Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Лёндане аднавілі помнік на магіле Лявона Рыдлеўскага


Лявон Рыдлеўскі быў адным з самых маладых удзельнікаў Слуцкага паўстаньня. У 1920 годзе яму было толькі 17 гадоў. Пасьля задушэньня паўстаньня ён вучыўся ў Празе, дзе быў адным з удзельнікаў беларускага студэнцкага руху. А ў канцы 20-х гадоў ён разам зь Міколам Абрамчыкам выехаў у Францыю.

Адзін з актывістаў беларускай дыяспары ў Лёндане, сябра Рады БНР Мікола Пачкаеў: «У лёсе Лявона Рыдлеўскага ўвасобіўся трагічны лёс усіх змагароў за незалежнасьць Беларускай Народнай Рэспублікі. Ён быў адным з наймаладзейшых удзельнікаў Слуцкага збройнага чыну. Ён пайшоў ваяваць за незалежнасьць БНР, калі яму было 17 гадоў. І яго біяграфія поўная вельмі незвычайных фактаў.

У 1940 годзе ён змог дамагчыся дазволу для беларусаў ваяваць у францускім войску ў складзе спэцыяльнага легіёну. Ён быў толькі адным з каля сарака жаўнераў, якія засталіся пасьля сутыкненьня з Вэрмахтам, але правёў усю Другую сусьветную вайну ў партызанцы. Пасьля вайны ён быў адным з тых, хто спрычыніўся да ўратаваньня каля двухсот беларусаў з Даніі ад выдачы сталінскаму ўраду. Свой жыцьцёвы шлях ён скончыў у Лёндане».

Сярод тых беларусаў, якіх уратаваў Рыдлеўскі, была й Івонка Сурвіла:

Сурвіла: «Я памятаю Лявона Рыдлеўскага з Парыжу. Калі мы туды прыехалі, мне было толькі 12 гадоў. Ён нас спаткаў. Ён тады намі апекаваўся. Ён фактычна быў апекуном усіх новапрыежджых беларусаў у Парыжы. Усім памагаў. Жыў вельмі цяжка, але быў сапраўды адданы свайму народу.
Ён фактычна быў апекуном усіх новапрыежджых беларусаў у Парыжы.


Я сёньня прыехала ў Лёндан спэцыяльна на адкрыцьцё помніка на ягонай магіле. Прыехала таму, што я захопленая гэтым чалавекам і памятаю яго як цудоўнага беларуса. Ён быў ня толькі случчаком, але быў таксама і ў францускай рэзыстанс, змагаўся супраць фашыстаў. Ён дзякуючы сваім знаёмствам быў здольны шмат-шмат памагчы беларусам. Для мяне было шчасьцем прысутнічаць тутака сёньня на адкрыцьці помніка».

Сёньня на могілках Гэмпстэд у Лёндане адбылося адкрыцьцё адноўленага надмагільнага помніка інжынэру Лявону Рыдлеўскаму. Багаслужбу правёў айцец Сяргей Стасевіч. А пазьней у Беларускім доме Згуртаваньне беларусаў Вялікабрытаніі правяло ўрачыстае паседжаньне ў памяць ваяроў Слуцкага збройнага чыну.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG