Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Пухавіцкім раённым судзе сёньня павінны разгледзіць пазоў былой настаўніцы гісторыі Натальлі Ільініч да адміністрацыі Талькаўскай школы. На папярэднім паседжаньні дырэктар школы Натальля Меркуль адмовілася аднавіць настаўніцу на працы.

Суд будзе весьці судзьдзя Пухавіцкага раённага суду Сьвятлана Акуліч. Паводле Натальлі Ільініч, на папярэднім паседжаньні судзьдзя ставілася да абодвух бакоў "роўна, добразычліва". Таму, што дырэктар Талькаўскай школы Натальля Меркуль не пайшла на прапанову судзі на замірэньне, былая настаўніца гісторыі не зьдзіўляецца. "Сама ж мяне і звольніла", -- кажа Натальля Ільініч. Вось аргумэнт настаўніцы на карысьць таго, што яе трэба аднавіць на працы.

"Мой асноўны аргумэнт такі, што парушана калектыўная дамова. У ёй ёсьць палажэньне, што калі працаўнік пасьпяхова працуе і даўно, не мае парушэньняў дысцыпліны, то дырэктар абавязаны заключыць зь ім дамову на 3 ці 5 гадоў. Гэтае палажэньне парушанае. Я ж адпрацавала 25 за паловай гадоў."

Натальля Ільініч – вядомая ў Пухавіцкім раёне настаўніца, краязнаўца, дэмакратычная актывістка. Была арганізатарам вядомага ў краіне Талькаўскага фэстывалю краязнаўцаў. На выбарах 2010 году ў мясцовыя саветы Натальля Ільініч была назіральніцай, а падчас прэзыдэнцкіх выбараў зьбірала подпісы за дэмакратычных кандыдатаў. У канцы студзеня Натальлю Ільініч звольнілі з працы і з таго часу былая настаўніца ня можа знайсьці працу ў раёне паводле спэцыяльнасьці. За тры тыдні да звальненьня, 5 студзеня, у хаце настаўніцы КДБ правёў ператрус. Забралі сыстэмны блёк кампутара, прылады для фотаапарата. Натальля Ільініч мяркуе, што яе звальненьне мае палітычныя прычыны.

Дырэктарка Талькаўскай сярэдняй школы Натальля Меркуль, якая падпісала загад аб звальненьні Натальлі Ільініч, абвяргае палітычныя прычыны звальненьня настаўніцы і кажа пра парушэньні з яе боку працоўнай дысцыпліны. Натальля Ільініч прызнае, што да яе былі некаторыя заўвагі, у тым ліку вымова за тое, што сваечасова не праверыла дзёньнікі вучняў, аднак кажа, што тая вымова была "пагашаная".

Чаго чакае настаўніца ад суду? Ці верыць, што можа перамагчы ў змаганьні з адміністрацыяй?

"Спадзяюся ўсё ж, што мяне адновяць. Сто працэнтаў на маім баку праўды. І законы парушаныя і простыя чалавечыя адносіны."

Паводле Натальлі Ільініч яе былыя калегі з Талькаўскай школы з большага яе падтрымліваюць. Трох сваіх калегаў Натальля прасіла быць сьведкамі ў судзе з яе боку, адна адмовілася, а дзьве другія настаўніцы на суд паабяцалі прыйсьці. Пра маладую настаўніцу, яка зараз працуе на месцы Натальлі Ільініч яна кажа, што паводле водгукаў тая працуе добра.

Абараняць Натальлю Ільініч будзе адвакат, знайсьці якую дапамаглі праваабаронцы "Вясны".

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG