Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Атмасфэру пэрманэнтнага ўладнага ціску, якая часам даводзіць галоўную гераіню гэтай вандроўкі да адчаю, я адчуў у першыя ж паўгадзіны, як толькі сышоў зь цягніка на чыгуначнай станцыі Талька.


49-гадовую спадарыню Натальлю Ільініч у Тальцы ў Пухавіцкім раёне ведае кожны. Настаўніцай гісторыі яна тут два дзесяцігодзьдзі. Краязнаўца — невялікая, шчуплаватая, пехатой і на ровары пабывала ва ўсіх памятных мясьцінах за дзясяткі кілямэтраў адгэтуль, выпусьціўшы кнігу «Талька і навакольле». 8 год запар ля лясной старожкі, дзе маладыя гады правёў Якуб Колас, арганізоўвае сьвяты беларускага фальклёру і паэзіі. І — што найбольш раздражняе ўлады — сябра Партыі БНФ. У той дзень спадарыня Натальля крыху спазьнілася на нашу сустрэчу. І мясцовая бабулька, што падышла ў мяне папытацца, каго чакаю, паказала кірунак — маўляў, яна побач, школа за сотню мэтраў. І трэба ж мне было нарвацца на Наташыну начальніцу — дырэктарку Дануту Багдзевіч. Тая, як толькі ўвайшлі ў хату, тут жа злосна патэлефанавала — пасьля абеду Ільініч зьбіралася наведаць у бліжэйшых вёсках бацькоў сваіх вучняў.

Ільініч: «Сказала, учора трэба было па бацьках хадзіць, а сёньня я ведаю, якія ў вас бацькі — Радыё Свабода!»

У Натальлінай палове сьвежапафарбаванай звонку хаты поўны развал — недабудаваны другі паверх, няма падлогі, убранства.


Тры гады таму яна загарэлася разрэклямаванай уладамі ідэяй агратурызму. Распрацавала адмысловы «зялёны шлях» — а каму ж яшчэ, як ня ёй, якая жыве гэтымі мясьцінамі?!

Ільініч: «На „зялёным шляху“ плянуецца тры „пятлі“. Адна на Суцен, Сэрафім, Мацеевічы — на роварах. Другая „пятля“ — на возера Грымячае, вельмі глыбокае. Мужыкі казалі, 4 жэрдкі па 2,5 мэтры зьвязвалі і дна не даставалі — глыбей за 10 мэтраў. Ёсьць вэрсія, што гэта варонкападобнае мейсца, дзе ўпаў мэтэарыт. Гэта мейсца, дзе жыў Якуб Колас. Бацька яго быў лясьнік, і стража была тут. У Тальцы ён напісаў паэму „Міхасёвы прыгоды“ і аповесьць „Дрыгва“. Трэцяя „пятля“ — на Арэшкавічы, на левым беразе Сьвіслачы. Трэба праехаць побач з санаторыем — дарэчы, нашы турысты маглі б узяць там хваёвыя ванны. На беразе Талі — гарадзішча балцкае раньняга жалезнага веку. Ля Арэшкавічаў „кіпячка“ — крынічка, людзі на беразе з задавальненьнем адпачываюць. Чалавек 10 прымем адразу — спальні ў нас тры плянуецца па 2-3-4 чалавекі з усімі дабротамі. Карову трымаем — робім сыры, масла. Сад вялікі — 38 дрэў. Яблыкі да сёньняшняга дня ў добрым стане, лазьня. І ёсьць вялікая заля з камінам. Ёсьць людзі, якія робяць кашы, пчол разводзяць, коней трымаюць. Газ і водаправод не падведзеныя, але ж мы і грошы бярэм для таго, каб зрабіць...»

У банку Натальля пасьпела ўзяць першы транш у 10 мільёнаў. Далей быў поўны абвал.

Ільініч: «Рэканструкцыя не закончаная. Каб завяршыць будаўніцтва, трэба яшчэ мільёнаў 20...»

Карэспандэнт: «А што ў банку кажуць?»

Ільініч: «У мяне цэлая эпапэя са зваротамі. Спачатку яны казалі, што ў мяне судзімасьць. У 2008-м мая дачка зьезьдзіла ў Польшчу — па студэнцкім туры на канфэрэнцыю па мясцовым самакіраваньні. Мы пайшлі ў дэканат, каб адпрасіцца. Кажуць, што студэнты ня маюць права езьдзіць за мяжу без дазволу міністра адукацыі. Вярнулася, плача — ну калі яшчэ будзе такая магчымасьць? І я папрасіла ў доктара даведку, што яна хворая — сапраўды толькі быў востры бранхіт. Зьезьдзіла ва Ўроцлаў, прыходзіць чалавек з КДБ. І ён кажа — „давай ты будзеш езьдзіць у такія вандроўкі і расказваць, чаму вас там вучаць, хто езьдзіць, прымае. Іначай тваю ліпавую даведку падам у пракуратуру“. І мы прынялі рашэньне зь імі не супрацоўнічаць. І нас судзілі ўсіх — мне і доктару далі 20% зарплаты выплачваць 1,5 гады дзяржаве. Гэта быў суд за маё іншадумства — подпісы зьбірала за Мілінкевіча, Домаша, Пазьняка. Пакараць, каб іншыя баяліся...»

На Пухавіччыне, на месцы, аргумэнтаў для адмовы і не шукалі.

Ільініч: «Першая адмова і была ў рабочай групе па экатурызьме — як быццам, у раёне ёсьць прадстаўнікі райвыканкаму, банку і грамадзкай арганізацыі „Адпачынак і вёска“. Я разумею, што ёсьць толькі райвыканкам, які прымае рашэньне. Во прычына — „у вас судзімасьць, і бізнэс-плян ня мае дакладнай накіраванасьці ў сфэры экалёгіі і турызму“. А дзе ў раёне яшчэ ёсьць „зялёны маршрут“?! Зьвярнулася ў адміністрацыю прэзыдэнта — „у службе бясьпекі „Аграпрамбанку“ ёсьць інфармацыя, якая вам не дазваляе ўзяць крэдыт“. А „судзімасьць“ у мяне ўжо зьнятая — прайшло паўтара гады. І ўсё — грошы ўкладзеныя, і зарплата ўся ідзе на выплату працэнтаў. Каб не карова, з голаду б памерлі — жывем за кошт продажу малака...»

Восеньню мінулага году ў Тальцы, дзе паўтысячы жыхароў, 65 школьнікаў, закрылі сельсавет. Суразмоўніца кажа, што гэта ўдарае па кожным.

Ільініч: «Як ударыла — па даведку паедзь цяпер у тую Блужу, там пешшу ісьці некалькі кілямэтраў той бабцы 80-гадовай. І так наша вёска заняпаўшы — бачыце, якая дарога, няма ліхтароў асьвятленьня, лазьні, гарачай вады, газу. А побач у дрыгве, у Блужы, ствараюць аграгарадкі. Кароў усіх паздавалі, пякарня — зараз стаіць без вакон і дзьвярэй. Дык людзі баяцца — сельсавет ліквідавалі і ўсё астатняе ліквідуюць. Напісалі пісьмо з пратэстам, сабралі каля 200 подпісаў — гэта ўсе талькаўцы. А нетутэйшы старшыня сельсавету Памізьнік сабраў назаўтра дэпутатаў і, быццам, усе прагаласавалі „за“. І я пытаюся ў адной — „чаму вы так зрабілі?“ — „Нам сказалі, што рашэньне ўсё роўна прынятае, гэта палітычная справа, загад Лукашэнкі, і мы былі б супраць прэзыдэнта“...»

А вось, аднак, патэнцыйны старшыня сельсавету — вучань Ільініч і талькаўскі патрыёт. Ва ўсякім выпадку, мне так падалося з размовы з 22-гадовым майстрам лясьніцтва, дарэчы, былым вучнем спадарыні Ільініч, Аляксандрам Лінчыкам.

Лінчык: «23 чалавекі працуе, усе талькаўцы лесьнікі — сярэдні заробак 500-600. У Тальцы думаю пакуль заставацца...»

Карэспандэнт: «А пэрспэктыва ёсьць?»

Лінчык: «Кар’ерная лесьвіца, кароўку, парася трымаю...»

Карэспандэнт: «А жаніцца будзе з кім?»

Лінчык: «Пакуль ня ведаю...» (Сьмяецца.)


* * *
Пяцёра адважных на чале з Ільініч напісалі ліст у райвыканкам з патрабаваньнем адклікаць дэпутатаў, якія падпісалі пастанову аб ліквідацыі сельсавету. І — пачалося!

Ільініч: «Намесьнік старшыні райвыканкаму Ішуцінава кажа — „звольніць з працы Ільініч, не прадоўжыць кантракт“. А за што? А на сайце школьным фота, калі праводзіўся фэст — там бел-чырвона-белыя сьцягі. І — „судзімасьць, партыйнасьць“. А 15 студзеня выклікаюць у Менскае абласное ўпраўленьне адукацыі да Данілевіч Таісіі Іванаўны. Яна патрабавала выхаду з БНФ, і „скаргі вы пішаце“. Другое — на фэст фальклёру і паэзіі „прыяжджаюць відныя апазыцыйныя дзеячы“ — КДБ, відаць, сфармулявала. Калі я ня выйшла з партыі, Данілевіч загадала, каб мне „было вельмі дрэнна працаваць“. Дырэктар Багдзевіч публічна сказала — „цяпер нашу школу дакладна закрыюць, і вінаватая будзе Ільініч, таму што ўгнявіла начальства і на нас будуць насылаць пажарных і санстанцыю. А БНФ ёй плаціць грошы“. У дэпутаты было адмоўлена вылучыцца ад калектыву, і калі была выклікана да Данілевіч, зьняла 100% прэміі. Цяпер у мяне ёсьць вымова, і кантракт можна не прадоўжыць...»

Ільініч: «Талька — ад слова „талы“, месца, дзе вадаток, не замярзае вада. Кожную вясну і патанаем у талай вадзе, дрыгвы шмат...»

У напоўненых муцьцю канавах — пухіркі ад дажджу. Мы з Натальляй ідзем па пустэльнай сярод дня Тальцы. Пасьля закрыцьця сельсавету па-за межамі вёскі давялося шукаць працу ці не паўсотні тутэйшых жыхароў. Яшчэ й пасьля закрыцьця прыватнай аграфірмы «Верасень», дзе былыя функцыянэры прыватызавалі спадчыну былога саўгасу. Сёньня тры фэрмы, рэшткі тэхнікі ахоўвае вартаўніца, спадарыня Тацьцяна Зязюльчык.

Зязюльчык: «Некалькі сотняў кароў было — там цялятнік, тут кароўнік. Тэхніка прадаецца — трактары, машыны. А я 4 месяц без зарплаты — 170 атрымлівала. Пайшла да Лухверчыка — „грошай няма, купяць машыну, тады разьлічымся“. Мой сын кажа — „праз суд“. А што я адна зраблю?!»

Уладзімір Лухверчык — адзін са шматлікіх уладальнікаў «Верасьня» і адначасова начальнік пільні, ці афіцыйна — цэху перапрацоўкі драўніны райжылкамунгасу. На двары — нікога, хто б працаваў, у праўленьні спадар Лухверчык сядзеў адзін, абхапіўшы галаву рукамі. Пытаюся пра сытуацыю ў «Верасьні».

Лухверчык: «Яны прадаюць яе. Далі ў інтэрнэт — прыяжджалі расіяне, з Туркмэніі, зараз зацікавіліся кітайцы. Будынкі добрыя — рамонт аўтамабіляў можна рабіць. У Мар’інай Горцы няма майстэрні па электраабсталяваньні — трэба гнаць у Менск. А там жа такарныя, фрэзэрныя, зварачныя станкі ёсьць, кузьня, пільня. Летам тут у акрузе 10 тысяч лецішчаў — гэта 5 тысяч машын дакладна. Прылятала колькі людзей — дзе знайсьці шынамантаж? Але калі да халеры гаспадароў... Кантрольнага пакету акцый няма ні ў кога!»

Карэспандэнт: «Колькім талькаўцам вы даяце працу ў пільні?»

Лухверчык: «Двум. Шэсьць чалавек накіраваў на мэдкамісію — ніводзін не зьявіўся. Пры гэтым усе адседзелі ў турме — фігня, кажу, хлопцы, прыходзьце і працуйце. У нас сярэдні заробак 500-600 тысяч. І стаяць ля пераезду, зло бярэ зь імі. Раней прыедзеш — хлопцы, машыну трэба разгрузіць ці дровы. Ну, давайце — і „налам“ ім на рукі. А цяпер стаяць — дай ім 500 ці тысячу, „ты ж робіш“. Кажу — а табе хто шкодзіць, прыйдзі і працуй! Нармальныя ўжо ўладкаваліся — хто ў школу, хто ў Менск, Мар’іну Горку паехаў. А мне з алкашамі справу даводзіцца мець. Дык жа на працу іх не прымусіш прыйсьці...»

Карэспандэнт: «А ці ведаеце, хто старэйшына вёскі?»

Лухверчык: «Калі чэсна, дык не...»

Зьбіраюся сыходзіць, але Лухверчык затрымлівае — «даведаюся, бо самому цікава».

Лухверчык (набірае нумар): «Трызна?.. Старэйшына вёскі?.. Тут з радыё прыехалі...»

Па дарозе сустракаем паштальёнку, спадарыню Франю Мазанік, якую ўсе клічуць па бацьку «Жакаўнай». Як тут кажуць, яна лупіць «праўду-матку» сваім гучным голасам — «каб кожная бабулька дачулася».

Карэспандэнт: «Ці шмат чытаюць у Тальцы?»

Мазанік (сьмяецца): «Чытаюць — дзясяткі тры. „Савецкую Беларусь“, „Пухавіцкія навіны“, часопісы „Гаспадыня“, „Кулінарныя вырабы“, „Нашу ніву“ Валянцінаўна выпісвае. Але нашу Тальку зас...і, такая сьметніца! Людзі ж плацяць за гэта. Зараз вясна, не прайсьці, пачнуцца вужы і жабы. І яшчэ лезе ва ўладу былы прадсядацель — гнаць с...й мятлой! Мы супраць ліквідацыі сельсавету. А каб прадсядацель клапаціўся пра людзей...»

Карэспандэнт: «Жакаўна, ці ведаеце, што ў Тальцы ёсьць свой старэйшына?»

Мазанік: «Ня ведаю — і ня ведаю хто! Скажыце, каб ведаць!»

Карэспандэнт: «Трызна Мікалай Аляксандравіч...»

Мазанік: «Ой, мілыя людзі, мы ж яго не выбіралі! Мо ў сельсавеце прадсядацель яго абраў. Я б за Трызну не галасавала — нам такія п’яніцы ня трэба. Нам трэба самастойны чалавек, каб за людзей душой балеў. Валянцінаўну выбрала б! Пахадзіла і ўсюды запатрабавала б. У Валянцінаўны ўсё ў кветках, і адна, бяз мужа, дом пабудавала такі!»

Хату 72-гадовага былога рахункавода, спадара Трызны знайшлі насупраць затопленага ліставога гаю. У гаспадара няма рукі, глядзіць насьцярожана. Спрабую разрадзіць атмасфэру.

Карэспандэнт: «А ці ведаеце вы, хто старэйшына ў Тальцы?»

Трызна: «Хм... (Сьмех.) Старэйшынам гады два...»

Карэспандэнт: «Вас выбіралі ці старшыня сельсавету прызначыў?»

Трызна: «Прызначылі...»

Карэспандэнт: «Раней старэйшынам прыплачвалі 10 тысяч...»

Трызна: «Мне ні халеры. Калі высунесься, тады толькі. Я не імкнуся. Талька павінна быць цэнтрам сельсавету — геаграфічны цэнтар, чыгунка, пошта, бальніца. Усё запушчана...»

Карэспандэнт: «Вы за 2 гады што-небудзь зрабілі?»

Трызна: «Няма чым хваліцца. З Талькай будзе — пасёлак лецішчаў. 17 вакол таварыстваў, лясы, дзьве рэчкі...»

Карэспандэнт: «Калі са старэйшынаў пабяжыце?»

Трызна: «Калі хто на зьмену знойдзецца...» (Сьмяецца.)

Апошні адрас — шматдзетная сям’я Сакалоўскіх. Муж працуе тэхнікам-забесьпячэнцам у самым прэстыжным у Тальцы аздараўленчым цэнтры. Жонка, 36-гадовая Аксана, — там жа, але ўжо колькі год у дэкрэце. У размове бярэ ўдзел і старэйшы Жэня, які вучыцца ў 11 клясе. Аксане хутка на працу.

Сакалоўская: «Прыяжджаюць расіяне, прыбалты. Прымае да 120 чалавек. Мужык чыстымі зарабляе 860, тэхнік-снабжэнец. Талькаўцаў 6-7. Працэдуры добрыя — спа-капсула, інфрачырвоная саўна, тэрмаагортваньне, спэлеапакой, вуглякіслыя ванны...»

Карэспандэнт: «А як у нашы часы рашылася на шматдзетную сям’ю?»

Сакалоўская: «Пасьля таго як думалі, што Максім пасьля апэрацыі памрэ. Во дзяўчо сабой уратавала яго — а дзе трох, там і чацьвёра. Два крэдыты плацім — за дом і вокны памянялі з дахам — 300 тысяч на месяц. Жэня хадзіў — памагаў пасьвіць кароў, сена ўбіраў бабулі. Тата браў на падробак — будуе яшчэ дамы, лецішчы...»

Карэспандэнт: «Дык а чаго кароў, сьвінчо самі не трымаеце?»

Сакалоўская: «Невыгодна. Больш затратаў будзе, чым пайсьці купіць, і дзеці ўдвох алергікі. А трусоў бярэм на развод. На зіму хапала 20 — мясную праблему вырашалі...»

У часе гэтай кампаніі па выбарах Аксана балятавалася ў сельсавет і... жахнулася ад таго, з чым сутыкнулася. Але кажа што з палітыкі сыходзіць не зьбіраецца.

Сакалоўская: «У нас кампанія «рэвалюцыянэраў» — за нашу вёску. Падалі дакумэнты — пачаліся званкі з пагрозамі, прадстаўляліся, што з райвыканкаму, прозьвішча не называлі. Мужу на працу — «хай забірае дакумэнты, вы пра гэта пашкадуеце». Яму прыгразілі наконт працы. З ініцыятыўнай групы Тані Шміт ды Сьвеце Турко пагражалі. У выніку мне ўсё выдалі, і калі падпісвалі паперы, забылі ўказаць вуліцы і дакумэнты не прайшлі. Сказалі прама, што ўладзе мы няўгодныя, на месцы ўсе прызначаныя — навошта вам трэба? А прадсядацель да гэтага хадзіў, усе подпісы праверыў. Кажу — «калі вы ня ведаеце вуліцы, як маглі ўсіх праверыць?!»

Карэспандэнт: «Жэня, а сам думаеш заставацца ў Тальцы?»

Жэня: «Родныя, прыгожыя мясьціны. Якуб Колас адпачываў ля знакамітых дубоў. Але што рабіць? Школу закрыюць, бальніцу, сельсавет — трэба ж разьвівацца Хрысьціне, Андрушку. А што тут? Абуральна, канечне. Мо калі будзе больш грошай, тут адчыню лесапілку. А так загіне вёска...»

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG