Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На "Нафтане" баяцца застацца без расейскай нафты


На наваполацкім нафтаперапрацоўчым заводзе «Нафтан» у сувязі з спыненьнем паставак расейскай нафты склалася крытычная сытуацыя.

Тры-чатыры месяцы таму кіраўніцтва наваполацкага ААТ "Нафтан" казала, што з улікам вэнэсуэльскай нафты дасягнуты максымальны ўзровень загрузкі прадпрыемства сыравінай.

Але пераважна "Нафтан" працаваў на нафце, экспартаванай з Расеі. І цяпер , калі паставак адтуль няма, прадпрыемства працуе зь мінімальнай загрузкай.

Спадар Сяргей, рабочы з 30-гадовым стажам, кажа, што цяпер людзі прыходзяць на працу, але вытворчасьць нафтапрадуктаў — гэта галоўны прадукт "Нафтану" — паціху спыняецца. Таму недзе рамантуюць абсталяваньне, а недзе — працуюць пры мінімальнай загрузцы, каб толькі не спыніўся вытворчы працэс:

"Ну вось да 30-га недзе дапрацуем, можа. Там нейкія вэнэсуэльскай нафты яшчэ былі запасы. А потым можа спыніцца прадпрыемства. Становішча, як той казаў, нібы перад сьмерцю… "Ат, Сашка знойдзе", — кажуць некаторыя. Некаторыя спадзяюцца, што нас нехта купіць… Нічога мы пакуль ня ведаем".

Рабочы "Нафтану" ня памятае, каб у апошнія гады прадпрыемства мела настолькі вострыя праблемы з пастаўкамі сыравіны. Адпаведна, працаўнікі баяцца, што ў іх істотна зьнізяцца заробкі за гэты месяц. Бо прадпрыемства экспартуе нафтапрадукты ў асноўным у Заходнюю Эўропу, гэта гарантаваны сталы прыбытак, і заробкі тут яшчэ нядаўна складалі каля 4-х мільёнаў і вышэй.

Калі нехта выказвае думку, што "Нафтан" могуць купіць замежнікі — да прыкладу, тая самая Расея, — то спадар Сяргей прыводзіць адразу два контраргумэнты.

Першы — гэта малапрывабны для пакупнікоў дадатак у выглядзе заводу "Палімір", далучанага да ААТ "Нафтан". На заводзе вырабляюць поліэтылен, акрылавыя валокны ды іншую прадукцыю, якая карыстаецца далёка не такім вялікім попытам, як нафтанаўскае паліва ці іншыя нафтапрадукты.

А другі аргумэнт — гэта будоўля новых нафтаперапрацоўчых заводаў на тэрыторыі Расейскай Фэдэрацыі, мяркуе спадар Сяргей:

"Гадоў пяць таму ў нас яшчэ пэрспэктыўнае прадпрыемства было. А цяпер яшчэ гадкі два — і ўсё! Мы ж разумеем, што цяпер у Расеі зусім іншае становішча па перапрацоўцы нафты. Яны свае новыя прадпрыемствы будуюць, новыя ўстаноўкі. Ужо колькі нашых адмыслоўцаў туды пераехала! Вядома, раней у іх не было такой нафтаперапрацоўкі, а цяпер яны ставяць сваё абсталяваньне. Дык навошта ім мы, калі пабудуюць сваё, дый усё!"

24-га студзеня расейскія нафтавыя кампаніі так і не аднавілі пастаўкі бязмытнай нафты ў Беларусь, спыненыя 1-га студзеня гэтага году. Работнікі наваполацкага "Нафтану" не выключаюць, што ў бліжэйшыя гады экспарт нафты ўвогуле можа быць спынены, бо расейскаму боку будзе выгадней перапрацоўваць уласную сыравіну самім, выключыўшы Беларусь з гэтага прыбытковага працэсу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG