Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Будзе расейская нафтавая формула, а не беларуская»


Наваполацкі НПЗ

Наваполацкі НПЗ

Афіцыйнаму Менску пакуль не ўдалося падпісаць кантракты на пастаўку расейскай нафты ў Беларусь. Гэтае пытаньне паедзе вырашаць у Маскву прэм’ер-міністар Беларусі Міхаіл Мясьніковіч. Тым часам на беларускіх нафтаперапрацоўчых заводах кажуць, што нафтавай сыравіны хопіць толькі да канца месяца.

Пастаўкі расейскай нафты спыненыя ад 1 студзеня гэтага году. Перамовы, якія пачаліся яшчэ на мінулым тыдні, не прынесьлі посьпеху. І цяпер пытаньне выносіцца на ўрадавы ўзровень. У апараце віцэ-прэм’ера Ігара Сечына не раскрываюць сутнасьць спрэчкі і пазыцыю расейскага боку:

«Перамовы ідуць, і таму да заканчэньня перамоваў мы не раскрываем ні сутнасьці, ні дэталяў. Мы не гаворым ні пра пастаўкі, ні пра цэны, ні пра ўмовы».

Узгадняць формулу цаны для беларускіх НПЗ паедзе 20 студзеня ў Маскву прэм’ер-міністар Беларусі Міхаіл Мясьніковіч. Кантракты павінны быць падпісаныя да канца гэтага тыдня, бо на беларускіх НПЗ могуць скончыцца нафтавыя рэзэрвы. Адзін з супрацоўнікаў «Нафтану» спадар Сяргей сказаў «Свабодзе»:

Тое, што агучвалася перад Новым годам з боку кіраўнікоў розных узроўняў наконт гожага падпісаньня дакумэнтаў на пастаўку нафты, насамрэч аказалася проста размовай.
«З нафтай у нас дужа дрэнна. Можа, яе да канца студзеня хопіць, і ўсё! Мы і так працуем не на поўную моц. Многія ўстаноўкі стаяць. Загрузкі нафтай няма належнай — зьбіраюць апошняе: тую, што ад Чавэса, вэнэсуэльскую, што калісь прыйшла, мазуту казахстанскую… А нафты з Расеі, здаецца, і ўвогуле няма. І ніхто ня ведае, што будзе далей».

Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод перайшоў на мінімальную загрузку ўстановак перапрацоўкі нафты. Адзін з адмыслоўцаў прадпрыемства так камэнтуе сытуацыю:

«Тое, што агучвалася перад Новым годам з боку кіраўнікоў розных узроўняў наконт гожага падпісаньня дакумэнтаў на пастаўку нафты, насамрэч аказалася проста размовай. Мінула ўжо амаль 20 дзён новага году, але нічога пэўнага ў нас тут ня бачна. Сядзім, як ля разьбітага карыта, чакаючы, пакуль залатая рыбка нам што-небудзь падкіне. Тых запасаў нафты, якія ёсьць, на гэты тыдзень яшчэ хопіць. А далей — усё, будуць праблемы».

Прэсавы сакратар «Белнафтахіму» Марына Касьцючэнка сказала «Свабодзе», што прадпрыемствы працуюць у нармальным рэжыме і выконваюць асноўную задачу — забясьпечваюць унутраны рынак Беларусі. Таксама яна абвергла інфармацыю, якая зьявілася ў мэдыях, пра тое, што Беларусь нібыта спыніла пастаўкі дызпаліва ў эўрапейскія краіны.

«Пастаўкі працягваюцца, усе кантракты выконваюцца. Наагул, гэтае паведамленьне было вельмі непісьменнае. Напрыклад, там гаварылася, што праз нафтаправод „Дружба“ прапампоўваецца паліва, а ня нафта. Таму такім крыніцам нельга давяраць».

Паводле спадарыні Касьцючэнкі, перамовы працягваюцца, і хутка пытаньне пра пастаўкі нафты вырашыцца.

У мінулым годзе Беларусь і Расея падпісалі пакет пагадненьняў па фармаваньні адзінай эканамічнай прасторы. Расея абавязалася пастаўляць Беларусі бязмытную нафту ўзамен на тое, што беларускі бок будзе пералічваць у расейскі бюджэт экспартнае мыта на нафтапрадукты, выпрацаваныя зь яе нафты. Аднак ад пачатку году нафта не пайшла. Прадстаўніца расейскага Інстытуту энэргетыкі і фінансаў Марыя Бялова адзначыла:

«Гэтыя ўзгодненыя правілы ня леглі ў аснову рэальных кантрактаў. То бок не былі юрыдычна прапісаныя. Кантракты скончыліся, і пастаўкі не ажыцьцяўляюцца».

Маскоўскі палітоляг Кірыл Коктыш адзначыў, што ёсьць розныя вэрсіі цяперашняй спрэчкі.

«Беларускі бок насамрэч вырашыў, што адмена нафтавага мыта будзе азначаць вяртаньне да афшору, які быў дагэтуль. Але той жа расейскі прэм’ер пры падпісаньні гэтага пагадненьня заявіў, што ня трэба думаць, што Расея будзе датаваць беларускія нафтаперапрацоўчыя прадпрыемствы. Зараз кажуць пра тыя 50 даляраў, якія расейскі бок патрабуе дадаць да той нафты, якая будзе пастаўляцца на беларускія НПЗ, каб выраўняць даходнасьць ад гэтай нафты. І другі варыянт, якія цяпер абмяркоўваецца, — нічога не дадаваць да кошту нафты, але ўсю нафту пастаўляць як давальніцкую на беларускія НПЗ. Гэта азначае, што прадпрыемствы будуць зарабляць на перапрацоўцы, але беларускія ўлада ня будзе мець уласных рэсурсаў нафтавых прадуктаў, бо яны будуць забірацца і прадавацца расейскімі нафтавымі кампаніямі. Вось гэтыя два варыянты цяпер абмяркоўваюцца. Пагадненьне нейкае будзе, але гэта будзе, вядома ж, расейская формула, а не беларуская. І Беларусь можа чакаць яшчэ 10 дзён».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG