то яны б ужо былі. Гэта я вам адказна кажу».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG