Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У справе аб звальненьні настаўніцы Ільініч суд стаў на бок улады


Натальля Ільініч
Натальля Ільініч
У чацьвер у першай палове дня судзьдзя Пухавіцкага раёну Менскай вобласьці Сьвятлана Акуліч пастанавіла адмовіць у пазове былой настаўніцы гісторыі вышэйшай катэгорыі Талькаўскай сярэдняй школы Натальлі Ільініч, якая прасіла аднавіць яе на працы.

У гутарцы з карэспандэнтам “Свабоды” Натальля Ільініч сказала, што расчараваная рашэньнем судзьдзі:

“Пасьля паседжаньня напярэдадні, 9 сакавіка, я амаль паверыла, што вынік суду будзе справядлівы да мяне. На паседжаньне былі выкліканыя сем сьведкаў, ніхто зь іх не сказаў пра мяне і маю працу ніводнага дрэннага слова. Увесь ход разгляду справы сьведчыў на маю карысьць. Я перакананая, што судзьдзя ўчора знарок не агучвала рашэньня, бо ў судовай залі было шмат прысутных, у тым ліку іншагародніх – зь Менску, Слуцку ды іншых гарадоў, і яны таксама спадзяваліся на справядлівасьць Пухавіцкага райсуду”.

Пра магчымасьць перагляду справы ў судзе вышэйшай інстанцыі Натальля Ільініч гаворыць няўпэўнена. Перадусім у беспрацоўнай не стае грошай на судовыя выдаткі. Яна кажа, што цяперашні суд часткова задаволіў яе матэрыяльны пазоз да аадзелу адукацыі Пухавіцкага райвыканкаму і абавязаў Пухавіцкі РАНА выплаціць Натальлі Ільініч 200 тысяч рублёў, хаця яна патрабавала адзін мільён.

Натальля Ільініч – прыхільніца ідэі беларускага нацыянальнага адраджэньня. Актыўна ўдзельнічала ў прэзыдэнцкіх выбарах на баку альтэрнатыўных кандыдатаў у прэзыдэнты.

5 студзеня супрацоўнікі КДБ і МУС правялі ў доме Натальлі Ільініч ператрус, забралі сярод іншага флэшкарту фотаапарата і сыстэмны блёк кампутара. 27 студзеня дырэктарка школы Натальля Меркуль звольніла настаўніцу Ільініч з працы.

Безвыніковымі былі звароты Ільініч да начальніка аддзелу адукацыі Пухавіцкага райвыканкаму Тацяны Чарнышовай і міністра адукацыі Сяргея Маскевіча з просьбаю паспрыяць у аднаўленьні на працы. У сувязі з гэтым 10 лютага спадарыня Ільініч падала заяву ў суд.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG