Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пра нафту — на «птушынай мове»


Міхаіл Мясьніковіч і Ўладзімер Пуцін
Міхаіл Мясьніковіч і Ўладзімер Пуцін
Міхаіл Мясьніковіч ажыцьцявіў свой першы афіцыйны замежны візыт у рангу прэм’ер-міністра. У прысутнасьці прэсы Міхаіл Мясьніковіч і расейскі прэм’ер Уладзімер Пуцін гаварылі пераважна пра посьпехі ў аднаўленьні гандлёвага абароту на дакрызісным узроўні, а найбольш важнае пытаньне энэргарэсурсаў вырашалася за зачыненымі дзьвярыма.

Яшчэ да сустрэчы прэм’ераў анансавалася: падчас перамоваў Мясьніковіча і Пуціна перадусім будуць разгледжаныя пытаньні энэргетычнай тэматыкі: умовы пастаўкі нафты на беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы, кошт газу для Беларусі ў 2011 годзе, будаўніцтва першай беларускай АЭС з прыцягненьнем расейскага капіталу. Аднак чыноўнікі абмежаваліся збольшага агульнымі словамі: заяўлена, што Расея ў выпадку неабходнасьці гатова аказаць Беларусі дзяржаўную падтрымку ў пытаньнях паставак газу, нафта пацячэ на беларускія НПЗ ад наступнага тыдня, а базавае пагадненьне аб умовах будаўніцтва АЭС мяркуецца падпісаць у першым квартале. Канкрэтных коштаў і мэханізмаў цэнаўтварэньня не прыведзена.

Старшыня беларускага ўраду пацьвердзіў, што Расея застаецца стратэгічным партнэрам для Беларусі, аднак пры гэтым спаслаўся на досьвед сваёй ранейшай дзейнасьці ў сыстэме Акадэміі навук. На думку Міхаіла Мясьніковіча, формы гаспадараньня, якія існуюць паміж беларускімі і расейскімі суб’ектамі, састарэлі, трэба выходзіць на стварэньне буйных навукова-вытворчых карпарацый.

Былы міністар эканомікі Георгій Бадзей працаваў зь Міхаілам Мясьніковічам яшчэ ва ўрадзе Вячаслава Кебіча. І кажа, што яшчэ тады Мясьніковіч быў арыентаваны на новыя тэхналёгіі і экспэрымэнты з формамі гаспадараньня:

«Вядома, гэта ўсё правільна, што ён кажа. І гэта толькі падкрэсьлівае, што чалавек нармальна, слушна мысьліць. Але нейкія прагнозы адносна ягоных пэрспэктываў як перамоўніка ў стасунках з Расеяй зрабіць ніяк не магу. Яшчэ раз кажу: я ведаю, што ён разумны чалавек, досыць гнуткі і — можа, зьдзівіцеся — нават дэмакратычны. Таму шанцы ў яго як у кіраўніка вельмі добрыя. А як будуць складацца адносіны, дык гэта ад яго, можа, залежыць у апошнюю чаргу».

Падчас перамоваў бакі выказалі задавальненьне: тавараабарот за мінулы год практычна дасягнуў дакрызіснага ўзроўню — 25 мільярдаў даляраў. З тэмпамі на апярэджаньне ідуць пастаўкі беларускіх тавараў на расейскі рынак — прырост склаў 47%. У зьвязку з гэтым эканамісты канстатуюць, што Расея па-ранейшаму застаецца практычна адзіным рынкам збыту для беларускіх прадпрыемстваў, таму нічога дзіўнага ў такой статыстыцы няма. Аднак пры цяперашняй маркетынгавай палітыцы спадзявацца на прарыў у расейскім кірунку ня варта. Гаворыць доктар эканамічных навук Генадзь Лыч:

«Мы надзвычай мала працуем у маркетынгавым сэктары. У нас ніхто гэтым па-сапраўднаму не займаецца, нават службаў адпаведных не стварылі. Для нашых вытворцаў галоўнае што? Вырабіць і паставіць. А куды прадаваць, па якіх цэнах — гэта нікога не цікавіць. Я думаю, што гэта адна з галоўных прычын нашага вялізнага адмоўнага сальда — якраз тое, што мы папросту ня ўмеем прадаваць. Бо ў нас жа вучаць толькі аднаму: каб на складзе не было ніякіх запасаў, каб неадкладна адгружалі гатовую прадукцыю. Нават без папярэдняй аплаты — аддавай, каб толькі не валялася на складзе, бо раптам правераць. Вось вам і сакрэт нібыта нізкіх цэнаў».

Ці атрымаў Менск ад Масквы тое, на што спадзяваўся?

Антыкрызісны мэнэджэр Мечыслаў Бурак лічыць, што перамовы па энэргетычных пытаньнях зь візытам у Маскву Міхаіла Мясьніковіча не завершацца. На яго думку, у Крамлі хочуць вытрымаць паўзу, каб, сярод іншага, «праманіторыць» зьменлівы настрой Лукашэнкі — яшчэ нядаўна той дазваляў сабе надзвычай рэзкія выказваньні на адрас кіраўніцтва Расеі:

Няўжо могуць нармальныя людзі паводзіць сябе так на экранах тэлевізараў, каб потым спрабаваць вырашаць глябальныя пытаньні?
«Мяркую, што расейскі бок дагэтуль настроены рашуча, цяпер ідзе асэнсаваньне сытуацыі, як эканамічнае, так і палітычнае. А Лукашэнка гэта адчувае і пачынае паводзіць сябе цалкам неадэкватна. Няўжо могуць нармальныя людзі паводзіць сябе так на экранах тэлевізараў, каб потым спрабаваць вырашаць глябальныя пытаньні? Таму я не перакананы, што ён ці ягоныя падначаленыя будуць здольныя вырашаць такія важныя задачы. Думаю, што рэй тут усё ж будзе весьці Масква. Кожны адэкватны чалавек гэтую сытуацыю разумее».

А вось расейскі палітык Аляксей Астроўскі кажа, што за зьнешнім антуражам нібыта «поўнамаштабнага аднаўленьня міждзяржаўных стасункаў» застаюцца нявырашанымі пытаньні, якія спарадзіў кіраўнік Беларусі. Пасьля паўтара дзясятка гадоў паразытаваньня на Расеі ў абмен на клятвы ў сяброўстве Лукашэнка зноў намагаецца абвесьці Маскву вакол пальца:

«Мы ўжо даўно назіраем за разьвіцьцём беларуска-расейскіх адносінаў, і асабіста для мяне ў цяперашняй неадназначнай сытуацыі няма нічога дзіўнага. Трэба згадаць, што Лукашэнка ўсе гэтыя гады вельмі спрытна выкарыстоўваў гранічна балючую для ўсіх расейцаў і беларусаў тэму братэрства народаў, славянскага адзінства, агульнай гісторыі ў асабістых інтарэсах».

Як лічаць аналітыкі, Лукашэнка яшчэ дасьць нагоду ўспомніць пра свой талент выруліць сытуацыю ў патрэбнае рэчышча, калі справа дойдзе да ўмоваў пра вызваленьне абвінавачаных у «арганізацыі масавых беспарадкаў» грамадзянаў Расеі Арцёма Брэўса і Івана Гапонава. Прынамсі сёньня Ўладзімер Пуцін паабяцаў узьняць тэму арыштаваных расейцаў падчас перамоваў зь Міхаілам Мясьніковічам у фармаце сам-насам.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG